Адкрыцьцё 3 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І Ангелу царквы́ ў Сардах напішы: Вось што кажа Той, што ма́е се́м духаў Божых ды се́м зорак: Ве́даю ўчынкі тваі, што маеш імя, што жыве́ш, ды ёсьць мёртвы.
 
Анёлу Касцёла ў Сардах напішы: Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы.

Чувай і ўзмацняй рэшту, што манíцца ўме́рці: бо не знайшоў Я, каб дзелы́ твае́ былі споўнены перад Богам.
 
Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо Я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Маім Богам.

Дык прыпомні, як ты прыняў ды чуў, і пілнуй ды пакайся. Калі-ж ня будзеш чува́ць, прыду на цябе́, быццам злодзей, і ня будзеш ве́даць, у якую гадзіну прыду на цябе́.
 
Згадай, што ты прыняў і пачуў, захоўвай і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе.

Мала маеш у Сардах імёнаў, што не запэцкалі вопраткі сваёй; яны будуць хадзіць са Мною ў бе́лым, бо годны гэтага.
 
Але ты маеш у Сардах некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны годныя.

Хто пераможа, апра́нены будзе ў бе́лыя ша́ты; і ня вычыркну імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызна́ю імя яго перад Айцом Маім і перад Ангеламі Яго.
 
Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і Я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю імя яго перад Маім Айцом і перад Яго анёламі.

Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.
 
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.

І ангелу царквы́ ў Філядэльфіі напішы: Вось што кажа Сьвяты, Запраўдны, Які ма́е ключ Давідавы, што адмыкае — і ніхто не замкне́, ды замыкае — і ніхто не адамкне́:
 
Анёлу Касцёла ў Філадэльфіі напішы: Так кажа Святы, Праўдзівы, які мае ключ Давіда, які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адамкне.

Ве́даю ўчынкі тваі; вось, Я даў перад табою дзьве́ры адамкнёныя, і ніхто ня можа замкнуць іх; малую маеш сілу, ды захаваў слова Маё і не адрокся ад іме́ньня Майго.
 
Ведаю Твае справы, вось Я паставіў цябе перад адчыненымі дзвярыма, якіх ніхто не можа зачыніць, бо ў цябе мала сілы, але ты захаваў Маё слова і не адмовіўся ад Майго імя.

Вось, Я даю: із сынагогі Сатаны, з тых, што называюць сябе́ Жыдамі, ды ня ёсьць, а ілгуць, — вось, Я зро́блю, каб яны прыйшлі й сукланіліся перад нагамі тваімі, і даве́даюцца, што Я ўлюбіў цябе́.
 
Вось даю тых з сінагогі сатаны, якія кажуць, што яны юдэі, хоць імі не з’яўляюцца, і хлусяць. Я ўчыню, што яны прыйдуць і паклоняцца ў ногі табе, і пазнаюць, што Я палюбіў цябе.

А што ты захаваў слова цярплівасьці Мае́й, дык і Я захаваю цябе́ ад гадзіны спакушэньня, што ма́е прыйсьці на ўсе́нькі сьве́т, каб спакусіць жы́хараў зямлі.
 
Паколькі ты захаваў Мой наказ цярплівасці, Я таксама захаваю цябе ад гадзіны выпрабавання, якая павінна прыйсці ў цэлы свет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.

Вось, Я йду хутка; дзяржы́, што маеш, каб ніхто не забраў вянка твайго.
 
Я хутка прыйду. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не забраў твайго вянка.

Хто пераможа, зро́блю таго стаўбом у храме Бога Майго, і ўжо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя ме́ста Бога Майго, новага Ерузаліму, што зыходзе з не́ба ад Бога Майго, ды Маё новае імя.
 
А пераможцу зраблю калонай у святыні Майго Бога, і ўжо не выйдзе вонкі, і напішу на ім імя Майго Бога, а таксама імя горада Майго Бога, новага Ерузалема, які спускаецца з неба ад Бога Майго, і Маё новае імя.

Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.
 
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.

І ангелу Ляодыкійскае царквы напішы́: Вось што кажа Амін, сьве́дка ве́рны й справядлівы, пачатак тварэньня Божага:
 
Анёлу Касцёла ў Лаадыкеі напішы: Так кажа Амэн, сведка верны і праўдзівы, пачатак стварэння Божага.

Ве́даю ўчынкі тваі, што ты ані сьцюдзёны, ані гарачы; о, каб-жа ты быў сьцюдзёны або гарачы!
 
Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы!

Дык вось, дзеля таго, што ты цёплы, а не сьцюдзёны ані гарачы, Я выкіну цябе́ із вуснаў Маіх.
 
Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з Маіх вуснаў.

Бо кажаш: я багаты і разбагаце́ў, і ні ў чым ня маю патрэбы, і ня ве́даеш, што ты гаротны і мізэрны, і ўбогі, і сьляпы, і голы.
 
Бо ты кажаш: “Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы”, а не ведаеш, што ты няшчасны і варты жалю, убогі, сляпы і голы.

Раджу табе́ купіць у Мяне́ золата, ачы́шчанае ў вагні, каб разбагаце́ў; ды бе́лую вопратку, каб апрануўся, ды каб ня выявіўся сорам на́гасьці твае́й; ды мазяй вочнаю памаж вочы твае́, каб бачыў.
 
Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб ты разбагацеў, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам тваёй галечы. Бальзамам памаж свае вочы, каб бачыць.

Я, каго люблю, дакараю й караю; дык будзь старэнны й пакайся.
 
Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.

Вось, стаю пры дзьвярох і стукаюся; калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзьве́ры, Я выйду да яго і буду вячэраць з ім, дый ён са Мною.
 
Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.

Хто пераможа, дам яму се́сьці са Мною на пасадзе Маім, як і Я перамог і се́ў з Айцом Маім на пасадзе Ягоным.
 
Пераможцу дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Айцом на Яго троне.

Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.
 
Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам».