1 да Карынфянаў 10 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора,
 
Не хачу ж, каб вы, браты, ня ведалі, што айцове нашы ўсі пад булаком былі і ўсі перайшлі пераз мора;

і ўсе акунуліся за Майсеем у воблаку і ў моры,
 
І ўсі хрысьціліся ў Масея ў булаку і ў мору;

і ўсе елі тую самую духоўную ежу,
 
І ўсі елі тую самую духоўную ежу;

і ўсе пілі той самы духоўны напой, бо пілі з духоўнай скалы, што спадарожнічала ім, а скалою быў Хрыстус.
 
І ўсі пілі тый самы духоўны напітак, бо пілі з духоўнае скалы, што йшла за імі; скала ж была Хрыстое.

Аднак большасць з іх не ўпадабаў Бог, таму яны былі загублены ў пустыні.
 
Бог, адылі, не ўпадабаў бальшыні зь іх, бо яны расьцярушыліся па пустыні.

Гэта адбылося як прыклад для нас, каб мы не пажадалі дрэннага, як жадалі яны.
 
Гэта ж сталася як праабразы нам, каб мы ня галіліся на благое, як запраўды пагаліліся яны.

Не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Народ сеў, каб есці і піць, ды ўстаў забаўляцца».
 
І ня будзьце балвахваламі, як некатрыя зь іх, як напісана: «Люд сеў есьці а піць, і ўстаў гуляць».

Не будзем распуснічаць, як некаторыя з іх распуснічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.
 
І не бязульма, як некатрыя зь іх бязулілі, і за адзін дзень загінула іх дваццаць тры тыcячы.

І не выпрабоўвайце Хрыста, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў.
 
Ані спакушайма Хрыста, як некатрыя зь іх спакушалі, і загінулі ад гадаў.

Не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад згубніка.
 
Ані наракайце, як некатрыя зь іх наракалі, і загінулі ад згубцы.

Гэта здарылася з імі як прыклад, бо напісана дзеля павучэння нам, якім выпала жыць у канцы вякоў.
 
Гэта ж усе сталася ім, як праабразы, і напісана на навуку нам, каторых дасяглі апошнія вякі.

Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці.
 
Затым, хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб не паваліцца.

Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць.
 
Вас стрэла спакуса ня іншая, як людзкая; і верны Бог, Каторы не дапусьце вас спакушаць звыш магчымасьці вашае, але із спакусаю дасьць і палёгку, каб вы маглі вытрываць.

Мае ўмілаваныя, уцякайце ад ідалапаклонства.
 
Дык, любовыя мае, уцякайце ад балвахвалства.

Я гавару вам як разумным, а вы разважце самі, што кажу.
 
Я кажу як разумным, разважча, што кажу.

Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста?
 
Чара дабраславеньня, каторую дабраславім, ці ня ёсьць узаем’е крыві Хрыстовае? Хлеб, што ломім, ці ня ёсьць узаем’е цела Хрыстовага?

Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго Хлеба.
 
Бо адзін хлеб, адно цела шмат нас, бо ўсі мы ўчасьнікі аднаго хлеба.

Глядзіце на Ізраэль паводле цела: ці тыя, хто спажывае ахвяры, не з’яўлюцца супольнікамі алтара?
 
Гляньце на Ізраеля подле цела: тыя, што ядуць аброкі, ці ня ўчасьнікі аброчніка?

Што ж кажу я? Ці ахвяра ідалам мае значэнне? Або ідал мае значэнне?
 
Што я кажу? Ці тое, што балван ё што-колечы, або абраканае балваном знача што-колечы?

Не, бо тое, што ахвяруюць, яны ахвяруюць дэманам, а не Богу. Я ж не хачу, каб вы сталі супольнікамі дэманаў.
 
Але што абракаюць пагане, нячысьцікам абракаюць, а ня Богу. А я ня зычу, каб вы былі ў вузаем’ю зь нячысьцікамі.

Вы не можаце піць келіха Пана і келіха дэманаў. Не можаце сядзець за сталом Пана і за сталом дэманаў.
 
Ня можаце піць чары Спадаровае і чары нячысьцікавае, ня можаце быць учасыіікамі столу Спадаровага і столу нячысьцікавага.

Няўжо мы будзем абуджаць зайздрасць Пана? Хіба мы мацнейшыя за Яго?
 
Ці будзем даводзіць Спадара да завісьці? Ці мы дужшыя за Яго?

Усё можна, але не ўсё карысна. Усё можна, але не ўсё будуе.
 
Усе дазволена, але ня ўсе карысна; усе дазволена, але ня ўсе будуе.

Няхай ніхто не шукае свайго, але таго, што карысна для іншага.
 
Ніхто ня шукай свайго, але кажны другога.

Усё, што прадаецца на рынку, ешце без дакораў сумлення,
 
Усе, што прадаецца ў мясных крамах, ежча бязь ніякага выпытаваньня дзеля сумленьня;

бо Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй.
 
Бо «зямля Спадарова, і ўся паўніня яе».

Калі хто з няверуючых запрашае вас, і вы хочаце пайсці, ешце ўсё, што дадуць, без дакораў сумлення.
 
Калі хто зь нявернікаў пазавець вас, і хочаце йсьці, усе, што пасулена вам, ежча бязь ніякага выпытаньня дзеля сумленьня.

Аднак, калі хто скажа вам: «Гэта ахвяра са святыні», не ешце з увагі на таго, хто гэта вам сказаў, і дзеля сумлення.
 
Але калі хто скажа вам: «Гэта балваном абраканае»; дык ня ежча дзеля таго, хто азнайміў вам, і дзеля сумленьня. (Бо зямля Спадарова, і паўніня яе).

Кажу не пра вашае сумленне, а таго чалавека. Бо дзеля чаго маю свабоду будзе асуджаць чыёсьці сумленне?
 
Сумленьне ж разумею не твае, але таго другога; бо чаму мая свабода была б суджана чужым сумленьням?

Калі я з удзячнасцю прымаю ежу, то чаму асуджаюць мяне за тое, што я дзякую?
 
Калі я з падзякаю спажываю, то нашто ганіць мяне за тое, за што я дзякую?

Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую.
 
Дык ці ясьце, ці п’іце, ці што іншае робіце, усе рабіце на славу Божую.

Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага,
 
Ня будзьце спадманою Жыдом, ані Грэкам, ані царкве Божай,

як і я стараюся дагадзіць усім ва ўсім, шукаючы не сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя.
 
Як я гаджу ўсім у вусім, шукаючы карысьці не свае, але шмат чые, каб спасьліся.