1 да Карынфянаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча
Няхай так лічыць нас чалавек, як служак Хрыстовых і домакіраўнікоў таямніц Божых.
Дык кажны мае ўважаць нас за слугачых Хрыстовых а вернікаў тайнаў Божых.
Тут, аднак, ад домакіраўнікоў патрабуецца, каб кожны аказаўся верным.
Ад вернікаў жа вымагаюць, каб кажны быў верны.
Але мне найменш абыходзіць, як пра мяне судзіце вы ці чалавечы дзень. Я і сам сябе не суджу.
Імне вельма мала знача, што судзіце празь мяне вы або людзкі суд; я й сам ня суджу празь сябе.
Бо я нічога за сабою не ведаю, але не гэтым я апраўданы, судзіць жа мяне — Госпад.
Бо я нічога ня знаю за сабою, але гэтым не апраўлены; судзьдзя ж імне Бог.
Так што не судзіце нічога заўчасна, пакуль не прыйдзе Госпад, Які і асветліць схаванае ў цемры і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Затым ня судзіце без пары, пакуль ня прыйдзе Спадар, Каторы й асьвеце схаванае ў цемрадзі і выяве рады сэрца, і тады кажны будзе мець пахвалу ад Бога.
І гэта я прыклаў, браты, да сябе і Апалоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудраваць звыш таго, што напісана, і не пышыцца адзін перад адным.
Гэта, браты, прытарнаваў я да сябе а Аполоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудрагеліць звыш тога, што напісана, і не падыймаліся адзін перад адным.
Бо хто цябе вылучае? І што ты маеш, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, чаму хвалішся, як быццам не атрымаў.
Бо хто адрозьнюе цябе? Што ты маеш, чаго б не адзяржаў? А калі адзяржаў, чаму хвалішся, быццам не адзяржаў?
Вы ўжо сытыя, вы ўжо разбагацелі, вы пачалі цараваць без нас. І калі б сапраўды вы царавалі, каб і нам разам з вамі цараваць!
Ужо вы перасыціліся, ужо вы забагацелі, вы радзілі бяз нас. Я хацеў бы, каб вы радзілі, каб мы таксама радзілі з вамі!
Бо, думаю, Бог паставіў нас, апошніх Апосталаў, як асуджаных на смерць, таму што мы зрабіліся відовішчам для свету — і для Анёлаў, і для людзей.
Бо я думаю, што Бог нас, апосталаў, пастанавіў за апошніх, бы на сьмерць прызначаных; бо мы сталі дзівосамі сьвету, ангілам і людзём.
Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы слабыя, а вы моцныя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
Мы дурныя дзеля Хрыста, але вы разважныя ў Хрысту; мы млявыя, але вы моцныя, вы пачэсьлівыя, але мы ў ганьбе.
Аж да гэтага часу мы церпім і голад, і смагу, мы і голыя, і бітыя, і бяздомныя,
Аж дагэтуль прагнем і сьмягнем, і голыя, і бітыя, і бяздомныя,
і працуем, робячы сваімі рукамі; лаюць нас — мы дабраслаўляем; гоняць нас — мы трымаемся,
І працуем, робячы сваімі собскімі рукамі. Абмаўляюць нас, мы дабраславім; перасьлядуюць нас, мы церпім;
зневажаюць нас — мы суцяшаем. Мы зрабіліся як смецце для свету, адкідамі для ўсіх — дагэтуль.
Уражаюць нас, мы молім; мы сталі сьвету, як шумецьце, адкіданыя ўсімі аж дагэтуль.
Не каб пасарамаціць вас, пішу гэта, а каб наставіць на розум як маіх улюбёных дзяцей.
Ня пішу гэта, каб засароміць вас, але каб перасьцерагчы вас, як любовыя дзеці свае.
Бо хоць у вас дзесяць тысяч настаўнікаў у Хрысце, але не шмат бацькоў; бо я ў Хрысце Ісусе нарадзіў вас праз дабравесце.
Бо хоць бы вы мелі дзесяць тысячаў наўчыцеляў у Хрысту, ня шмат, адылі, айцоў; я радзіў вас у Хрысту Ісусу дабравесьцяй.
Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі, [як і я Хрыста].
Затым малю вас: будзьце маімі перайманьнікамі.
Таму я паслаў да вас Цімафея, які ёсць мой сын улюбёны і верны ў Госпадзе, які вам напомніць мае дарогі ў Хрысце [Ісусе], як я ўсюды ў кожнай царкве вучу.
Дзеля таго я паслаў да вас Цімоха, свайго любовага а вернага ў Спадару сына, каторы дамене вам дарогі мае ў Хрысту, як я вучу ўсюдых у кажнай царкве.
А як я не прыходжу да вас, некаторыя заганарыліся.
Некатрыя запыхацелі, як быццам я не маніўся прыйсьці да вас;
Але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і зведаю не словы ганарліўцаў, а сілу.
Але я ўборзьдзе прыйду да вас, калі Бог дазволе, і пазнаю ня словы запыхацелых, але моц,
Бо не ў слове Царства Божае, а ў сіле.
Бо гаспадарства Божае ня ўслове, але ў моцы.
Што вы хочаце? Ці прыйсці мне да вас з дубцом4 ці з любоўю і духам лагоднасці?
Чаго вы хочаце? з дубцом прыйсьці да вас, ці зь міласьцяй і з духам лагоднасьці?