1 да Карынфянаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Яна Станкевіча
Гэтак вось хай кажны ўважае нас за Хрыстусавых слуг і гаспадаруючых над Божымі тайніцамі;
Дык кажны мае ўважаць нас за слугачых Хрыстовых а вернікаў тайнаў Божых.
ад гаспадаруючых-жа вымагаецца, каб кажны аказаўся верным.
Ад вернікаў жа вымагаюць, каб кажны быў верны.
Для мяне то гэта малаважнае як буду суджаны праз вас, ці людзкі асуд, бо й сам сябе ня суджу.
Імне вельма мала знача, што судзіце празь мяне вы або людзкі суд; я й сам ня суджу празь сябе.
Да нічога бо не пачуваюся, хоць гэтым не усправядліўляюся — Госпад маім судзьдзёю.
Бо я нічога ня знаю за сабою, але гэтым не апраўлены; судзьдзя ж імне Бог.
Дык ня судзеце перадчасна, пакуль ня прыйдзе Госпад і не асьветліць скрытага ў цемры ды ня выявіць задумаў сэрц; і тады кажнаму пахвала будзе ад Бога.
Затым ня судзіце без пары, пакуль ня прыйдзе Спадар, Каторы й асьвеце схаванае ў цемрадзі і выяве рады сэрца, і тады кажны будзе мець пахвалу ад Бога.
Браты, гэта дамяркоўваў я да сябе й Апольляга дзеля вас, каб вы на нас вучыліся ня мудраваць больш за тое, што напісана ды не надумаліся пыхаю, выносячыся адзін над другім.
Гэта, браты, прытарнаваў я да сябе а Аполоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудрагеліць звыш тога, што напісана, і не падыймаліся адзін перад адным.
Хто бо цябе адзначвае? Што ты маеш, чагоб не атрымаў? Калі-ж атрымаў, нашто выхваляешся так, якбы не атрымаў?
Бо хто адрозьнюе цябе? Што ты маеш, чаго б не адзяржаў? А калі адзяржаў, чаму хвалішся, быццам не адзяржаў?
Вы ўжо насычаны, ўжо разбагацелі, князюеце без нас, каб-жа й князявалі, ды мы з вамі князяваць маглі!
Ужо вы перасыціліся, ужо вы забагацелі, вы радзілі бяз нас. Я хацеў бы, каб вы радзілі, каб мы таксама радзілі з вамі!
Я бо ўсё думаю, што Бог нас Апосталаў паставіў апошнімі (з-пасярод людзей), моў асуджэнцаў на сьмерць, дыкжа мы сталіся відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.
Бо я думаю, што Бог нас, апосталаў, пастанавіў за апошніх, бы на сьмерць прызначаных; бо мы сталі дзівосамі сьвету, ангілам і людзём.
Мы неразумныя дзеля Хрыстуса, а вы мудрыя ў Хрыстусе; мы немачныя, а вы дужыя; вы ў чэсьці, а мы ў ганьбе.
Мы дурныя дзеля Хрыста, але вы разважныя ў Хрысту; мы млявыя, але вы моцныя, вы пачэсьлівыя, але мы ў ганьбе.
Аж да гэтай пары мы і лакнем, і смагнем, і нагату зносім, і пабоі, і туляньне,
Аж дагэтуль прагнем і сьмягнем, і голыя, і бітыя, і бяздомныя,
і мазоль, самаруч зарабляючы; бэсьцяць нас, а мы дабраспрыяннем адплачваем; робяць напасьць, а мы цярпліва зносім;
І працуем, робячы сваімі собскімі рукамі. Абмаўляюць нас, мы дабраславім; перасьлядуюць нас, мы церпім;
ганьбяць нас, а мы зь любасьцю адпрашваемся; мы сталіся моў сьмецьцем гэтага сьвету, гідасьцю ўсім аж дагэтуль.
Уражаюць нас, мы молім; мы сталі сьвету, як шумецьце, адкіданыя ўсімі аж дагэтуль.
Не каб насароміць вас пішу гэта, але каб даць вам, як дзецям маім найдаражэйшым, напамін.
Ня пішу гэта, каб засароміць вас, але каб перасьцерагчы вас, як любовыя дзеці свае.
Бо хоцьбы вы мелі ў Хрыстусе ўзгадаваўцаў тысячы, то айцоў — ня шмат; я бо ў Хрыстусе Езусе стаўся айцом вашым праз Эванэлію.
Бо хоць бы вы мелі дзесяць тысячаў наўчыцеляў у Хрысту, ня шмат, адылі, айцоў; я радзіў вас у Хрысту Ісусу дабравесьцяй.
Дык прашуж вас: будзьце маімі пасьцежнікамі, як я — Хрыстусавы.
Затым малю вас: будзьце маімі перайманьнікамі.
Таму я й паслаў вам Тымотэя, майго вернага й найдаражэйшага ў Богу сына, ён напомніць вам шляхі мае ў Хрыстусе Езусе, як вучу скрозь у кажнай набожні.
Дзеля таго я паслаў да вас Цімоха, свайго любовага а вернага ў Спадару сына, каторы дамене вам дарогі мае ў Хрысту, як я вучу ўсюдых у кажнай царкве.
Гэтак некаторыя з вас заганарыліся, як быццамбы я ня меў прыйсьці ўжо да вас;
Некатрыя запыхацелі, як быццам я не маніўся прыйсьці да вас;
але я незабаўна к вам прыйду, калі Бог пазволіць, і разузнаю ня словы ганарыстых, а актыўнасьць;
Але я ўборзьдзе прыйду да вас, калі Бог дазволе, і пазнаю ня словы запыхацелых, але моц,
бо валадарства Божае ня ў слове, а ў чыне.
Бо гаспадарства Божае ня ўслове, але ў моцы.
Чаго хочаце: прыйсьці к вам з рознаю, сі зь любасьцю й духам лагоднасьці?
Чаго вы хочаце? з дубцом прыйсьці да вас, ці зь міласьцяй і з духам лагоднасьці?