Да Габрэяў 9 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Дык жа і пе́ршая скінія ме́ла уставы служэньня і сьвятыню зямную.
 
Меў, праўда, і першы запавет пастановы служэньня і зямную сьвятыню.

Бо скінія, тая пе́ршая, была збудаваная, і ў ёй сьве́тач і стол, і складаньне хлябоў, ды заве́цца яна Сьвятая.
 
Была гэта палатка пастаўленая, у першай частцы якой, называнай (месцам) Сьвятым знаходзіўся сьвечнік, стол і хлябы пакладныя.

За другой жа заслонай скінія, зва́ная Сьвятое Сьвятых,
 
А за другой заслонай знаходзілася другая палатка, якая звалася "Сьвятое з сьвятых",

што ме́ла залатую кадзільню і абкла́дзены з усіх бакоў золатам карабе́ль запаве́ту, у якім залатая судзіна з маннай ды па́ліца Ааронава, што расцьвіла, і табліцы запаве́ту,
 
у якой быў залаты кадзільнік і каўчэг запавету, абложаны з кожнага боку золатам, у якім была залатая пасудзіна з маннай і кій Аарона, які расьцвіў, ды табліцы запавету,

а над ім Хэрувімы славы, ацяняючы ачысьцільню: аб іх ня сьле́д цяпе́р гаварыць падрабязна.
 
а зьверху над каўчэгам былі херубіны славы, ацяняючыя перамольню. Аб гэтым падрабязна няма патрэбы цяпер гаварыць.

Калі-ж гэта так нала́джана, дык у пе́ршую скінію заўсёды ўваходзяць сьвяшчэньнікі адпраўляць службу,
 
Так вось было ўсё паложана, і да перашай часткі скініі заўсёды ўваходзяць сьвятары, адпраўляючы служэньне сьвятое.

а ў другую — раз у год адзін толькі архірэй, не бяз крыві, якую прыносіць за сябе́ і за няве́даньне народу.
 
Да другой жа часткі скініі толькі раз у год адзін першасьвятар уваходзіў, ды не без крыві, якую складаў у ахвяры за свае грахі і за грахі свайго народу.

Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, дакуль стаіць пе́ршая скінія,
 
Гэтым паказвае Дух Сьвяты, што яшчэ не адкрыта дарога да Сьвятога (месца), пакуль стаіць ранейшая палатка.

якая ёсьць абра́з цяпе́рашняга часу, калі прыносяцца дары й ахвяры, якія ня могуць зрабіць дасканалым паводле сумле́ньня таго, хто служыць,
 
Гэта сымбаль цяперашняга часу, у якім складаныя дары і ахвяры ня могуць зрабіць дасканалым сумленьне таго, які служыць,

якія толькі ў стравах і напітках ды розных абмываньнях і установах це́ла, ды пастаўлены аж да часу направы.
 
і адносіцца яно толькі да ежы, пітва, усялякіх абмываньняў паводле зьнешніх пастановаў, пастаўленых да часу выпраўленьня.

Але Хрыстос, зьявіўшыся, як Архірэй будучага дабра́, з большаю й дасканальшаю скініяй, нерукатворнаю, гэта ёсьць не такое будовы,
 
Але Хрыстос, зьявіўшыся як Першасьвятар будучых даброцьцяў, праз вышэйшую і дасканалейшую, і не рукой, значыць, не на гэтым сьвеце, пастаўленую скінію,

ды ня з крывёю казлоў і цяля́т, але з уласнай крывёю, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы ве́чнае адкупле́ньне.
 
і не праз кроў казлоў і быкоў, але праз уласную кроў увайшоў раз і на заўсёды ў (месца) Сьвятое, здабыўшы вечнае адкупленьне.

Бо, калі кроў быкоў і кароў ды попел каровы, акрапляючы апага́неных, асьвячае на чыстасьць це́ла,
 
Бо калі кроў казлоў і валоў разам з попелам цяліцы, калі пакрапіць імі, усьвячае нячыстых, даючы ачышчэньне цела,

дык наколькі бале́й кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе́ беззаганнага Богу, ачы́сьціць сумле́ньне вашае ад мёртвых дзе́л, дзеля служэньня Богу Жывому?
 
дык тым больш кроў Хрыста, які ахвяраваў самога сябе Богу праз Духа Сьвятога, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых учынкаў, каб служыць Богу жывому.

Дзеля гэтага Ён ёсьць пасярэднік новага запаве́ту, каб, як ста́нецца сьме́рць дзеля адкупле́ньня ад праступкаў, што́ ў пе́ршым запаве́це, тыя, што пакліканы да ве́чнае спадчыны, дасталі абяца́нае.
 
Вось таму Ён ёсьць Пасярэднік Новага Запавету, каб праз сьмерць адкупіць злачынствы, дапушчаныя пры першым запавеце, і каб пакліканыя да вечнай спадчыны даступіліся да абяцанага.

Бо дзе таста́мант, там мусіць прыйсьці сьме́рць адказываючага,
 
Бо там, дзе ёсьць запавет, там павінна прыйсьці сьмерць таго, хто гэты запавет састаўляе.

бо запаве́т ма́е сілу пасьля паме́ршых: ён ня ма́е сілы, пакуль жыве́ той, хто адказывае.
 
Запавет толькі пасьля сьмерці набірае правамоцнасьць, іначай ён ня мае вартасьці, пакуль жыве той, хто яго саставіў.

Дык і пе́ршы быў замацаваны не бяз крыві.
 
Таму і першы запавет быў зацьверджаны не без крыві.

Бо, як былі сказаны Майсе́ем усе́ за́паведзі па закону ўсяму народу, ён, узяўшы кроў цяля́т і казлоў з вадою ды воўнай чырвонай ды гізопам, акрапіў і самую кнігу, і ўве́сь народ,
 
Калі ўжо Маісей абвясьціў усяму народу ўсе прыказаньні закону, узяў (ён) кроў казлоў і быкоў з вадой, воўнай чырвонай і гізопам, і пакрапіў як саму кнігу, так і ўвесь народ,

кажучы: Гэта кроў запаве́ту, які паклаў вам Бог (Выхад 24:8).
 
кажучы: "Гэта кроў запавету, які Бог вам загадаў".

Гэтак сама акрапіў крывёю і скінію, і ўсё судзьдзе дзеля служэньня.
 
Падобным спосабам пакрапіў крывёй таксама і скінію, і ўсе начыньні, прызначаныя для служэньня.

Ды бадай усё па закону ачышчаецца крывёй, і без праліцьця крыві ня бывае́ адпушчэньня.
 
І амаль усё па закону крывёй ачышчаецца, і без праліцьця крыві няма адпушчэньня.

Дык і трэба было, каб абразы́ нябе́снага ачышчаліся гэтымі, а са́мае нябе́снае — ле́пшымі за гэтыя ахвярамі.
 
З гэтага вынікае, што вобразы рэчаў нябесных у такі спосаб былі ачышчаны, а самыя рэчы нябесныя патрабавалі шмат дасканалейшых, чым тыя, ахвяраў.

Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворную сьвятыню, на ўзор праўдзівае збудаваную, але ў са́мае не́ба, каб зьявіцца цяпер абліччу Божаму за нас;
 
Хрыстос жа ўвайшоў не ў сьвятыню, пастаўленую рукамі людзей, будучай адбіткам праўдзівай, але ў самае неба, каб адтуль заступацца за нас у прысутнасьці Бога,

і не дзеля таго, каб мнагакро́тна прынасіць Сябе́, як кожын год уваходзіць архірэй у сьвятыню з чужою крывёй,
 
ды не па тое, каб меў часта ахвяроўвацца як першасьвятар, які што год уваходзіць у Сьвятое з Сьвятых з чужой крывёю,

(бо трэба-б Яму мнагакротна цярпе́ць мукі ад пачатку сьве́ту), а Ён адзін раз на канцы вякоў зьявіўся дзеля зьнішчэньня грэху Свае́й ахвярай.
 
інакш цярпеў бы там многа разоў ад заснаваньня сьвету. А вось Ён раз аб'явіўся ў гэты час перад канцом сьвету дзеля зьнішчэньня грахоў праз ахвяраваньне самога сябе.

І як людзям назна́чана раз паме́рці, а пасьля суд, —
 
І як ўстаноўлена людзям раз памерці, а пасьля — суд,

гэтак і Хрыстос, раз прыне́сшы Сябе́ ў ахвяру, каб панясьці грахі многіх, другі раз бяз грэху зьявіцца тым, што чакаюць Яго, на збаўле́ньне.
 
так і Хрыстос адзін раз быў ахвяраваны дзеля зьнішчэньня грахоў многіх, а другі раз зьявіцца бяз грэху дзеля збаўленьня тых, якія Яго чакаюць.