1 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Дзеля гэтага, ня це́рпячы бале́й, мы захаце́лі астацца ў Афінах аднымі
 

і паслалі Цімахве́я, брата нашага і служку Божага і супрацоўніка нашага ў дабраве́шчаньні Хрыстовым, каб узмоцніць вас і паце́шыць вас у ве́ры вашай,
 

каб ніхто не пахіснуўся ў смутках гэтых: бо вы самі ве́даеце, што на гэта мы пастаўлены.
 

Бо мы і тагды, калі былі ў вас, прарочылі вам, што маем зазнаць гора, як і сталася, і вы ве́даеце.
 

Дзеля гэтага і я, ня це́рпячы бале́й, паслаў даве́дацца аб ве́ры вашай, каб як не спакусіў вас спакусьнік, і ня сталася дарэмнай наша праца.
 

Цяпе́р жа, калі прыйшоў да нас ад вас Цімахве́й і прынёс нам добрую ве́стку аб ве́ры і любві вашай, ды што заўсёды маеце добрую памяць аб нас, жадаючы нас бачыць, як і мы вас,
 

дык мы, пры ўсім суме й бядзе́ нашай, уце́шыліся вамі, браты, праз ве́ру вашу;
 

бо цяпе́р мы жывыя, калі вы стаіцё ў Госпадзе.
 

Якую-ж падзяку можам мы даць Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся з вас перад Богам нашым,
 

уначы і ўдзе́нь ве́льмі рупліва молячыся, каб бачыць аблічча вашае і дапоўніць нястачу ў ве́ры вашай?
 

Сам жа Бог і Аце́ц наш і Госпад наш Ісус Хрыстос няхай пакіруе шлях наш да вас!
 

А вас няхай Госпад напоўніць і ўзбагаціць узае́мнай любоўю і (любоўю) да ўсіх, як і мы да вас;
 

каб узмацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў сьвятасьці перад Богам і Айцом нашым у прыход Госпада нашага ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Яго.