1 да Карынфянаў 13 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Калі я гавару мовамі чалаве́чымі і ангельскімі, а любві ня маю, то я ме́дзь зьвінячая ці кімвал гудзячы.
 
Калі я размяўляю мовамі чалавечымі і а́нгельскімі, а любові не ма́ю, то я — медзь, якая звініць, альбо кімвал, які гудзе.

Калі я маю прароцтва, і ве́даю ўсе́ тайны і ўсякае ве́даньне, і калі маю ўсю ве́ру, каб і горы перастаўляць, а ня маю любві, дык я нішто.
 
Калі я маю дар прароцтва, і валодаю усімі тайнамі і ўсімі ведамі, і ма́ю ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а любові не ма́ю, то я — нішто.

І калі я раздам усю маемасьць маю і аддам це́ла маё на спале́ньне, а любві ня маю, дык няма мне́ ніякае карысьці.
 
І калі я раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спале́нне, а любові не ма́ю, то няма мне ніякай карысці.

Любоў це́рціць доўга, міласэрная яна; любоў не завідуе; любоў не вывышшаецца, не надзімаецца,
 
Любоў доўгацярплівая, міласэрная, любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не ганарыцца,

ня буяніць, ня шукае свайго, не гняўліва, ня думае благога,
 
не бясчынствуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не па́мятае зла,

ня радуецца з крыўды, але це́шыцца з праўды.
 
не радуецца няпраўдзе, а радуецца ісціне;

Усё пакрывае, усяму ве́рыць, усяго спадзяе́цца, усё це́рпіць.
 
ўсё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, ўсё пераносіць.

Любоў ніколі ня чэзьне, а вось прароцтвы — і тыя чэзнуць, і мовы змоўкнуць, і ве́да зьніштожыцца.
 
Любоў ніколі не перастае́, хоць і прароцтвы знікнуць, і мовы змоўкнуць, і веды знíкнуць.

Бо мы часткова ве́даем і часткова прарочым;
 
Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;

калі-ж прыдзе дасканалае, тады тое, што часткова, счэзьне.
 
а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне.

Калі я быў дзіцяткам, дык па-дзіцячаму гаварыў, па-дзіцячаму разважаў; я як стаўся мужам, дык пакінуў дзіцячае.
 
Калі я быў дзіцём, то размаўляў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, разважаў па-дзіцячаму; а калі стаў мужчынам, то пазбыўся дзіцячага.

Цяпе́р мы бачым як-бы праз мутнае шкло, дагадваючыся; тады-ж абліччам да аблічча; цяпе́р я пазнаю́ часткова, а тагды пазна́ю гэтак сама, як сам я пазна́ны.
 
Цяпер мы бачым у адлюстраванні, невыразна, а тады — твар у твар; цяпер я ведаю часткова, а тады спазна́ю так, як і я спазна́ны.

А цяпе́р трываюць ве́ра, надзе́я, любоў — гэтыя тры; але большая з іх любоў.
 
Цяпер жа застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры; але найбольшая з іх — любоў.