1 да Карынфянаў 11 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча
Будзьце насьлядоўцамі мне, як і я Хрысту.
Будзьце перайманьнікамі ў мяне, як я ў Хрыста.
Хвалю ж вас, браты, што ўсё маё па́мятаеце і трымаеце пераказы (пераданае мною вам вучэньне дакладна) так, як я перадаў вам.
Але хвалю вас, браты, што вы ўсе мае памятуеце, і дзяржыце паданьні, як я падаў вам.
Хачу ж, (каб) вы ведалі, што кожнаму мужу галава — Хрыстос, галава ж жонцы — муж, Галава ж Хрысту — Бог.
Хачу таксама, каб вы ведалі, што кажнага мужа галава Хрыстос; галава жончына — муж; а галава Хрыста — Бог.
Усякі мужчына (муж), які моліцца альбо прарочыць з накрытаю галавою, сароміць галаву сваю.
Каторы муж моліцца альбо праракае з накрытай галавою, сароме галаву сваю.
Усякая ж жонка, якая моліцца альбо прарочыць зь нянакрытаю галавою, сароміць галаву сваю: бо гэта тое самае, што і з паголенай галавою.
А кажная жонка, што моліцца альбо праракае праставалосая, сароме галаву сваю; бо гэта тое самое, як калі б яна была пагаліўшыся.
Бо калі жонка ня пакрывае галавы сваёй, дык хай тады і абстрыжэ галаву сваю; а калі жонцы сорамна быць абстрыжанай альбо паголенай, хай тады (і) пакрывае галаву сваю.
Бо калі жонка ня хоча накрывацца, няхай таксама стрыжэцца; а калі жонцы сорамна быць пастрыжанай альбо паголенай, няхай накрываецца.
А муж ня павінен пакрываць галаву сваю, бо ён ёсьць вобраз і слава Бога; а жонка зьяўляецца славай мужа.
Бо муж ня мае накрываць галавы, бо ён абраз а слава Божая; а жонка — слава мужава.
Таму што ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа;
Бо ня муж із жонкі, але жонка з мужа;
бо і ня муж створаны дзеля жонкі, але жонка дзеля мужа.
Бо таксама ня муж створаны дзеля жонкі, але жонка дзеля мужа.
Таму жонка павінна мець на галаве (сваёй знак) улады дзеля Ангелаў.
Затым і мае мець жонка на галаве сваёй знак улады дзеля ангілаў.
Але ў Госпадзе (Хрысьце) ні муж бяз жонкі, ні жонка бяз мужа (ня зьяўляюць самазначнай адзінкі).
Адылі, ані жонка бяз мужа, ані муж бяз жонкі ў Спадару.
Бо як (жанчына становіцца) жонкай ад мужа, так і (мужчына становіцца) мужам цераз жонку, і ўсё (гэта) ад Бога.
Бо як жонка з мужа, так і муж пераз жонку; усе ж — з Бога.
Самі разважце, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу зь нянакрытай (галавою)?
Разважча самы, ці гожа жонцы праставалосай маліцца Богу?
Ці ня вучыць вас сама прырода, што калі мужчына гадуе доўгія валасы, то гэта га́ньба для яго.
Ціж сама прырода ня вуча вае, што калі муж мае даўгія валасы, няслава яму гэта;
А калі жанчына гадуе доўгія валасы, гэта для яе слава (знак страху Божага), таму што валасы да́дзены ёй замест покрыва.
Але калі жонка мае даўгія валасы, ёй слава, бо даўгія валасы даны ёй замест прыкрыцьця.
Калі ж хто мае намер (аб гэтым) спрачацца, (дык) мы такога звыча́ю ня маем, і ні цэрквы Бога.
Але калі б хто думаў быць звадлівым, мы ня маем такога звычаю ані цэрквы Божыя.
І даючы гэткі наказ, ня хвалю вас, таму што (вы) зьбіраецеся ня на лепшае, але на горшае.
Але, сулячы гэта, не хвалю, што вы зьбіраецеся ня дзеля лепшага, але дзеля горшага.
Бо, па-першае, калі вы зьбіраецеся ў царкве, чую, што паміж вамі адбываюцца падзелы, і часткова гэтаму веру.
Бо, першае, запраўды чую, што, як вы зыходзіцеся на збор, памеж вас бываюць падзелы, чаму часткава й веру.
Бо належыць пранікаць да вас і гарэзіям, каб сярод вас выявіліся выпрабаваныя.
Бо мусяць быць таксама гэрасі памеж вас, каб выявіліся памеж вас узумелыя.
Таму вы зьбіраецеся ра́зам (такім чынам), (што гэта) ня азначае спажываць вячэру Госпадаву;
Адлі, як зьбіраецеся, дык ня дзеля вячэры Спадаровае;
бо кожны сьпяшаецца першым зьесьці ўласную вячэру, і (такім чынам) адзін застаецца галодным, а другі напіваецца.
Бо кажны барзьдзіць уперад есьці сваю ежу, і адзін галадуе, а другі п’яны.
Хíба няма ў вас дамоў, каб есьці і піць? Ці пагарджаеце царкву Бога і сароміце тых, хто (нічога) ня мае? Што скажу вам? Ці пахваліць вас за гэта? Ня хвалю.
Ціж у вас няма дамоў, каб есьці й піць? Або грэбуеце царквою Божай і сароміце тых, што ня маюць? Што сказаць вам? ці пахваліць вас за гэта? за гэта не пахвалю.
Бо я ад Госпада прыняў (тое), што і вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, у якую быў выдаваны, узяў хлеб
Бо я прыняў ад Спадара тое, што й перадаў вам, што Спадар Ісус тае ночы, каторае быў выданы, узяў хлеб
і, падзякаваўшы (Богу), паламаў і сказаў: прымеце, е́шце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас лама́нае; гэтае рабеце на ўспамін пра Мяне.
І, даўшы падзяку, паламіў і сказаў: «Гэта цела Мае, каторае за вас ломіцца; гэта рабіце на Маю намятку».
Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: «гэта чара ёсьць Новы Запавет у Маёй Крыві; гэта рабіце кожны раз, калі (толькі) п’яце на ўспамін аба Мне».
Таксама й чару па вячэры, кажучы: «Гэта чара ё новая ўмова ў крыві Маёй, гэта рабіце так часта, як п’іце, на Маю памятку»,
Бо кожны раз, калі (вы) ясьце хлеб гэты і п’яце чару гэтую, сьмерць Госпада абвяшчаеце, дакуль (Ён) прыйдзе.
Так часта, як вы ясьце хлеб гэты і п’іце чару гэтую, сьмерць Спадарову абяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
А таму, калі хто есьць хлеб гэты альбо п’е чару Госпада (будучы) нявартым, вінаваты будзе (супраць) Цела і Крыві Госпада.
Затым, хто будзе есьці хлеб гэты або піць чару Спадарову ня годна, вінен будзе Цела й Крыві Спадаровае.
Дык выпрабуй сябе чалавек і такім чынам еш ад хлеба гэтага і пі ад чары гэтай.
Няхай жа спрабуе сябе людзіна, і гэтак еж із хлеба таго і з чары тае.
Бо хто есьць і п’е (будучы) нявартым, той есьць і п’е на засуджэньне сябе, ня ўдумваючыся ў тое, што (гэта) Цела Госпада.
Бо хто есьць а п’ець ня годна, тый есьць а п’ець засуджэньне сабе, не разважаючы празь Цела.
З-за гэтага сярод вас многія слабыя і хворыя, і многія паміраюць.
Ад гэтага шмат хто з вас кволы а хворы і ня мала засынае.
Бо, калі б мы самі сябе судзілі, то ня былí б су́джанымі.
Бо, калі б мы судзілі самы сябе, дык ня былі б суджаныя;
Засуджаныя ж, Госпадам караны бываем, каб (мы) ня былí засуджанымі разам з гэтым сьветам.
Будучы ж суджаныя, мы казьнераныя Спадаром, каб ня былі засуджаныя ізь сьветам.
Таму, браты мае, зьбіраючыся, каб зьесьці (запаветную вячэру), чакайце адзін аднаго.
Затым, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, жджыце адзін аднаго.
Калі ж хто галодны, еш дома, каб ня зьбірацца вам на асуджэньне. А астатняе ўладжу, калі прыйду.
Калі хто хоча есьці, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на засуджэньне. Засталае ўладжу, як прыйду.