1 да Карынфянаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Гэтак чалаве́к павінен разуме́ць нас, як служак Хрыстовых і аканомаў тайнаў Божых;
Дык вось, няхай людзі лíчаць нас служыцелямі Хрыстовымі і домаўпра́ўнікамі тайнаў Божых;
ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены ве́рным.
ад домаўпра́ўнікаў жа патрабу́ецца, каб кожны аказаўся верным.
Для мяне́ найме́ншая рэч, як судзіце аба мне́ вы, ці як судзяць людзі; я й сам ня суджу сябе́.
Для мяне вельмі мала значыць, як су́дзіце пра мяне вы або іншыя людзі; я і сам пра сябе не суджу?.
Бо хоць і нічога ня ве́даю за сабою, але ў гэтым не апраўдываюся; судзьдзя-ж мне́ Госпад.
Бо хоць я нічога за сабою не ведаю, але гэтым не апра́ўдваюся; суддзя ж мне Гасподзь.
Дзеля гэтага ня судзіце перадчасна, пакуль ня прыдзе Госпад, які і асьве́ціць схаванае ў це́мры і выявіць думкі сэрцаў; і тагды кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Таму не судзíце зусім да часу, пакуль не прыйдзе Гасподзь, Які і асве́тліць скрытае ў цемры, і вы́явіць намеры сэрцаў, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Гэтае, браты, прыклаў я да сябе́ і Апалёса дзеля вас, каб вы на нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, ды каб не вывышаліся адзін над адным.
Гэта, браты, я вобразна паказаў на сабе і Апалосе дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудрава́ць звыш таго, што напíсана, і каб пыхліва не ўзносілі аднаго перад другім.
Бо хто адзначае цябе́? Што́ ты маеш, чаго-б ня ўзяў? А калі ўзяў, на што хвалішся, як быццам ня браў?
Бо хто вылуча́е цябе́ І што́ маеш ты, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, то чаго хвалішся, быццам не атры́мліваў?
Вы ўжо сытыя, ужо разбагаце́лі, пачалі цараваць бяз нас. О, каб вы зацаравалі, каб і нам з вамі царыць!
Вы ўжо насы́ціліся, вы ўжо разбагацелі, без нас вы сталі царава́ць; о, калі б вы сапраўды сталі царава́ць, каб і мы разам з вамі царава́лі!
Бо я думаю, што Бог нас, Апосталаў, за апошніх паставіў, як бы на сьме́рць засуджаных; бо мы сталіся як-бы відовішчам для сьве́ту, для ангелаў і для людзе́й.
Бо думаю, што Бог паставіў нас, апосталаў, апошнімі, як бы асу́джанымі на смерць; таму што мы сталі відовішчам для свету, для Ангелаў і для людзей.
Мы — дурныя дзеля Хрыста, а вы — мудрыя ў Хрысьце́; мы слабыя, а вы дужыя; вы слаўныя, а мы ў няславе.
Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы сла́быя, а вы моцныя; вы ў славе, а мы ў пага́рдзе.
Навет да цяпе́рашняе гадзіны мы це́рпім голад і смагу, мы нагія, і б’юць нас, і бадзяемся,
Да цяперашняга часу мы і голад, і смагу церпім, мы і голыя, і пабітыя, і бяздомныя,
і працуем, робячы сваімі рукамі. Абмаўляныя, мы багаславім; перасьле́даваныя, мы це́рпім;
і працуем, робячы ўсё сваімі рукамі. Нас абражаюць — мы благаслаўляем; нас гоняць — мы трываем;
зьняважа́ныя, мы молімся. Мы сталіся, як сьмяцьцё сусьве́тнае, як пыл для ўсіх да цяпе́р.
нас зневажа́юць — мы суцяша́ем; мы сталі сме́ццем для свету, адкíдамі для ўсіх аж дагэтуль.
Не на тое, каб пастыдзіць вас, пішу гэтае, але як умілаваных маіх дзяце́й перасьцерагаю.
Не для таго, каб пасароміць вас, пішу гэта, а як дзяцей маіх узлюбленых настаўляю.
Бо, хаця-б вы тысячы настаўнікаў ме́лі ў Хрысьце́, але айцоў нямнога: бо я спарадзіў вас у Хрысьце́ Ісусе праз Эвангельле.
Бо хоць і тысячы настаўнікаў вы маеце ў Хрысце, але айцоў не многа; я нарадзіў вас у Хрысце Іісусе праз дабраве́сце.
Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
Таму прашу вас, будзьце перайма́льнікамі маімі, як я — Хрыста.
Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімахве́я, які ёсьць дзіця мае́ ўмілаванае і ве́рнае ў Госпадзе, і ён напомніць вам шляхі мае́ ў Хрысьце Ісусе, як я ўсюды ў-ва ўсякай царкве́ навучаю.
Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, майго ўзлюбленага і вернага ў Госпадзе сына, які вам нагада́е пра шляхі мае́ ў Хрысце Іісусе, як я ўсюды, у кожнай царкве, вучу.
Як быццам я ня маю прыйсьці да вас, гэтак некаторыя з вас загардзе́лі;
Паколькі я не іду да вас, то некаторыя з вас заганары́ліся;
але я хутка прыйду да вас, калі захоча Госпад, і распазнаю ня словы гардуноў, а сілу,
але я неўзаба́ве прыйду да вас, калі Госпаду будзе ўгодна, і зведаю не словы ганарліўцаў, а сілу;
бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
бо Царства Божае не ў слове, а ў сіле.
Чаго хочаце? з дубцом прыйсьці да вас, ці з любоўю і духам лагоднасьці?
Чаго вы хочаце́ з розгаю мне прыйсці да вас ці з любоўю і духам лагоднасці?