Да Габрэяў 12 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Затым і мы, маючы такі вялікі булак сьветак навокал сябе, ськіньма ізь сябе кажны цяжар а грэх, што так чыста аблытуе нас, бяжыма зь трывалкосьцяй на выперадкі, што перад намі,
 
Таму і мы, маючы вакол сябе такое воблака сведкаў, адкладзём ўсялякі цяжар і грэх, што так лёгка нас аблытваў, і давайце пабяжым з вытрымкаю забег, які перад намі,

Уцеміўшыся ў Ісуса, правадыра й даканчаньніка веры, Каторы, маючы наўвеце радасьць, што была перад Ім, перацярпеў крыж, пагрэбаваўшы ганьбаю, і сеў паправе пасаду Божага.
 
гледзячы на Пачынальніка і Завяршальніка веры Ісуса, Які замест радасці, што была перад Ім, вытрымаў крыж, пагрэбаваўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.

Бо зважча, які Тый, што цярпеў перачэньне ад грэшнікаў, каб вы ня прысталі, замлеўшы ў душах сваіх.
 
Параўнайце з сабою Таго, Хто вытрымаў такую варажнечу супроць Сябе з боку грэшнікаў, каб вы не знемагліся, аслабеўшы вашымі душамі.

Яшчэ вы аж да крыві не спрацівіліся, ходаючыся супроці грэху;
 
Вы яшчэ не да крыві супраціўляліся, змагаючыся супроць граху,

І вы сусім забыліся ўмаўляньня, каторае кажа вам, як сыном: «Сыну Мой! ня май улегцы зыру Спадаровага, ня траць адвагі, як ты жураны Ім.
 
і забыліся пра тую навуку, якая гаворыцца вам, як сынам: «Сыне мой, не грэбуй караю Гасподняю і не знемагай, калі Ён выкрывае цябе;

Бо каго Спадар любе, таго зыра, і сьцёбае кажнага сына, каторага прыймае».
 
бо Госпад, каго любіць, таго карае, а бічуе кожнага сына, якога прымае».

Калі вы церпіце зыр, Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Бо ці ё які сын, якога бацька ня зырыў бы?
 
Калі вы церпіце кару, то Бог абыходзіцца з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсць такі сын, якога не карае бацька?

Калі ж вы бяз зыраньня, каторае супольнае ўсім, дык вы бязбацькавічы, а ня сынове.
 
Калі ж вы застаяцеся без кары, супольнікамі якой сталі ўсе сыны, то вы — незаконныя дзеці, а не сыны.

Адлі, мы мелі айцоў цялесных, каторыя нас зырылі, і мы паважалі іх, дык ці ня шмат болей маем быць у падданстве Айцу духоў і жыць?
 
Прытым, калі мы мелі цялесных нашых бацькоў, якія нас каралі, і мы іх паважалі; то ці не нашмат больш будзем мы слухацца Бацькі духаў і жыць?

Яны запраўды зырылі дзеля няшмат дзён, як здавалася патрэбным ім, а Гэты — дзеля карысьці, дзеля ўчасьця ў сьвятасьці Ягонай.
 
Бо яны каралі на некалькі дзён, як ім здавалася патрэбным, Ён жа — дзеля нашай карысці, каб нам прычасціцца Яго святасці.

Ніякае ж зыраньне ў цяперашнім часе не здаецца радасьцяй, але смуткам; пасьлей, адылі, навытыраным ім даець супакойны плод справядлівасьці.
 
Усялякае ж пакаранне ў цяперашні час здаецца не радасцю, а смуткам; але пасля яно дае мірны плён праведнасці тым, што праз яго напрактыкаваліся.

Дык падыйміце апушчаныя рукі і аслабянелыя калені
 
Таму выпрастайце апушчаныя рукі і аслабелыя калені,

І рабіце простыя сьцежкі нагам сваім, каб кульгавае ня скруцілася, але валей каб уздаравілася.
 
і рабіце прамыя сцежкі вашым нагам, каб кульгавая нага не была вывіхнута, а лепш было б вылечана.

Ганіцеся да супакою з усімі і сьвятасьці, без каторых ніхто не абача Спадара.
 
Імкніцеся да міру з усімі і да асвячэння, без якога ніхто не ўбачыць Госпада,

Назірайце, каб хто не спабыўся ласкі Божае, каб які «карэнь гарчэлі» ня вынік і не нарабіў клопату, і перазь яго шмат хто не забрудзяніўся;
 
назіраючы за тым, каб хто-небудзь не адпаў ад ласкі Божай, каб які-небудзь корань гаркаты, вырастаючы ўгору, не турбаваў вас і не апаганіліся праз яго многія,

Каб ня было якога бязулі альбо нязбожніка, як Есаў, што за адну ежу прадаў першародзтва свае.
 
каб не было між вамі якога распусніка ці бязбожніка, як Ісаў, які за адну страву аддаў свае правы першародства.

Бо вы ведаеце, што просьле тога ён, жадаючы мець дабраславенства, быў адхінены, дарма што шукаў яго горача із сьлязьмі, бо не знайшоў месца да каяты.
 
Бо вы ведаеце, што і пасля, хочучы атрымаць у спадчыну добраславенне, ён быў адкінуты; бо ён не знайшў месца пакаянню, хоць шукаў яго са слязьмі.

Бо вы дабліжыліся не да гары, каб льга было даткнуцца, але гарэла агнём, не да цямноты а цемры а буры,
 
Бо вы падышлі не да гары, якую можна памацаць і якая гарыць агнём, ні да цемры, і змроку, і буры,

Не да трубнага гуку а голасу словаў, каторы чуючыя, праўдзячы сябе, прасілі, каб слова ня было гукана да іх болей.
 
і гуку трубнага, і голасу слоў, з-за якога слухачы прасілі, каб ім не было сказана больш ні слова;

Бо яны не маглі сьцерпець таго, што расказана было: «Калі й жывёла даткнецца да гары, будзе ўкаменавана».
 
бо яны не маглі выцерпець таго, што ім было загадана: «Калі нават звер дакранецца да гары, ён будзе ўкаменаваны [або працяты стралою]».

І такое жахлівае было бачанае, што Масей сказаў: «Я надзвычайна спалохаўся і ўвесь дрыжу».
 
І такое страшнае было гэтае відовішча, што Маісей сказаў: «Я ў страху і ў трымценні».

Але вы дабліжыліся да гары Сыёнскае а да места Бога жывога, нябёснага Ерузаліму, а да няшчысьлёных ангілаў
 
Але вы падышлі да гары Сіён і да горада жывога Бога, нябеснага Іерусаліма; і да мірыядаў Анёлаў, усеагульнага9 сходу;

А да збору а царквы першакоў, запісаных на нябёсах, а да Бога, судзьдзі ўсіх, а да духоў справядлівых, дасканальных,
 
і да царквы першародных, запісаных у нябёсах; і да Бога, Суддзі ўсіх; і да духаў праведнікаў, што дасяглі дасканаласці;

А да Ісуса, пасярэдніка новае змовы, а да крыві крапленьня, што гукае ляпей за Авеляву.
 
і да Ісуса, Пасрэдніка новага запавету, і да Крыві акраплення, якая кажа нешта лепшае, чым кроў Авеля.

Глядзіце, каб вы не адмовілі Таму, Хто гукае. Бо калі тыя не ўцяклі, што адмовілі таму, каторы навучаў на зямлі, шмат болей мы, калі адвернемся ад Тога, Хто навучаў зь неба,
 
Глядзіце, не адмаўляйцеся слухаць Таго, Хто гаворыць, бо калі не пазбеглі кары тыя, што адмовіліся слухаць Таго, Хто засцерагаў іх на зямлі, то тым больш не пазбегнем мы, калі адвернемся ад Таго, Хто перасцерагае з нябёсаў,

Чый голас тады захістаў зямлю; а цяпер Ён абяцаў, кажучы: «Яшчэ раз захістаю ня толькі зямлю, але й неба».
 
чый голас тады пахіснуў зямлю, а цяпер Ён паабяцаў, кажучы: «Яшчэ раз Я пахісну не толькі зямлю, але і неба».

Гэта ж «Яшчэ раз» знача аддаленьне хістанага, як учыненага, каб непахісное засталося.
 
І гэта: «Яшчэ раз» паказвае на перамену расхістанага, як створанага, каб заставалася непахіснае.

Дык мы, прыймаючы гаспадарства непахісное, майма ласку, каторай служым люба Богу ізь сьцёю й страхам,
 
Таму, прымаючы непахіснае царства, давайце будзем мець ласку, якою будзем служыць даспадобы Богу з ушанаваннем і страхам,

Бо Бог наш ёсьць агонь зьядаючы.
 
таму што наш Бог ёсць агонь знішчальны.