1 да Карынфянаў 16 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Што датычыць складкі для святых, то рабіце і вы так, як я ўстанавіў у Касцёлах Галатыі.
 
Узглядам збору на сьвятых рабіце так, як я пастанавіў у цэрквах Ґаляцкіх:

У першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае штосьці, калі яму добра вядзецца, каб не збіраць складкі тады, як я прыйду.
 
Першага дня тыдня няхай кажны з вас адкладае дома, кладучы подле можнасьці, каб не тады былі зьбіраньні, як я прыйду.

Калі ж прыйду, то тых, каго вы выберыце, пашлю з лістамі, каб аднеслі ваш дар у Ерузалем.
 
Як жа прыбуду, дык, каторых вы прызнаеце за годных, тых я пашлю зь лістамі даставіць гэту ласку да Ерузаліму.

А калі неабходна будзе і мне пайсці, то пойдуць са мною.
 
А калі лець будзе, каб я таксама пайшоў, яны пойдуць із імною.

Я ж прыйду да вас, калі прайду Македонію.
 
Я прыйду да вас, як прайду Макядоню; бо я йду пераз Макядоню.

У вас, магчыма, затрымаюся, або нават і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.
 
А ў вас, хіба, пажыхару або й перазімую, каб вы мяне праводзілі, куды-лень пайду.

Бо не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходам, але спадзяюся прабыць у вас трохі часу, калі Пан дазволіць.
 
Бо я не хачу бачыцца з вамі цяпер, праходзячы, бо спадзяюся застацца з вамі якісь час, калі Спадар дазволе.

У Эфесе затрымаюся аж да Пяцідзясятніцы,
 
У Ефэсе я застануся да Пяцьдзясятніцы,

бо для мяне адчынены вялікія і шырокія дзверы, і шмат ёсць праціўнікаў.
 
Бо вялікія дзьверы адчыненыя імне, ды моцныя, а праціўнікаў шмат.

Калі прыйдзе да вас Цімафей, глядзіце, каб быў у вас бяспечны, бо ён працуе для справы Пана, як і я.
 
Як прыйдзе да вас Цімох, глядзіце, каб ён быў у вас бяз страху; бо ён паўніць справу Спадарову, як і я.

Таму няхай ніхто не пагарджае ім. Правядзіце яго ў спакоі, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.
 
Дык ніхто ня май яго ўлегцы, але прапусьціце яго із супакоям, каб ён прышоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.

Што да брата Апалоса, то я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас. Ды наогул ён не меў ахвоты ісці цяпер, але прыйдзе, калі яму будзе зручна.
 
А што да брата Аполоса, я вельмі прасіў яго, каб ён із братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не хацеў ісьці цяпер, але прыйдзе тады, як будзе мець добрую прыгоду.

Чувайце, трывайце ў веры, будзьце мужнымі і моцнымі.
 
Будзьце чукавыя, стойце ў веры, будзьце мужныя, дужыя;

Усё ў вас няхай робіцца ў любові.
 
Усе ў вас хай будзе зь любосьцю.

Прашу вас, браты: вы ведаеце сям’ю Стэфана, што яна — першы плод Ахаі, і што яны аддалі сябе на служэнне святым.
 
Прашу вас, браты, — вы знаеце радзіму Сьцепанову, што яна ё першы плод Ахаі, і што яны пасьвяцілі сябе на службу сьвятым, —

Таму і вы будзьце паслухмянымі такім ды кожнаму, хто садзейнічае вам і цяжка працуе.
 
Будзьце й вы падданыя таковым і кажнаму супрацаўню а гарапашніку.

Я рады прыйсцю Стэфана, Фартуната і Ахаіка, бо яны запоўнілі для мяне вашую адсутнасць.
 
Я цешуся з прыбыцьця Сьцепана а Фортуната а Ахаіка, бо яны запоўнілі нястачу вас;

Яны падтрымалі мяне і вас на духу. Таму шануйце такіх.
 
Бо яны пачырсьцьвілі мой дух і ваш, прызнайце такіх.

Вітаюць вас усе Касцёлы Азіі. Вітаюць вас шчыра ў Пану Аквіла і Прысцыла разам з Касцёлам, які збіраецца ў іх доме.
 
Здароваюць вас цэрквы аскія; здароваюць вас шчыра ў Спадару Аквіла а Прыськіла з царквою, што ў доме іхным.

Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.
 
Усі браты здароваюць вас. Здаровайце адно аднаго сьвятым цалаваньням.

Гэта ўласнаручнае маё, Паўла, прывітанне.
 
Здарованьне Паўлава собскаю рукою.

Калі хто не любіць Пана, няхай будзе выключаны з супольнасці. Марана-та!
 
Хто ня любе Спадара, анафема яму, маран-афа.

Ласка Пана Езуса няхай будзе з вамі.
 
Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з вамі,

Любоў мая з усімі вамі ў Хрысце Езусе.
 
І міласьць мая з усімі вамі ў Хрысту Ісусу. Амін.