Да Габрэяў 10 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Закон жа, маючы сьцень будучага дабра, а ня сам абраз рэчаў, ніколі ня можа тымі самымі аброкамі, кажны год кажначасна абраканымі, удасканаліць прыступаючых.
 
Бо закон, маючы цень будучага дабра, а не сам вобраз рэчаў, ніколі не можа аднымі і тымі ж ахвярамі штогод, якія заўсёды прыносяць, зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць;

Накш перасталі б абракаць, бо абракаючыя аброк, быўшы аднойчы ачышчаны, ня мелі б ужо ніякага сьведам’я грахоў.
 
а то хіба не перасталі б іх прыносіць, бо тыя, што прыносяць ахвяры, будучы адзін раз ачышчаныя, ужо не мелі б усведамлення грахоў?

Але гэтымі прыпамінаньне грахоў дзеецца кажнага году;
 
Але ў гэтых ахвярах — напамінанне пра грахі штогод;

Бо нельга, каб кроў быкоў а казлоў касавала грахі.
 
бо немагчыма, каб кроў быкоў і казлоў забірала грахі.

Затым Уходзячы на сьвет, кажа: «Аброкаў а дароў Ты не хацеў, але цела прыгатаваў Імне.
 
Таму Ён, уваходзячы ў свет, кажа: «Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, а падрыхтаваў Мне цела;

Усепаленьні а аброкі за грэх ня любы Табе.
 
усеспаленні і ахвяры за грэх не былі даспадобы Табе.

Тады Я сказаў: "Гля, іду ўчыніць волю Тваю, Божа", як напісана празь Мяне на пачатку кнігі».
 
Тады Я сказаў: «Вось, Я прыйшоў (як у скрутку кнігі напісана пра Мяне) каб выканаць, Божа, Тваю волю».

Сказаўшы ўперад: «Ты не хацеў ані ўпадабаў аброкаў ані дароў, ані ўсепаленьняў, ані аброкаў за грэх», (каторыя абракаюць подле Закону),
 
Кажучы перад гэтым: «Ахвяраў, і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх Ты не захацеў і Табе яны не былі даспадобы (гэта тыя, што прыносяццца паводле закона),

Тады сказаў: «Гля, іду ўчыніць волю Тваю». Касуе першае, каб устанавіць другое.
 
Ён тады сказаў: «Вось, іду, каб выканаць, [Божа], Тваю волю». Ён адмяняе першае, каб паставіць другое.

Подле гэтае волі пасьвячаны мы аброкам цела Ісуса Хрыста аднойчы назаўсёды.
 
І гэтай воляю мы асвечаны прынясеннем цела Ісуса Хрыста раз і назаўсёды.

І кажны сьвятар што дня стаіць, правячы а абракаючы часта тыя самыя аброкі, каторыя ніколі ня могуць змазаць грахоў.
 
І кожны святар стаіць штодня, служачы і прыносячы шматразова адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць зняць грахі,

Ён жа, аброкшы адзін аброк за грахі, на векі сеў паправе Бога,
 
а Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,

Адлі чакаючы, пакуль варагі Ягоныя будуць пакладзены казулькаю пад ногі Ягоныя.
 
чакаючы далей, пакуль Яго ворагі не будуць пакладзены ў падножжа Яго ног.

Бо Ён адным аброкам на векі ўчыніў дасканальнымі пасьвячаных.
 
Бо Ён адным прынашэннем зрабіў назаўсёды дасканалымі тых, хто асвечваецца.

Праз гэта сьветча нам і Дух Сьвяты; бо просьле гэтага сказана:
 
І Святы Дух таксама сведчыць нам, бо пасля таго, як Ён сказаў:

«Во змова, каторую Я ўстанаўлю ім просьле тых дзён, кажа Спадар: дам законы Свае ў сэрцы іхныя і напішу іх у думках іхных,
 
«Вось запавет, які Я заключу з імі пасля тых дзён, — кажа Госпад, — Я ўкладу Мае законы ў іх сэрца, і ў іх розуме Я напішу іх»,

І наперад грахоў іхных і бяспраўяў іхных ня ўспомню».
 
Ён кажа: «І іх грахоў і іх беззаконняў не ўспомню болей».

А йдзе дараваньне, там ня надабе аброку за грэх.
 
А дзе дараванне гэтага, там ужо непатрэбна прынашэння за грэх.

Дык, браты, маючы адвагу ўходзіць да Сьвятога Сьвятых пераз кроў Ісусаву,
 
Дык, браты, маючы ўпэўненасць для ўваходу ў святое святых праз Кроў Ісуса,

Новай і жывой дарогаю, каторую нам пасьвяціў пераз запону, значыцца, цела Свае,
 
які Ён адкрыў нам як новую і жывую дарогу праз заслону, гэта значыць праз Сваё цела,

І маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
 
і маючы вялікага Святара над домам Божым,

Бліжмася з праўдзівым сэрцам, із супоўнай пэўнасьцяй веры, пакрапленьням ачысьціўшы сэрца ад нягоднага сумленьня і абмыўшы цела вадою чыстаю,
 
прыступайма да святога святых са шчырым сэрцам, з поўнаю верай, акрапіўшы сэрцы ад заганнага сумлення і абмыўшы цела чыстаю вадою;

Моцна дзяржымася бяз хістаньня вызнаньня надзеі, бо верны Тый, што абяцаў.
 
трымаймася непахісна вызнання надзеі, бо верны Той, Хто абяцаў;

Будзьма ўважлівыя адзін да аднаго, захочуючы да міласьці а добрых учынкаў,
 
і будзьма ўважлівыя адзін да аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў,

Не пакідаючы збораў сваіх, як ёсьць у некатрых звычай; але захочуючы, і тым болей, чым болей бачыце, што тый дзень бліжыцца.
 
не пакідаючы свайго сходу, як сталася звычкаю ў некаторых, а падбадзёрваючы адзін аднаго; і тым больш, чым больш вы бачыце, што набліжаецца той дзень.

Бо калі б мы самахоць грашылі па адзяржаньню супоўнага знацьця праўды, не заставалася б ужо аброку за грахі,
 
Бо калі самохаць грашым пасля таго, як атрымалі пазнанне праўды, ужо не застаецца ахвяры за грахі,

Але нейкае страшнае спадзяваньне суду й гарачыня агню, што мае пажэрці праціўнікаў.
 
а застаецца нейкае страшнае чаканне суда і лютасць агню, які павінен пажэрці праціўнікаў.

Калі хто ўлегцы замеў закон Масеяў, на сьветчаньне дзьвюх альбо трох сьветак памірае безь міласэрдзя, —
 
Калі хто-небудзь адкінуў закон Маісея, памірае без спачування на падаставе паказанняў двух або трох сведак;

Дык якой горшай кары, думаеце, варты будзе тый, што патаптаў Сына Божага, і Кроў змовы, каторай пасьвячаны, мае за звычайную, і Духа ласкі зьневажае?
 
наколькі горшай кары, падумайце вы, будзе варты той, хто патаптаў Сына Божага і палічыў за звычайную Кроў запавету, якою быў асвечаны, і Духа ласкі зняважыў?

Бо мы знаем Таго, хто сказаў: «Імне помста, Я адплачу, кажа Спадар». І ўзноў: «Спадар будзе судзіць люд Свой».
 
Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў:«Мне належыць помста, Я адплачу», [кажа Госпад]. І яшчэ: «Госпад будзе судзіць Свой народ».

Страшна ўпасьці ў рукі Бога жывога!
 
Страшна трапіць у рукі жывога Бога.

Успомніце пярэднія дні, калі, будучы асьвечаныя, вытрывалі вялікую бітву цярпеньняў,
 
Але ўспамінайце ранейшыя [вашы] дні, калі вы, ужо асвечаныя, выстаялі ў вялікай барацьбе ў пакутах,

З аднаго боку, як былі выстаўлены на ўпікі а атугу, а, з другога, як сталі сябрамі тых, што дазнавалі таго ж;
 
то выстаўленыя напаказ на знявагі і здзекі, то знаходзячыся з тымі, з кім так абыходзіліся.

Бо вы спагадалі вязьням і прынялі з радасьцяй грабеж меньня свайго, ведаючы, што маеце сабе лепшую маемасьць і трываючую.
 
Бо вы і зняволеным7 спачувалі, і рабаванне вашай маёмасці прынялі з радасцю, ведаючы, што ў саміх вас ёсць маёмасць лепшая і непераходная.

Дык не адхінайце даверу свайго, каторы мае вялікую адплату.
 
Дык не адкідайце вашай упэўненасці, у якой ёсць вялікая ўзнагарода.

Бо трывалкосьці надабе вам, каб, учыніўны волю Божую, адзяржаць абятніцу;
 
Бо вам патрэбна вытрываласць, каб вы, выканаўшы волю Божую, атрымалі абяцанае.

«Бо яшчэ трошачкі, трошачкі, і Тый, што мае прыйсьці, прыйдзе і не адвалачэць.
 
«Бо яшчэ няшмат, зусім няшмат — і прыйдзе Той, Хто павінен прыйсці, і не замарудзіць.

Справядлівы ж вераю жыць будзе; а калі адступе, не ўпадабае таго душа Мая».
 
А праведны Мой будзе жыць вераю; і калі ён адступіць, то яго не ўпадабае Мая душа».

Мы ж не адступаючыя на загіну, але ў веры да спасеньня душы.
 
Але мы не з тых, хто адступае на пагібель, а з тых, хто стаіць у веры для выратавання душы.