Да Габрэяў 9 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Дык жа і пе́ршая скінія ме́ла уставы служэньня і сьвятыню зямную.
 
Праўду кажучы, то і першы запавет (сьвятарства) быў не без уставаў адносна багаслужбы й сьвятыні зямное,

Бо скінія, тая пе́ршая, была збудаваная, і ў ёй сьве́тач і стол, і складаньне хлябоў, ды заве́цца яна Сьвятая.
 
першатвор у палатцы (tabernakulum) шчэ на пустыні, і ў ім ужо быў сьвечнік і стол і хлябы пакладные: гэта звалася «Святое».

За другой жа заслонай скінія, зва́ная Сьвятое Сьвятых,
 
А за другою заслонаю — ўласьцівае tabernakulum Святое Святых,

што ме́ла залатую кадзільню і абкла́дзены з усіх бакоў золатам карабе́ль запаве́ту, у якім залатая судзіна з маннай ды па́ліца Ааронава, што расцьвіла, і табліцы запаве́ту,
 
меўшае залатую кадзільніцу і арку (кораб) запавету, з усіх бакоў абложаны золатам, а ў ім шчыразалатая судзіна з маннаю ды паліцай Аарона, што калісь была расьцьвіла, а такжа табліцы запавету.

а над ім Хэрувімы славы, ацяняючы ачысьцільню: аб іх ня сьле́д цяпе́р гаварыць падрабязна.
 
Над аркаю-ж Хэрубіны хвалы з разгорнутымі крыльлямі ацянялі благальню, аб чым цяпер няма патрэбы дакладней гаварыць.

Калі-ж гэта так нала́джана, дык у пе́ршую скінію заўсёды ўваходзяць сьвяшчэньнікі адпраўляць службу,
 
І калі ось гэтак было ўладжана ў першае месца Святое ўваходзілі абыдна сьвятары выконваючые службу Божую.

а ў другую — раз у год адзін толькі архірэй, не бяз крыві, якую прыносіць за сябе́ і за няве́даньне народу.
 
А да Святога Святых увайходзіў толькі адзін раз у год архісьвятар, і то не без крыві, якую ахвяроўваў за свае і людзкіе пахібы.

Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, дакуль стаіць пе́ршая скінія,
 
Праз тое бо, зазначаў Дух Святы, пакуль стаіць першае tabernakulum, дарога да сьвятасьці яшчэ не адкрыта.

якая ёсьць абра́з цяпе́рашняга часу, калі прыносяцца дары й ахвяры, якія ня могуць зрабіць дасканалым паводле сумле́ньня таго, хто служыць,
 
А было гэта падабенства да нашых часаў, паказваючае, што дары й ахвяры, якія ахвяроўваюцца, ня могуць зрабіць дасканалым ў сумленні таго, хто выконвае службу Божую.

якія толькі ў стравах і напітках ды розных абмываньнях і установах це́ла, ды пастаўлены аж да часу направы.
 
Што гэта ёсьць загады цялесные датычна страваў і напіткаў ды розных абмыванняў, устаноўленых да пары адмены іх.

Але Хрыстос, зьявіўшыся, як Архірэй будучага дабра́, з большаю й дасканальшаю скініяй, нерукатворнаю, гэта ёсьць не такое будовы,
 
Але Хрыстус стаўся Усесьветарам дабра будучага праз вышэйшае й дасканалейшае taberbakulum, ня рукою ўтворанае, г.зн. сьвятыняй ня з гэтага сьвету,

ды ня з крывёю казлоў і цяля́т, але з уласнай крывёю, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы ве́чнае адкупле́ньне.
 
ды не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў увайшоў раз назаўсёды ў сьвятыню, даканаўшы вечнае адкупленне.

Бо, калі кроў быкоў і кароў ды попел каровы, акрапляючы апага́неных, асьвячае на чыстасьць це́ла,
 
Бо калі кроў валоў і казлоў ды попел з ялавіцы пакрапіўшые нячыстых ачышчалі і усьвячвалі,

дык наколькі бале́й кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе́ беззаганнага Богу, ачы́сьціць сумле́ньне вашае ад мёртвых дзе́л, дзеля служэньня Богу Жывому?
 
то на колькіж болей кроў Хрыстуса, які Духам вечным прынёс сябе самога Богу прачыстым, ачысьціць наша сумленне ад мяртвых дзел, каб служылі Богу жывому!

Дзеля гэтага Ён ёсьць пасярэднік новага запаве́ту, каб, як ста́нецца сьме́рць дзеля адкупле́ньня ад праступкаў, што́ ў пе́ршым запаве́це, тыя, што пакліканы да ве́чнае спадчыны, дасталі абяца́нае.
 
Дзеля гэтагаж ён і ёсьць пасярэднікам Новага Запавету, каб праз ахвяраваную сьмерць для адкуплення праступстваў, дакананых за Першага Запавету, выбраные атрымалі абяцанае спадкаемства вечнае.

Бо дзе таста́мант, там мусіць прыйсьці сьме́рць адказываючага,
 
Бо дзе ёсьць тэстамэнт, там мусіць наступіць сьмерць тэстатара,

бо запаве́т ма́е сілу пасьля паме́ршых: ён ня ма́е сілы, пакуль жыве́ той, хто адказывае.
 
тэстамэнт бо ўходзіць у сілу з хвілінаю сьмерці, інакш ня мае значэння, пакуль жыве тэстатар.

Дык і пе́ршы быў замацаваны не бяз крыві.
 
Таму і першы не без крыві быў замацаваны.

Бо, як былі сказаны Майсе́ем усе́ за́паведзі па закону ўсяму народу, ён, узяўшы кроў цяля́т і казлоў з вадою ды воўнай чырвонай ды гізопам, акрапіў і самую кнігу, і ўве́сь народ,
 
Бо і Майжэш, па аглашэнні цэламу народу ўсіх сваіх уставаў Законам, узяў кроў цялят і казьлят зьмяшаную з вадою, шкарлятнай воўнай і гіззопам ды, пакрапіўшы самую кнігу, пакрапіў і ўвесь народ,

кажучы: Гэта кроў запаве́ту, які паклаў вам Бог (Выхад 24:8).
 
кажучы: «Гэта ёсьць кроў Запавету, які паслаў вам Бог» (Выйсьць. 24:8).

Гэтак сама акрапіў крывёю і скінію, і ўсё судзьдзе дзеля служэньня.
 
такжасама акрапіў і tabernakulum (намёт сьвятыні) і ўсё служэбнае судзьдзё.

Ды бадай усё па закону ачышчаецца крывёй, і без праліцьця крыві ня бывае́ адпушчэньня.
 
І амаль усё водле Права ачышчаецца крывёю, а без праліцьця крыві няма адпушчэння.

Дык і трэба было, каб абразы́ нябе́снага ачышчаліся гэтымі, а са́мае нябе́снае — ле́пшымі за гэтыя ахвярамі.
 
Калі восьжа трэба гэткім чынам ачышчаць тое, што было толькі сымбалем нябеснага, дык самае нябеснае вымагала без параўнання вышэйшых ахвяр.

Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворную сьвятыню, на ўзор праўдзівае збудаваную, але ў са́мае не́ба, каб зьявіцца цяпер абліччу Божаму за нас;
 
Бо Хрыстус не ўвайшоў да тае сьвятыні, збудаванае рукамі, быўшай толькі вобразам праўдзівай, але да самага неба, каб ставіцца за нас прад абліччам Ьожым.

і не дзеля таго, каб мнагакро́тна прынасіць Сябе́, як кожын год уваходзіць архірэй у сьвятыню з чужою крывёй,
 
Не ўвайшоў тож, каб ня раз меў ахвяроўваць самога сябе, як архісьвятар, што раз-у-год увайходзіць у Святое-Святых з крывёю не сваёю.

(бо трэба-б Яму мнагакротна цярпе́ць мукі ад пачатку сьве́ту), а Ён адзін раз на канцы вякоў зьявіўся дзеля зьнішчэньня грэху Свае́й ахвярай.
 
Інакш бо мусеўбы ён сукротна цярпець ад пачатку сьвету. Але ён цяпер, на канцы вякоў, зьявіўся раз для паканання граху праз ахвяраванне сябе.

І як людзям назна́чана раз паме́рці, а пасьля суд, —
 
А як людзям пастаноўлена раз умерці, а потым суд,

гэтак і Хрыстос, раз прыне́сшы Сябе́ ў ахвяру, каб панясьці грахі многіх, другі раз бяз грэху зьявіцца тым, што чакаюць Яго, на збаўле́ньне.
 
гэтак і Хрыстус: раз прынёсшы сябе ў ахвяру, каб панесьці грахі многіх, другі раз без граху ўкажацца тым, што чакаюць яго для збаўлення.