1 да Карынфянаў 11 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Будзьце маімі пераймальнікамі, як і я — Хрыста.
 
Будзьце перайманьнікамі ў мяне, як я ў Хрыста.

Але хвалю вас, [браты], за тое, што ўсё маё памятаеце і захоўваеце так паданні, як я вам перадаў.
 
Але хвалю вас, браты, што вы ўсе мае памятуеце, і дзяржыце паданьні, як я падаў вам.

Але хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужу — Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог.
 
Хачу таксама, каб вы ведалі, што кажнага мужа галава Хрыстос; галава жончына — муж; а галава Хрыста — Бог.

Кожны мужчына, які моліцца ці прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.
 
Каторы муж моліцца альбо праракае з накрытай галавою, сароме галаву сваю.

А кожная жанчына, якая моліцца ці прарочыць з ненакрытай галавой, сароміць сваю галаву; бо гэта тое самае, як калі б яна была паголеная.
 
А кажная жонка, што моліцца альбо праракае праставалосая, сароме галаву сваю; бо гэта тое самое, як калі б яна была пагаліўшыся.

Бо калі жанчына не накрываецца, то няхай і стрыжэцца; калі ж жанчыне сорамна быць стрыжанай ці паголенай, няхай накрываецца.
 
Бо калі жонка ня хоча накрывацца, няхай таксама стрыжэцца; а калі жонцы сорамна быць пастрыжанай альбо паголенай, няхай накрываецца.

Бо мужчына не павінен накрываць сабе галаву, таму што ён вобраз і слава Бога, а жанчына — слава мужава.
 
Бо муж ня мае накрываць галавы, бо ён абраз а слава Божая; а жонка — слава мужава.

Бо не мужчына з жанчыны, а жанчына з мужчыны;
 
Бо ня муж із жонкі, але жонка з мужа;

бо і не мужчына быў створаны дзеля жанчыны, а жанчына дзеля мужчыны.
 
Бо таксама ня муж створаны дзеля жонкі, але жонка дзеля мужа.

Таму жанчына павінна мець на галаве знак улады дзеля Анёлаў.
 
Затым і мае мець жонка на галаве сваёй знак улады дзеля ангілаў.

Аднак і жанчына не без мужчыны і мужчына не без жанчыны ў Госпадзе;
 
Адылі, ані жонка бяз мужа, ані муж бяз жонкі ў Спадару.

бо як жанчына з мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога.
 
Бо як жонка з мужа, так і муж пераз жонку; усе ж — з Бога.

Разважце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу з ненакрытаю галавою?
 
Разважча самы, ці гожа жонцы праставалосай маліцца Богу?

І ці сама прырода не вучыць вас, што калі мужчына мае доўгія валасы, то для яго гэта — ганьба,
 
Ціж сама прырода ня вуча вае, што калі муж мае даўгія валасы, няслава яму гэта;

а калі жанчына мае доўгія валасы, то для яе гэта слава, таму што доўгія валасы дадзены ёй замест пакрывала?
 
Але калі жонка мае даўгія валасы, ёй слава, бо даўгія валасы даны ёй замест прыкрыцьця.

А калі хто думае паспрачацца, то такога звычаю не маем ні мы, ні цэрквы Божыя.
 
Але калі б хто думаў быць звадлівым, мы ня маем такога звычаю ані цэрквы Божыя.

Але вось які наказ я даю вам і не хвалю вас, што вы збіраецеся не на лепшае, а на горшае.
 
Але, сулячы гэта, не хвалю, што вы зьбіраецеся ня дзеля лепшага, але дзеля горшага.

Бо, па-першае, калі вы збіраецеся ў царкве, чую, што між вас ёсць расколы, я часткова гэтаму веру.
 
Бо, першае, запраўды чую, што, як вы зыходзіцеся на збор, памеж вас бываюць падзелы, чаму часткава й веру.

Бо павінны быць між вас і розныя погляды, каб выявіліся праўдзівыя між вас.
 
Бо мусяць быць таксама гэрасі памеж вас, каб выявіліся памеж вас узумелыя.

Дык калі вы збіраецеся разам, то гэта не значыць прымаць вячэру Гасподнюю;
 
Адлі, як зьбіраецеся, дык ня дзеля вячэры Спадаровае;

бо кожны пры ядзе раней бярэ ўласную вячэру, і адзін бывае галодны, а другі п’яны.
 
Бо кажны барзьдзіць уперад есьці сваю ежу, і адзін галадуе, а другі п’яны.

Ці ж няма ў вас дамоў, каб есці і піць? Ці пагарджаеце царквою Божай і сароміце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Пахваліць вас? За гэта не хвалю.
 
Ціж у вас няма дамоў, каб есьці й піць? Або грэбуеце царквою Божай і сароміце тых, што ня маюць? Што сказаць вам? ці пахваліць вас за гэта? за гэта не пахвалю.

Бо я атрымаў ад Госпада тое, што і перадаў вам, што Госпад Ісус у тую ноч, у якую выдавалі Яго, узяў хлеб
 
Бо я прыняў ад Спадара тое, што й перадаў вам, што Спадар Ісус тае ночы, каторае быў выданы, узяў хлеб

і, падзякаваўшы, разламаў яго і сказаў: «Гэта ёсць Маё Цела, якое за вас [помніцца]; рабіце гэта ва ўспамін пра Мяне».
 
І, даўшы падзяку, паламіў і сказаў: «Гэта цела Мае, каторае за вас ломіцца; гэта рабіце на Маю намятку».

Гэтак жа і чашу пасля вячэры Ён узяў, кажучы: «Гэтая чаша ёсць новы запавет у Маёй Крыві; рабіце гэта кожны раз, калі п’яце яе, — ва ўспамін пра Мяне».
 
Таксама й чару па вячэры, кажучы: «Гэта чара ё новая ўмова ў крыві Маёй, гэта рабіце так часта, як п’іце, на Маю памятку»,

Бо кожны раз, як вы ясце гэты хлеб і п’яце чашу, — вы абвяшчаеце смерць Госпада, пакуль Ён не прыйдзе.
 
Так часта, як вы ясьце хлеб гэты і п’іце чару гэтую, сьмерць Спадарову абяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.

Так што хто будзе есці хлеб і піць чашу Госпада нягодна, той будзе вінаваты перад Целам і Крывёю Госпада.
 
Затым, хто будзе есьці хлеб гэты або піць чару Спадарову ня годна, вінен будзе Цела й Крыві Спадаровае.

Але няхай чалавек выпрабоўвае сябе і так няхай есць ад хлеба і п’е ад чашы.
 
Няхай жа спрабуе сябе людзіна, і гэтак еж із хлеба таго і з чары тае.

Бо хто есць і п’е [нягодна], не распазнаючы, што гэта Цела [Госпада], той есць і п’е прысуд сабе.
 
Бо хто есьць а п’ець ня годна, тый есьць а п’ець засуджэньне сабе, не разважаючы празь Цела.

З-за гэтага між вас шмат слабых і хворых, і нямала памірае.
 
Ад гэтага шмат хто з вас кволы а хворы і ня мала засынае.

Але калі б мы самі сябе судзілі, то нас бы не судзілі;
 
Бо, калі б мы судзілі самы сябе, дык ня былі б суджаныя;

а так нас Госпад судзіць і выхоўвае, каб мы не былі асуджаны з гэтым светам.
 
Будучы ж суджаныя, мы казьнераныя Спадаром, каб ня былі засуджаныя ізь сьветам.

Так што, мае браты, збіраючыся, каб есці, чакайце адзін аднаго.
 
Затым, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, жджыце адзін аднаго.

Калі хто галодны, няхай есць дома, каб не збірацца вам на асуджэнне. Астатняе ж уладжу, як прыйду.
 
Калі хто хоча есьці, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на засуджэньне. Засталае ўладжу, як прыйду.