Да Габрэяў 9 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Дык жа і пе́ршая скінія ме́ла уставы служэньня і сьвятыню зямную.
 
Дык вось і першы запавет меў пастановы богаслужэння, і зямное свяцілішча.

Бо скінія, тая пе́ршая, была збудаваная, і ў ёй сьве́тач і стол, і складаньне хлябоў, ды заве́цца яна Сьвятая.
 
Бо зроблена была скінія, першая, у якой былі і светач, і стол, і хлябы прапановы, тая, якая завецца «Свяцілішча»,

За другой жа заслонай скінія, зва́ная Сьвятое Сьвятых,
 
а за другой заслонаю — скінія, што называецца «Святое Святых»,

што ме́ла залатую кадзільню і абкла́дзены з усіх бакоў золатам карабе́ль запаве́ту, у якім залатая судзіна з маннай ды па́ліца Ааронава, што расцьвіла, і табліцы запаве́ту,
 
якая мела залатую кадзільніцу і каўчэг запавету, пакрыты з усіх бакоў золатам, а ў ім залатая пасудзіна з маннаю, і расквітнелае жазло Ааронава, і скрыжалі запавету,

а над ім Хэрувімы славы, ацяняючы ачысьцільню: аб іх ня сьле́д цяпе́р гаварыць падрабязна.
 
а над ім — херувімы славы, што ахіналі месца змілавання, пра што цяпер не час казаць падрабязна.

Калі-ж гэта так нала́джана, дык у пе́ршую скінію заўсёды ўваходзяць сьвяшчэньнікі адпраўляць службу,
 
І калі ўсё гэта так зроблена, у першую скінію святары заўсёды ўваходзяць, адпраўляючы службу,

а ў другую — раз у год адзін толькі архірэй, не бяз крыві, якую прыносіць за сябе́ і за няве́даньне народу.
 
а ў другую — толькі першасвятар адзін раз у год, прытым не без крыві, якую ён прыносіць за сябе і за грахі няведання народа.

Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, дакуль стаіць пе́ршая скінія,
 
І тым самым Святы Дух паказвае, што яшчэ не адкрытая дарога ў святое святых, пакуль стаіць першая скінія.

якая ёсьць абра́з цяпе́рашняга часу, калі прыносяцца дары й ахвяры, якія ня могуць зрабіць дасканалым паводле сумле́ньня таго, хто служыць,
 
Яна ёсць вобраз для цяперашняга часу, згодна з якой прыносяцца дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць таго, хто пакланяецца, дасканалым паводле сумлення,

якія толькі ў стравах і напітках ды розных абмываньнях і установах це́ла, ды пастаўлены аж да часу направы.
 
бо складаюцца толькі з яды, пітва і розных абмыванняў, неабходных для цела, ускладзеных да часу выпраўлення.

Але Хрыстос, зьявіўшыся, як Архірэй будучага дабра́, з большаю й дасканальшаю скініяй, нерукатворнаю, гэта ёсьць не такое будовы,
 
Але Хрыстос, прыйшоўшы як Першасвятар здзейсненага5 дабра, праз большую і дасканалейшую скінію, нерукатворную, гэта значыць не гэтай пабудовы,

ды ня з крывёю казлоў і цяля́т, але з уласнай крывёю, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы ве́чнае адкупле́ньне.
 
і не праз кроў казлоў і цялят, але праз Сваю уласную кроў, увайшоў раз і назаўсёды ў святое святых, здабыўшы вечны выкуп.

Бо, калі кроў быкоў і кароў ды попел каровы, акрапляючы апага́неных, асьвячае на чыстасьць це́ла,
 
Бо, калі кроў казлоў і быкоў і попел цялушкі, акрапляючы апаганеных, асвячаюць, каб было чыстае цела,

дык наколькі бале́й кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе́ беззаганнага Богу, ачы́сьціць сумле́ньне вашае ад мёртвых дзе́л, дзеля служэньня Богу Жывому?
 
тым больш Кроў Хрыста, Які праз Вечнага6 Духа прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысціць наша сумленне ад мёртвых учынкаў, каб служыць жывому [і праўдзіваму] Богу.

Дзеля гэтага Ён ёсьць пасярэднік новага запаве́ту, каб, як ста́нецца сьме́рць дзеля адкупле́ньня ад праступкаў, што́ ў пе́ршым запаве́це, тыя, што пакліканы да ве́чнае спадчыны, дасталі абяца́нае.
 
І таму Ён Пасрэднік новага запавету, каб праз смерць, панесеную Ім дзеля выкупу ад злачынстваў пры першым запавеце, тыя, што пакліканыя, атрымалі абяцаную вечную спадчыну.

Бо дзе таста́мант, там мусіць прыйсьці сьме́рць адказываючага,
 
Бо дзе завяшчанне, там неабходна, каб настала смерць завяшчальніка;

бо запаве́т ма́е сілу пасьля паме́ршых: ён ня ма́е сілы, пакуль жыве́ той, хто адказывае.
 
бо завяшчанне сапраўднае пасля памерлых, паколькі яно ніколі не мае моцы, калі жывы завяшчальнік.

Дык і пе́ршы быў замацаваны не бяз крыві.
 
Таму і першы запавет быў уведзены не без крыві;

Бо, як былі сказаны Майсе́ем усе́ за́паведзі па закону ўсяму народу, ён, узяўшы кроў цяля́т і казлоў з вадою ды воўнай чырвонай ды гізопам, акрапіў і самую кнігу, і ўве́сь народ,
 
бо калі Маісей абвясціў кожную запаведзь паводле закона ўсяму народу, ён, узяўшы кроў цялят і казлоў з вадою, барвоваю воўнаю і ісопам, акрапіў і самую кнігу запавету і ўвесь народ,

кажучы: Гэта кроў запаве́ту, які паклаў вам Бог (Выхад 24:8).
 
кажучы: «Гэта кроў запавету, які запаведаў вам Бог».

Гэтак сама акрапіў крывёю і скінію, і ўсё судзьдзе дзеля служэньня.
 
І акрапіў таксама крывёю і скінію, і ўвесь службовы посуд.

Ды бадай усё па закону ачышчаецца крывёй, і без праліцьця крыві ня бывае́ адпушчэньня.
 
І амаль усё ачышчаецца крывёю паводле закона і без праліцця крыві не бывае даравання.

Дык і трэба было, каб абразы́ нябе́снага ачышчаліся гэтымі, а са́мае нябе́снае — ле́пшымі за гэтыя ахвярамі.
 
Таму неабходна было, каб вобразы таго, што ў нябёсах, ачышчаліся гэтым, а само нябеснае — лепшымі ахвярамі, чым гэтыя.

Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворную сьвятыню, на ўзор праўдзівае збудаваную, але ў са́мае не́ба, каб зьявіцца цяпер абліччу Божаму за нас;
 
Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворнае свяцілішча, адбітак сапраўднага, а ў самае неба, каб цяпер з’явіцца перад абліччам Божым за нас;

і не дзеля таго, каб мнагакро́тна прынасіць Сябе́, як кожын год уваходзіць архірэй у сьвятыню з чужою крывёй,
 
і не дзеля таго, каб Яму шматразова прыносіць у ахвяру Сябе, гэтак жа як першасвятар штогод уваходзіць у святое святых з чужою крывёю;

(бо трэба-б Яму мнагакротна цярпе́ць мукі ад пачатку сьве́ту), а Ён адзін раз на канцы вякоў зьявіўся дзеля зьнішчэньня грэху Свае́й ахвярай.
 
інакш належала б Яму шматразова пакутаваць ад пачатку свету; цяпер жа, у канцы вякоў, Ён з’явіўся адзін раз дзеля знішчэння граху Сваёю ахвяраю.

І як людзям назна́чана раз паме́рці, а пасьля суд, —
 
І як належыць людзям адзін раз памерці, а пасля гэтага — суд,

гэтак і Хрыстос, раз прыне́сшы Сябе́ ў ахвяру, каб панясьці грахі многіх, другі раз бяз грэху зьявіцца тым, што чакаюць Яго, на збаўле́ньне.
 
так і Хрыстос, адзін раз будучы прынесены ў ахвяру, каб узнесці грахі многіх, другі раз з’явіцца не для ачышчэння граху, а для тых, хто чакае Яго для выратавання.