Яна 18 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручэй Кедрон, дзе́ быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.
 
Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручай Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя.

Ве́даў жа гэтае ме́сца і Юда, што прадаў Яго, бо Ісус і вучні Яго там часта зьбіраліся.
 
Ведаў жа гэтае мейсца і Юда, які прадаў Яго, бо Ісус часта зьбіраўся там з вучнямі Ягонымі.

Вось Юда, узяўшы роту ды слуг ад архірэяў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, сьве́тачамі і аружжам.
 
Вось Юда, узяўшы аддзел войска ды слуг ад архірэяў і хварысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарнямі і сьветачамі, і (са) зброяю.

Ісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?
 
Ісус жа, ведаючы ўсё, што прыходзе на Яго, выйшаўшы, сказаў ім: каго шукаеце?

Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: гэта Я. Стаяў жа з імі і Юда, што прадаў Яго.
 
Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: Я ёсьць (Ён)! Стаяў жа зь імі і Юда, які прадаў Яго.

І, калі сказаў ім: гэта Я, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
 
Як жа Ён сказаў ім: Я ёсьць (Ён), яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.

І ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.
 
Тады Ён ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны ж сказалі: Ісуса Назарэя.

Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне́ шукаеце, дайце ім адыйсьці,
 
Ісус адказаў: Я сказаў вам: Я ёсьць (Ён); дык вось, калі Мяне шукаеце, дазвольце ім адыйсьці,

каб споўнілася слова, сказанае Ім: з тых, якіх Ты даў Мне́, Я не загубіў нікога.
 
каб споўнілася Слова, якое Ён сказаў: тых, якіх Ты даў Мне, Я ня згубíў зь іх нікога.

Сымон жа Пётр, маючы ме́ч, выняў яго і ўдэрыў слугу́ архірэявага і адсе́к яму правае вуха; слуга́-ж той зваўся Малх.
 
Сымон жа Пётра, маючы меч, выцягнуў яго і ўдарыў слугу архірэявага, і адсек яму правае вуха; было ж імя слугі таго Малх.

Але Ісус сказаў Пятру: палажы́ ме́ч у ножны. Няўжо-ж Я ня вып’ю чары, што даў Мне́ Аце́ц?
 
Ісус жа сказаў Пётру: укладзі меч твой у похву. Чару, што даў Мне Бацька, няўжо Я ня вып’ю яе?

Тады жаўне́ры і тысячнік і слугі жыдоўскія ўзялі Ісуса, зьвязалі Яго
 
Тады аддзел войска і тысячнік, і слугі юдэйскія ўзялі Ісуса і зьвяза́лі Яго.

і павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў це́сьцем Кайяфы, які быў на той год архірэем.
 
І завялí Яго сьпярша́ да Ганны, бо (ён) быў цесьцем Каяхвы, які быў таго году архірэем.

Гэта быў той Кайяфа, які пара́дзіў Жыдом, што ле́пш, каб адзін чалаве́к пагіб за народ.
 
Быў жа Каяхва той, які парадзіў жыдам, што лепш аднаму чалавеку загінуць за гэты народ.

За Ісусам ішоў Сымон Пётр і другі ву́чань; ву́чань гэны быў знаёмы з архірэем, дык ён увайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,
 
Ішоў жа за Ісусам Сымон Пётра і другі вучань; вучань жа гэны быў знаёмы архірэю і ўвайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,

а Пётр стаяў за варотамі. І вось той другі ву́чань, знаёмы з архірэем, выйшаў і сказаў прыдзьве́рніцы, і ўвёў Пятра.
 
а Пётра стаяў ля дзьвярэй знадворку. І вось другі вучань, той, які быў знаёмы архірэю, выйшаў і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пётру.

Тут служанка прыдзьве́рніца кажа Пятру: ці і ты ня з вучняў гэтага чалаве́ка? Ён сказаў: Не́!
 
Тады служанка прыдзьверніца кажа Пётру: ці і ты ня з ву́чняў Гэтага Чалавека? Ён кажа: я — не.

Рабы́-ж і слугі, распаліўшы аго́нь, бо было сьцюдзёна, стаялі й грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
 
Стаялі ж рабы і слугі, распаліўшы агонь з вугольля, бо было зябка, і грэліся. Быў жа зь імі Пётра, стоючы і грэючыся.

Архірэй жа спытаўся ў Ісуса аб вучняў Яго і аб вучэньне Яго.
 
Тады архірэй спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра навуку Ягоную.

Ісус адказаў яму: Я ясна гаварыў сьве́ту; Я заўсёды навучаў у царкве́ і школе, дзе́ звычайна зьбіраюцца Жыды́, і ўкрадкам не гаварыў нічога.
 
Ісус адказаў яму: Я яўна гаварыў сьвету; Я заўсёды навучаў у сынагозе і ў Сьвятыні, дзе заўсёды зьбіраюцца жыды, і то́йма ня гаварыў нічога.

Чаму пытаешся ў Мяне́? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ве́даюць, што Я казаў.
 
Чаму (ты) пытаешся ў Мяне? Спытайся ў тых, хто чуў, што Я гаварыў ім. Вось яны ведаюць, што Я (ім) казаў.

Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слуг, што блізка стаяў, удэрыў Ісуса па абліччу і сказаў: так Ты адказваеш архірэю?
 
Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слугаў, што стаяў блізка, ударыў Ісуса па Абліччу, сказаўшы: так Ты адказваеш архірэю?

Ісус адказаў яму: калі Я сказаў бла́га, дакажы́, што бла́га, а калі добра, за што б’е́ш Мяне́?
 
Ісус адказаў яму: калі Я сказаў блага, дакажы, што (Я сказаў) блага, а калі (Я сказаў) добра, за што (ты) б’еш Мяне?

Анна паслаў Яго зьвязанага да архірэя Кайяфы.
 
Ганна паслаў Яго зьвяза́нага да архірэя Каяхвы.

А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут кажуць яму: ці і ты не з Яго вучняў? А той адрокся і сказаў: не́!
 
Быў жа Сымон Пётра, стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: ці і ты ня з ву́чняў Ягоных? Ён адрокся і сказаў: я? не!

Кажа адзін із слуг архірэйскіх, сваяк таго, якому Пётр адсе́к вуха: ці-ж ня бачыў я цябе́ з Ім у садзе?
 
Кажа адзін із слугаў архірэявых, будучы сваяком таго, якому Пётра адсек вуха: ці (ж) я ня цябе́ бачыў зь Ім у садзе?

Пётр ізноў адрокся; і зараз жа прапяя́ў пе́вень.
 
Тады ізноў Пётра адрокся; і зараз (жа) прапяяў певень.

Ад Кайяфы павялі Ісуса да прэторыі. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, ды каб можна было е́сьці пасху.
 
Вяду́ць тады Ісуса ад Каяхвы да прэторыі. А была раніца, і яны ня ўвайшлí ў прэторыю, каб ня занячысьціцца, але каб (можна было) есьці пасху.

Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вінаваціце чалаве́ка гэтага?
 
Тады Пілат выйшаў да іх і сказаў: якое абвінавачаньне выстаўляеце (вы) супраць Чалавека Гэтага?

Яны адказалі і сказалі яму: калі-б Ён ня быў такі злачы́нца, мы ня вы́далі-б Яго табе́!
 
Адказалі (яны) і сказалі яму: калі б Ён ня быў злачынца, (мы) ня выдалі б Яго табе.

Пілат сказаў ім: вазьме́це Яго вы і па вашаму закону судзіце Яго. Жыды сказалі яму: нам нікога ня гожа забіваць.
 
Тады сказаў ім Пілат: вазьміце Яго вы і па Закону вашаму судзіце Яго. Тады сказалі яму жыды: нам ня дазво́лена нікога асудзіць на сьмерць.

Каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, абвяшчаючы, якою сьме́рцяй ма́е паме́рці.
 
Каб споўнілася Слова Ісусавае, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою сьмерцяй Ён мае памерці.

Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: Ты Цар Жыдоўскі?
 
Тады Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: ці Ты Кароль жыдоў?

Ісус адказаў яму: ці ад сябе́ ты гаворыш гэтае́, ці другія сказалі табе́ аба Мне́?
 
Ісус адказаў яму: ад сябе ты гэтае гаворыш, ці другія сказалі табе пра Мяне?

Пілат адказаў: ці-ж я Жыд? Цябе́ твой народ і архірэі вы́далі мне́; што-ж Ты зрабіў?
 
Пілат адказаў: ці (ж) я — жыд? Твой народ і архірэі выдалі Цябе мне; што Ты зрабіў?

Ісус адказаў: Царства Маё ня з гэтага сьве́ту; калі-б з гэтага сьве́ту было царства Маё, то слугі Маі бароліся бы, каб Жыды́ ня вы́далі Мяне́. Але царства Маё ня згэтуль.
 
Ісус адказаў: Гаспадарства Маё ня з гэтага сьвету; калі б з гэтага сьвету было Гаспадарства Маё, (то) слугі Мае змагаліся бы, каб Я ня быў выданы жыдам. Але цяпер Гаспадарства Маё — ня згэтуль.

Пілат сказаў Яму: дык Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьве́т, каб сьве́дчыць аб праўдзе. Кожын, хто ад праўды, слухае голасу Майго.
 
Тады сказаў Яму Пілат: дык Ты — Кароль? Адказаў Ісус: ты кажаш, што Я Кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьвет, каб сьведчыць аб Праўдзе. Кожны, хто ёсьць ад Праўды, слухае Голасу Майго.

Кажа Яму Пілат: Што такое праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да Жыдоў і сказаў ім: я ніякае віны ў Ім не знаходжу.
 
Кажа Яму Пілат: што ёсьць праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да жыдоў і кажа ім: я ніякае віны ў Ім ня знахо́джу.

Ёсьць жа ў вас звычай, каб я не́кага звальняў вам на Пасху. Хочаце, пушчу вам Цара Жыдоўскага?
 
Ёсьць жа ў вас звычай, каб (я) аднаго звальняў вам на Пасху. Дык хочаце, звольню вам Караля жыдоў?

Тады ізноў закрычэлі ўсе́, кажучы: не Яго, але Варавву! А Варавва быў душагуб.
 
Тады закрычалі ўсе ізноў, кажучы: ня Яго, але Бараўву! А быў Бараўва — разбойнік.