Да Габрэяў 6 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999
Дык, пакінуўшы пачатак Хрыстовага слова, пасьпяшайма да дасканаласьці, не кладучы ізноў падставы дзеля пакаяньня ад мёртвых дзе́л і ве́ры ў Бога,
Дзеля таго, мінуўшы пачаткі слова Хрыстовага, уздымемся да справаў больш дасканалых, не бяручыся зноў закладваць падмуркі адносна пакуты за мёртвыя ўчынкі і адносна веры ў Бога,
навукі аб хрышчэньнях, і аб ускладаньні рук, і аб уваскрасе́ньні мёртвых, і аб судзе́ ве́чным.
навукі аб хросьце, а таксама ўскладаньня рук, уваскрасеньня мёртвых і вечнага суду.
І зробім гэтае, калі Бог дазволіць.
І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
Бо немагчыма тых, што раз былі прасьве́чаны, і паспробавалі дару нябе́снага, і сталіся супольнікамі Духа Сьвятога,
Немагчыма бо ёсьць, каб тыя, што ўжо раз былі асьвечаны, што таксама пакаштавалі дару нябеснага ды сталіся ўдзельнікамі Духа Сьвятога,
і пакаштавалі добрага слова Божага і сілаў будучага ве́ку
якія добра пакаштавалі Божае Слова і магутнасьць будучага веку,
ды адпалі, — ізноў абнаўляць ка́яньнем, калі яны йзноў раскрыжоўваюць у сабе́ Сына Божага і зьдзе́куюцца над Ім.
ды адпалі, маглі быць адноўленыя да пакуты. Крыжуюць вось яны зноў у саміх сабе Сына Божага і зьневажаюць Яго.
Бо зямля, якая п’е́ дождж, што часта зыходзе на яе́, і родзіць расьліну, карысную для тых, хто са́дзіць яе́, — дастае́ багаслаўле́ньне ад Бога;
Бо зямля, поеная частым дажджом і родзячая расьліны на карысьць тым, якія яе абрабляюць, атрымлівае багаславенства ад Бога.
тая-ж, што прыносіць це́рні й пустазе́льле, нікчэмная і блізкая да праклёну: кане́ц яе́ — на спале́ньне.
А калі родзіць церні і пустазельле, дык яна — непрыдатная і на праклён, і канец яе — спаленьне.
Мы-ж спадзяе́мся ад вас, умілаваныя, ле́пшага і маючага збаўленьне, хаця й гаворым гэтак.
Спадзяемся адносна вас, найдаражэйшыя, што вы лепшыя і бліжэйшыя збаўленьня, хоць мы і гаворым гэтак.
Бо Бог не несправядлівы, каб забыўся аб дзе́ле вашым і працы любві, якую вы выявілі дзеля іме́ньня Яго, калі служылі і служыце сьвятым.
Бог бо справядлівы і не забудзецца ўчынкаў вашых і любові, якую выказалі вы дзеля імя Ягонага, паслугаваўшы і паслугуючы сьвятым.
Хочам жа, каб кожны з вас выяўляў такую-ж рупнасьць аб цьвёрдую надзе́ю даканца;
Жадаем вам, каб кожны з вас выявіў руплівасьць у дасканаленьні надзеі аж да канца,
каб ня стацца вам лянівымі, але насьлядава́ць тых, што ве́раю і доўгацярплівасьцяй бяруць у спадчыну абяцаньне.
каб ня сталіся вы лянівымі, але сапраўднымі пасьлядоўнікамі тых, якія вераю і цярплівасьцю бяруць у спадчыну абяцаньне.
Бо Бог, прыракаючы Аўрааму, ня маючы клясьціся нікім вышэйшым, кляўся Самым Сабою,
Бо Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, ня маючы нікога вышэйшага, каб мог на яго прысягнуць, пакляўся самім сабою,
кажучы: Запраўдным багаслаўле́ньнем пабагаслаўлю́ цябе́ і, памнажаючы, памножу цябе́ (Быцьцё 22:17).
кажучы: "Багаслаўляючы, багаслаўляю цябе і, памнажаючы, памножу цябе".
Дык вось (Аўраам), як доўгацярплівы, атрымаў абяцанае.
І так (Абрагам), доўгі час чакаючы, атрымаў абяцанае.
Бо людзі клянуцца вышэйшым, і кожнае спрэчкі між імі кане́ц на сцьвярджэньне — прысяга.
Людзі бо на вышэйшага ад сябе запрысягаюцца, і кожная спрэчка паміж імі канчаецца прысягаю на завярэньне.
Дзеля гэтага й Бог, хочучы бале́й паказаці насьле́днікам прырачэньня нязьме́ннасьць волі Свае́й, ужыў прысягу,
Дзеля таго і Бог, хочучы спадкаемцам абяцаньня падкрэсьліць непарушнасьць свайго намеру, скарыстаўся прысягай,
каб у дзьвёх нязьме́нных рэчах, у якіх для Бога зманіць немагчыма, ме́лі крэпкае пацяшэньне, прыбе́гшы ўзяці надзе́ю, што перад намі ляжыць,
каб праз дзьве нязьменныя рэчы, у якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мелі мы моцную пацеху, мы, што хістаючыся, хапаем дадзеную нам надзею,
якую ма́ем, як я́кар душы, бясьпе́чную, пэўную, і ўваходзіць яна ў самае нутраное за заслону,
якую маем як якар душы, бясьпечны і пэўны, які пранікае аж за заслону,
куды, як наш папярэднік, увайшоў Ісус, стаўшыся Архірэем наве́к паводле уставу Мэльхісэдэкавага.
куды за нас як папярэднік увайшоў Езус, на ўзор Мэльхісэдэха стаўшыся Першасьвятаром навек.