Да Габрэяў 9 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Першая ж таксама запраўды мела загады службы і сьвятыні земнае;
 
Дык вось і першы запавет меў пастановы богаслужэння, і зямное свяцілішча.

Бо зроблена была вітальня першая, у каторай сьветач а стол а пакладаньне букаткаў, каторая завецца «Сьвятое».
 
Бо зроблена была скінія, першая, у якой былі і светач, і стол, і хлябы прапановы, тая, якая завецца «Свяцілішча»,

За другой жа запонаю вітальня, званая «Сьвятое Сьвятых»,
 
а за другой заслонаю — скінія, што называецца «Святое Святых»,

У каторай залатая кадзільніца і скрыня змовы, абкладзеная з усіх бакоў золатам, у каторай ваза залатая з маннаю, расьцьвілы посах Ааронаў а дошчачкі змовы;
 
якая мела залатую кадзільніцу і каўчэг запавету, пакрыты з усіх бакоў золатам, а ў ім залатая пасудзіна з маннаю, і расквітнелае жазло Ааронава, і скрыжалі запавету,

А над ёй херувы славы, што ахіналі сялібу міласэрдзя. Праз гэта няма патрэбы цяпер гукаць падрабязна.
 
а над ім — херувімы славы, што ахіналі месца змілавання, пра што цяпер не час казаць падрабязна.

То ж, як гэтак зроблена, у першую вітальню заўсёды ўходзяць сьвятарове, правіць службу;
 
І калі ўсё гэта так зроблена, у першую скінію святары заўсёды ўваходзяць, адпраўляючы службу,

А ў другую — адно найвышшы сьвятар аднойчы ў год, не бяз крыві, каторую абракае за сябе і за нясьведам’е люду.
 
а ў другую — толькі першасвятар адзін раз у год, прытым не без крыві, якую ён прыносіць за сябе і за грахі няведання народа.

Дух Сьвяты паказуе гэтым, што яшчэ не адкрыта дарога да Сьвятога Сьвятых, пакуль стаіць першая вітальня,
 
І тым самым Святы Дух паказвае, што яшчэ не адкрытая дарога ў святое святых, пакуль стаіць першая скінія.

Каторая — абраз цяперашняга часу, у каторым абракаюць дары а аброкі, што ня могуць учыніць абракаючага дасканальным у сумленьню,
 
Яна ёсць вобраз для цяперашняга часу, згодна з якой прыносяцца дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць таго, хто пакланяецца, дасканалым паводле сумлення,

Складаючыся толькі зь ежаў а піценьняў а розных абмываньняў, загадаў цялесных, устаноўленых да часу паправы.
 
бо складаюцца толькі з яды, пітва і розных абмыванняў, неабходных для цела, ускладзеных да часу выпраўлення.

Але Хрыстос, Найвышшы Сьвятар будучага дабра, зьявіўшыся з большай а дасканальнейшай вітальняю, ня рукамі зробленаю, значыцца ня гэткага стварэньня,
 
Але Хрыстос, прыйшоўшы як Першасвятар здзейсненага5 дабра, праз большую і дасканалейшую скінію, нерукатворную, гэта значыць не гэтай пабудовы,

Ані з крывёю казлоў а цялят, але із собскай крывёю, увыйшоўшы аднойчы назаўсёды да сьвятыні, прыдбаў вечны выкуп.
 
і не праз кроў казлоў і цялят, але праз Сваю уласную кроў, увайшоў раз і назаўсёды ў святое святых, здабыўшы вечны выкуп.

Бо калі кроў казлоў а бычкоў і попел цяліцаў, кропячы забрудзянелых, пасьвячае да ачышчэньня цела,
 
Бо, калі кроў казлоў і быкоў і попел цялушкі, акрапляючы апаганеных, асвячаюць, каб было чыстае цела,

Як шмат болей кроў Хрыстова, Каторы Духам вечным аброк Самога Сябе беззаганнага Богу, ачысьце сумленьне нашае ад мертвых учынкаў на службу Богу жывому!
 
тым больш Кроў Хрыста, Які праз Вечнага6 Духа прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысціць наша сумленне ад мёртвых учынкаў, каб служыць жывому [і праўдзіваму] Богу.

І затым Ён пасярэднік новае змовы, каб сьмерцяй, дзеля выкупленьня ад выступаў з пад першае змовы, пагуканыя маглі адзяржаць абятніцу вечнага спадку.
 
І таму Ён Пасрэднік новага запавету, каб праз смерць, панесеную Ім дзеля выкупу ад злачынстваў пры першым запавеце, тыя, што пакліканыя, атрымалі абяцаную вечную спадчыну.

Бо йдзе духоўніца, там надабе, каб сьмерць настала чынячага духоўніцу;
 
Бо дзе завяшчанне, там неабходна, каб настала смерць завяшчальніка;

Бо духоўніца правамочная, калі людзіна памерлая; але яна ніякім парадкам ня мае моцы, калі чынячы духоўніцу жывы.
 
бо завяшчанне сапраўднае пасля памерлых, паколькі яно ніколі не мае моцы, калі жывы завяшчальнік.

Затым і першая была зацьверджана не бяз крыві.
 
Таму і першы запавет быў уведзены не без крыві;

Бо Масей, вымавіўшы ўсі расказаньні з права перад усім людам, узяў кроў цялят а казлоў з вадою а чырвовай воўнаю а гізопам і пакрапіў самую кнігу і ўвесь люд,
 
бо калі Маісей абвясціў кожную запаведзь паводле закона ўсяму народу, ён, узяўшы кроў цялят і казлоў з вадою, барвоваю воўнаю і ісопам, акрапіў і самую кнігу запавету і ўвесь народ,

Кажучы: «Гэта кроў змовы, каторую Бог расказаў вам».
 
кажучы: «Гэта кроў запавету, які запаведаў вам Бог».

Падобным парадкам пакрапіў крывёю й вітальню, і ўсе судзьдзе службы.
 
І акрапіў таксама крывёю і скінію, і ўвесь службовы посуд.

Дый блізу ўсе з права ачышчаецца крывёю, а без разьліцьця крыві ня бывае дараваньня.
 
І амаль усё ачышчаецца крывёю паводле закона і без праліцця крыві не бывае даравання.

Дык, з аднаго боку, зразы нябёснага мелі ачышчацца гэтымі, самае ж нябёснае лепшымі за гэтыя аброкамі.
 
Таму неабходна было, каб вобразы таго, што ў нябёсах, ачышчаліся гэтым, а само нябеснае — лепшымі ахвярамі, чым гэтыя.

Бо Хрыстос увыйшоў да сьвятыні ня рукамі зробленае подле зразы праўдзівае, але да самага неба, каб стаць цяпер за нас перад відам Божым,
 
Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворнае свяцілішча, адбітак сапраўднага, а ў самае неба, каб цяпер з’явіцца перад абліччам Божым за нас;

А не каб часта абракаць Сябе, як найвышшы сьвятар уходзе да сьвятыні кажнага году з чужой крывёю;
 
і не дзеля таго, каб Яму шматразова прыносіць у ахвяру Сябе, гэтак жа як першасвятар штогод уваходзіць у святое святых з чужою крывёю;

Бо Ён меў бы часта цярпець ад закладзінаў сьвету. Ён жа аднойчы пры канчатку вякоў зьявіўся дзеля скасаваньня грэху аброкам Сваім.
 
інакш належала б Яму шматразова пакутаваць ад пачатку свету; цяпер жа, у канцы вякоў, Ён з’явіўся адзін раз дзеля знішчэння граху Сваёю ахвяраю.

І як людзём наканавана аднойчы памерці, а потым суд,
 
І як належыць людзям адзін раз памерці, а пасля гэтага — суд,

Так і Хрыстос, аднойчы аброкшы Сябе за грахі шмат каго, другі раз бяз грэху зьявіцца тым, што чакаюць Яго да спасеньня.
 
так і Хрыстос, адзін раз будучы прынесены ў ахвяру, каб узнесці грахі многіх, другі раз з’явіцца не для ачышчэння граху, а для тых, хто чакае Яго для выратавання.