1 да Карынфянаў 10 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора,
 
Бо я не хачу, каб вы не ведалі, браты, што нашы бацькі ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора,

і ўсе акунуліся за Майсеем у воблаку і ў моры,
 
і ўсе ў Маісея былі ахрышчаны ў воблаку і ў моры;

і ўсе елі тую самую духоўную ежу,
 
і ўсе елі тую самую духоўную страву;

і ўсе пілі той самы духоўны напой, бо пілі з духоўнай скалы, што спадарожнічала ім, а скалою быў Хрыстус.
 
і ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнай скалы, што ішла за імі, скала ж была — Хрыстос.

Аднак большасць з іх не ўпадабаў Бог, таму яны былі загублены ў пустыні.
 
Але большасць з іх не ўпадабаў Бог; бо яны палеглі ў пустэльні.

Гэта адбылося як прыклад для нас, каб мы не пажадалі дрэннага, як жадалі яны.
 
А гэтыя падзеі сталі прыкладам для нас, каб мы не былі пажадлівыя на ліхое, як захацелі яны.

Не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Народ сеў, каб есці і піць, ды ўстаў забаўляцца».
 
І не рабіцеся ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх; як напісана: «Народ сеў есці і піць, і ўсталі гуляць».

Не будзем распуснічаць, як некаторыя з іх распуснічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.
 
І не будзем рабіць распусты, як некаторыя з іх аддаліся распусце, і ў адзін дзень загінула дваццаць тры тысячы.

І не выпрабоўвайце Хрыста, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў.
 
І не будзем выпрабоўваць Госпада, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў.

Не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад згубніка.
 
І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад знішчальніка.

Гэта здарылася з імі як прыклад, бо напісана дзеля павучэння нам, якім выпала жыць у канцы вякоў.
 
А ўсё гэта адбывалася з імі як прыклад, і напісана гэта было для навучання нас, на якіх сышліся канцы вякоў.

Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці.
 
Так што той, хто думае, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці.

Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць.
 
Вас напаткала выпрабаванне не іншае, як чалавечае; і верны Бог, Які не дапусціць, каб вы былі выпрабаваны звыш таго, што вы можаце, а створыць разам з выпрабаваннем і выйсце, каб вы маглі вытрымаць.

Мае ўмілаваныя, уцякайце ад ідалапаклонства.
 
Таму, улюбёныя мае, уцякайце ад ідалапаклонства.

Я гавару вам як разумным, а вы разважце самі, што кажу.
 
Кажу як разумным: разважце самі, што кажу.

Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста?
 
Чаша дабраславення, якую мы добраслаўляем, ці не ёсць далучэнне да Крыві Хрыстовай? Хлеб, які ламаем, ці не ёсць далучэнне да Цела Хрыстовага?

Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго Хлеба.
 
Таму што адзін хлеб, то мы, многія, — адно цела; бо мы ўсе супольнікі аднаго хлеба.

Глядзіце на Ізраэль паводле цела: ці тыя, хто спажывае ахвяры, не з’яўлюцца супольнікамі алтара?
 
Паглядзіце на Ізраіля паводле цела; ці тыя, хто есць ахвяры, не саўдзельнікі ахвярніка?

Што ж кажу я? Ці ахвяра ідалам мае значэнне? Або ідал мае значэнне?
 
Дык што я кажу? Ці прынесенае ў ахвяру ідалу ёсць нешта, ці што ідал ёсць нешта?

Не, бо тое, што ахвяруюць, яны ахвяруюць дэманам, а не Богу. Я ж не хачу, каб вы сталі супольнікамі дэманаў.
 
Не, але тое, што язычнікі прыносяць у ахвяру, прыносяць у ахвяру дэманам, а не Богу; а я не хачу, каб вы рабіліся саўдзельнікамі дэманаў.

Вы не можаце піць келіха Пана і келіха дэманаў. Не можаце сядзець за сталом Пана і за сталом дэманаў.
 
Не можаце піць чашу Гасподнюю і чашу дэманаў; не можаце быць удзельнікамі стала Госпада і стала дэманаў.

Няўжо мы будзем абуджаць зайздрасць Пана? Хіба мы мацнейшыя за Яго?
 
Ці мы выклікаем у Госпада рэўнасць? Ці мы мацнейшыя за Яго?

Усё можна, але не ўсё карысна. Усё можна, але не ўсё будуе.
 
Усё [мне] дазваляецца, але не ўсё на карысць; усё [мне] дазваляецца, але не ўсё будуе.

Няхай ніхто не шукае свайго, але таго, што карысна для іншага.
 
Няхай ніхто не шукае сваёй карысці, а шукае карысці другога.

Усё, што прадаецца на рынку, ешце без дакораў сумлення,
 
Усё, што прадаецца на мясным рынку, ешце, нічога не высвятляючы — дзеля спакою сумлення.

бо Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй.
 
Бо Гасподняя зямля і тое, што яе напаўняе.

Калі хто з няверуючых запрашае вас, і вы хочаце пайсці, ешце ўсё, што дадуць, без дакораў сумлення.
 
Калі хто з бязверных запрашае вас і вы хочаце ісці, то ўсё, што прапануецца вам, ешце, нічога не высвятляючы — дзеля спакою сумлення.

Аднак, калі хто скажа вам: «Гэта ахвяра са святыні», не ешце з увагі на таго, хто гэта вам сказаў, і дзеля сумлення.
 
Але калі хто скажа вам: «Гэта прыносілася ў ахвяру [ідалам]» — не ешце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумлення — [бо Гасподняя зямля і тое, што яе напаўняе].

Кажу не пра вашае сумленне, а таго чалавека. Бо дзеля чаго маю свабоду будзе асуджаць чыёсьці сумленне?
 
Сумлення, кажу я, не вашага ўласнага, а другога. Бо навошта мая свабода будзе судзіцца сумленнем другога?

Калі я з удзячнасцю прымаю ежу, то чаму асуджаюць мяне за тое, што я дзякую?
 
Калі я прымаю што з удзячнасцю, то чаму мяне ліхасловяць за тое, за што дзякую?

Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую.
 
Дык, ці ясце вы, ці п’яце, ці што-небудзь робіце — усё рабіце на славу Божую.

Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага,
 
Не падавайце спакусы ні іудзеям, ні элінам, ні царкве Божай;

як і я стараюся дагадзіць усім ва ўсім, шукаючы не сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя.
 
як і я ўсім ва ўсім дагаджаю, шукаючы не сваёй карысці, а карысці многіх, каб яны былі ўратаваны.