1 да Карынфянаў 11 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Наследуйце мяне, як і я наследую Хрыста.
 
Будзьце перайманьнікамі ў мяне, як я ў Хрыста.

Хвалю вас, што вы памятаеце пра мяне і захоўваеце тое, што я пераказаў вам.
 
Але хвалю вас, браты, што вы ўсе мае памятуеце, і дзяржыце паданьні, як я падаў вам.

Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны — Хрыстус, галава жанчыны — мужчына, а Хрысту галава — Бог.
 
Хачу таксама, каб вы ведалі, што кажнага мужа галава Хрыстос; галава жончына — муж; а галава Хрыста — Бог.

Кожны мужчына, які моліцца або прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сябе.
 
Каторы муж моліцца альбо праракае з накрытай галавою, сароме галаву сваю.

І кожная жанчына, што моліцца або прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сябе, бо выглядае, як аголеная.
 
А кажная жонка, што моліцца альбо праракае праставалосая, сароме галаву сваю; бо гэта тое самое, як калі б яна была пагаліўшыся.

Калі жанчына не пакрывае галавы, то няхай і абстрыжэцца. Калі стрыгчыся ці галіцца жанчыне сорам, няхай пакрывае сваю галаву.
 
Бо калі жонка ня хоча накрывацца, няхай таксама стрыжэцца; а калі жонцы сорамна быць пастрыжанай альбо паголенай, няхай накрываецца.

Мужчына не павінен пакрываць сабе галаву, бо ён вобраз і адлюстраванне хвалы Божай. Жанчына ж — адлюстраванне хвалы мужчыны.
 
Бо муж ня мае накрываць галавы, бо ён абраз а слава Божая; а жонка — слава мужава.

Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны.
 
Бо ня муж із жонкі, але жонка з мужа;

І не мужчына быў створаны дзеля жанчыны, але жанчына дзеля мужчыны.
 
Бо таксама ня муж створаны дзеля жонкі, але жонка дзеля мужа.

Таму жанчына павінна мець на галаве знак улады над ёю з увагі на анёлаў.
 
Затым і мае мець жонка на галаве сваёй знак улады дзеля ангілаў.

Аднак у Пану няма ні жанчыны без мужчыны, ні мужчыны без жанчыны.
 
Адылі, ані жонка бяз мужа, ані муж бяз жонкі ў Спадару.

Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну, а ўсё ад Бога.
 
Бо як жонка з мужа, так і муж пераз жонку; усе ж — з Бога.

Мяркуйце самі: ці належыць, каб жанчына малілася Богу з непакрытаю галавою?
 
Разважча самы, ці гожа жонцы праставалосай маліцца Богу?

Або ці сама прырода не вучыць нас, што, калі мужчына адрошчвае валасы, то яму ганьба.
 
Ціж сама прырода ня вуча вае, што калі муж мае даўгія валасы, няслава яму гэта;

Але, калі жанчына адрошчвае валасы, для яе гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест пакрыцця.
 
Але калі жонка мае даўгія валасы, ёй слава, бо даўгія валасы даны ёй замест прыкрыцьця.

А калі б хто захацеў спрачацца, то ні мы не маем такога звычаю, ні Касцёлы Божыя.
 
Але калі б хто думаў быць звадлівым, мы ня маем такога звычаю ані цэрквы Божыя.

Даючы гэтыя настаўленні, я не хвалю таго, што вы збіраецеся разам не на карысць, але на шкоду.
 
Але, сулячы гэта, не хвалю, што вы зьбіраецеся ня дзеля лепшага, але дзеля горшага.

Бо, перш за ўсё, я чую, што, калі вы збіраецеся разам як Касцёл, сярод вас паўстае разлад. І ў гэта я часткова веру.
 
Бо, першае, запраўды чую, што, як вы зыходзіцеся на збор, памеж вас бываюць падзелы, чаму часткава й веру.

Бо павінны быць у вас падзелы, каб і выпрабаваныя маглі выявіцца сярод вас.
 
Бо мусяць быць таксама гэрасі памеж вас, каб выявіліся памеж вас узумелыя.

Таму, калі вы збіраецеся дзеля гэтага, то гэта не спажыванне Вячэры Пана,
 
Адлі, як зьбіраецеся, дык ня дзеля вячэры Спадаровае;

бо кожны бярэцца раней з’есці ўласны спажытак. Так адзін застаецца галодным, а другі п’янее.
 
Бо кажны барзьдзіць уперад есьці сваю ежу, і адзін галадуе, а другі п’яны.

Хіба не маеце дамоў, каб есці і піць? Ці вы пагарджаеце Касцёлам Божым і прыніжаеце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас? За гэта не пахвалю!
 
Ціж у вас няма дамоў, каб есьці й піць? Або грэбуеце царквою Божай і сароміце тых, што ня маюць? Што сказаць вам? ці пахваліць вас за гэта? за гэта не пахвалю.

Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб,
 
Бо я прыняў ад Спадара тое, што й перадаў вам, што Спадар Ісус тае ночы, каторае быў выданы, узяў хлеб

узнёс падзяку, паламаў і сказаў: «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць».
 
І, даўшы падзяку, паламіў і сказаў: «Гэта цела Мае, каторае за вас ломіцца; гэта рабіце на Маю намятку».

Таксама ўзяў пасля вячэры келіх, кажучы: «Гэта ёсць келіх новага запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць».
 
Таксама й чару па вячэры, кажучы: «Гэта чара ё новая ўмова ў крыві Маёй, гэта рабіце так часта, як п’іце, на Маю памятку»,

Кожны раз, калі будзеце есці гэты Хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе.
 
Так часта, як вы ясьце хлеб гэты і п’іце чару гэтую, сьмерць Спадарову абяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.

Таму той, хто будзе есці гэты Хлеб ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты ў граху супраць Цела і Крыві Пана.
 
Затым, хто будзе есьці хлеб гэты або піць чару Спадарову ня годна, вінен будзе Цела й Крыві Спадаровае.

Няхай выпрабоўвае сябе чалавек, а потым няхай есць гэты Хлеб і п’е з гэтага келіха.
 
Няхай жа спрабуе сябе людзіна, і гэтак еж із хлеба таго і з чары тае.

Бо хто есць і п’е, не зважаючы на Цела Пана, той есць і п’е на сваё асуджэнне.
 
Бо хто есьць а п’ець ня годна, тый есьць а п’ець засуджэньне сабе, не разважаючы празь Цела.

Праз гэта сярод вас многа слабых ды хворых, і даволі памірае.
 
Ад гэтага шмат хто з вас кволы а хворы і ня мала засынае.

Бо, калі б мы судзілі саміх сябе, то не былі б асуджанымі.
 
Бо, калі б мы судзілі самы сябе, дык ня былі б суджаныя;

Калі ж судзіць нас Пан, то дакарае нас, каб мы не былі асуджаныя разам са светам.
 
Будучы ж суджаныя, мы казьнераныя Спадаром, каб ня былі засуджаныя ізь сьветам.

Таму, браты мае, калі збіраецеся на пасілкі, чакайце адзін аднаго.
 
Затым, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, жджыце адзін аднаго.

Калі хто галодны, няхай есць дома, каб вы не збіраліся на асуджэнне. Іншыя справы вырашу, калі прыйду.
 
Калі хто хоча есьці, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на засуджэньне. Засталае ўладжу, як прыйду.