Марка 1 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Сабілы і Малахава
Пачатак Эва́нгельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста Сына Бога.
Як напíсана ў прарокаў: вось я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе́ дарогу Тваю перад Табою (Малахія 3:1).
Як напíсана ў Прарокаў: вось Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою.
Голас гука́ючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабе́це сьце́жкі Яго (Ісая 40:3).
Голас крычачага ў пустэльні: падрыхтуйце шлях Госпада, простымі рабіце сьцежкі Ягоныя.
Зьявіўся Іоан, хры́сьцячы ў пустыні і абвяшчаючы накутнае хрышчэньне дзеля адпушчэньня грахоў.
Зьявіўся Яан хрысьцячы ў пустэльні і абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля дараваньня грахоў.
і выходзілі да Яго ўся старана Юдэйская і Ерузалімцы, і хрысьціліся ад Яго ў рацэ Іордане, спавяда́ючыся з грахоў сваіх.
І выходзіла да яго ўся краіна Юдава і ярузалімцы, і ўсе прымалі хрышчэньне ад яго ў вадзе Ярдана, спавядаючы грахі свае.
І быў Іоан адзе́ты ў вярблю́давы волас і ў скураны пояс на паясьніцы сваёй, і е́ў саранчу ды дзікі мёд.
Быў жа Яан апрануты (у адзежу) зь вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў (ён) саранчу і дзікі мёд.
І прапаведываў, ка́жучы: ідзе́ за мною Дужэйшы за мяне́, у Якога я ня варт, нахіліўшыся, разьвязаць раме́нь абуцьця Яго.
І прапаведаваў кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, Якому я ня варты нахіліўшыся разьвязаць рэмень сандаляў Ягоных.
Я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.
Я ахрысьціў вас у вадзе, а Ён ахрысьціць вас у Духу Сьвятым.
І сталася ў тыя дні, прыйшоў ісус з Назарэту Галіле́йскаго і хрысьціўся ад Іоана ў Іордане.
І сталася ў тыя дні: прыйшоў Ісус з Назарэту, з Галілеі, і быў ахрышчаны Яанам у Ярдане.
І, як выходзіў із вады, тут жа ўгле́дзіў Іоан расчыня́ючыся не́ба й Духа, як галуба́, зыхо́дзячы на Яго.
І зараз жа выйшаўшы з вады (ён) убачыў расхінаямыя Нябёсы і Духа, быццам галуба, Які зыходзіў на Яго;
І голас быў з не́ба: Ты — Сын Мой улю́блены, Якому спагадаю.
і Голас быў зь Нябёсаў: Ты ёсьць Сын Мой любасны, Якім (Я) задаволены.
І зараз Дух павёў Яго ў пустыню.
І зараз жа Дух вядзе Яго ў пустэльню.
І быў Ён там у пустыні сорак дзён спакуша́ны ад сатаны́, і быў з зьвярамі, і Ангелы служылі Яму.
І быў (Ён) там у пустэльні сорак дзён, спакуша́ны ад шатана, і быў са зьвярамі, і Ангелы служылі Яму.
Пасьля-ж таго, як Іоан быў вы́даны, прыйшоў Ісус у Галіле́ю, прапаве́дуючы Эвангельле Царства Божага
А пасьля арышту Яана прыйшоў Ісус у Галілею прапаведуючы Эвангельле Валадарства Бога
і кажучы, што споўніўся час і наблíзілася царства Божае: пакайцеся і ве́рце ў Эвангельле.
і кажучы: споўніўся час і наблізілася Валадарства Бога: пакайцеся і верце ў Эвангельле.
Праходзячы-ж ля мора Галіле́йскага, угле́дзіў Сымона і Андрэя, брата ягонага, як закідалі сеці ў мора, бо яны былі рыбаловы.
Праходзячы ж ля мора Галілеі убачыў Ён Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі сетку ў мора; бо (яны) былі рыбаловы.
І сказаў ім Ісус: ідзе́це за Мною, і Я зроблю вас лаўца́мі людзе́й.
І сказаў ім Ісус: ідзіце ўсьлед за Мною і зраблю вас лаўцамі людзей.
І яны той жа час пакінулі свае́ се́ці і пайшлі за Ісусам.
І зараз жа пакінуўшы сеткі свае (яны) пайшлі ўсьлед за Ім.
І, адыйшоўшы адтуль недалёка, Ён угле́дзіў Якава Завядзе́явага і Яна, брата ягонага, таксама ў чаўне́, пра́вючы се́ці.
І прайшоўшы адтуль (яшчэ) трохі (Ён) убачыў Якуба Завядзеявага і Яана, брата яго́нага, а яны правілі ў чаўне сеткі,
І тут жа клікнуў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Завядзе́я ў чаўне́ з работнікамі, пайшлі за Ім.
і тут жа паклікаў іх, і (яны) пакінуўшы бацьку свайго Завядзея ў чаўне з работнікамі пайшлі ўсьлед за Ім.
І прыходзяць у Капэрнаум, і, неадклада́ючы, у суботу ўвайшоў Ён у школу і навучаў.
І прыхо́дзяць у Капэрнавум, і адразу ў суботу увайшоўшы ў сынагогу вучыў.
І дзівіліся з Яго навукі, бо, навучаючы іх, быў як той, хто ма́е ўладу, а не́ як кніжнікі.
І былі зьдзіўлены Ягонай навукай, бо (Ён) вучыў іх як Той, Хто ўладу мае, а ня як кніжнікі.
І быў у школе іхняй чалаве́к, якім заўладаў дух нячысты, і закрычэў:
У сынагозе іхняй быў чалавек (апанаваны) духам нячыстым і закрычаў,
Пакінь! што Табе́ да нас, Ісус Назарэйскі? Ты прыйшоў згубіць нас! Ве́даю цябе́, хто ты, Сьвяты Божы!
кажучы: Во! што табе да нас, Ісус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас! Ведаю Цябе, Хто Ты, Сьвяты Божы.
Але Ісус пагразіў яму, кажучы: маўчы́ і вы́йдзі з яго.
А Ісус забараніў яму кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго.
Тады нячысты дух, устросшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
Тады дух нячысты страсянуўшы яго і, загаласіўшы моцным голасам, выйшаў зь яго.
І ўсе́ спужаліся і пыталіся адзін у аднаго: што́ гэта? што́ гэта за новая навука, што сваёй уладай і ду́хам нячыстым зага́двае, і яны слу́хаюцца Яго?
І жахнуліся ўсе так што пачалі пытацца адзін воднага, кажучы: што гэта? што гэта за новае вучэньне; што ўладарна нават духам нячыстым загадвае, і пакараюцца Яму?
І хутка разыйшлася аб Ім чутка па ўсіх ваколіцах Галіле́і.
І зараз жа разыйшлася чутка пра Яго па ўсяму навакольлю Галілеі.
Выйшаўшы ўраз жа із школы, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя, з Якавам і Іоанам.
І тут жа, выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі (яны) у дом Сымона і Андрэя зь Якубам і Яанам.
Це́шча-ж Сымонавая ляжала ў гарачцы; і зараз кажуць Яму аб ёй.
А цешча Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
Падыйшоўшы, Ён падняў яе́, узяўшы за руку, і гарачка пакінула яе́, і яна пачала служыць ім.
І, падыйшоўшы, (Ён) падняў яе, узяўшы за руку́ ейную; і зараз жа гарачка пакінула яе, і (яна) служыла ім.
Калі-ж настаў ве́чар, як зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злым духам.
Калі настаў вечар, як зайшло сонца, прынесьлі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
І ўсё ме́ста сабралося перад дзьвярыма.
І ўсё места было сабраным каля дзьвярэй.
І Ён аздаравіў многіх, цярпе́ўшых ад розных хворасьцяў, і выгнаў духаў; і не пазваляў злым духам гаварыць, што яны пазналі Яго.
І (Ён) аздаравіў многіх хворых, рознага роду немачных, і выгнаў многа дэманаў і ня дазваляў гаварыць дэманам, што ведаюць Яго.
А нара́ніцы, устаўшы дужа рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае ме́сца і там маліўся.
А нараніцы, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае мейсца, і там маліўся.
Сымон і быўшыя з імі пайшлі за Ім;
І пайшлі за Ім Сымон і тыя, хто быў зь Ім.
і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: ўсе́ шукаюць Цябе́.
І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
Ён кажа ім: пойдзем у бліжэйшыя сёлы і ме́сты, каб Мне́ й там навучаць, бо-ж Я дзеля таго прыйшоў.
І кажа ім: пойдзем у астатнія сёлы і месты, каб (Мне) і там навучаць: бо для гэтага (Я) прыйшоў.
І Ён навучаў у школах іхніх скрозь па ўсёй Галіле́і і выганяў злых духаў.
І (Ён) навучаў у сынагогах іхных па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
Прыходзіць да Яго пракажо́ны, мо́лючы Яго і па́даючы перад Ім на кале́ні, дый кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне́ ачысьціць.
І прыходзіць да Яго пракажоны, молячы Яго і падаючы перад Ім на калені і кажучы Яму: калі хо́чаш, можаш мяне ачысьціць.
Ісус жа, зьлітаваўшыся над ім, працягнуў руку, даткнуўся да яго і сказаў яму: хачу, будзь чысты!
А Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў Руку́, дакрануўся яго і кажа яму: хачу, будзь ачышчаны.
І, як толькі Ён сказаў гэта, прака́за тут жа зыйшла з яго, і ён ачысьціўся.
І калі Ён сказаў, праказа зараз жа сыйшла зь яго, і (ён) стаў ачышчаным.
І, грозна гля́нуўшы на яго, зараз жа адаслаў яго
І строга папярэдзіўшы яго зараз жа адаслаў яго,
і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы́, але пайдзі, пакажы́ся сьвяшчэньніку і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсе́й, дзеля сьве́дчаньня ім.
і кажа яму: глядзі, нікому нічога ня кажы, але пайдзі пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Масей дзеля сьведчаньня ім.
А ён, вы́йшаўшы, пачаў многа гаварыць і шырыць кругом ве́стку, дзеля чаго Ісус ня мог ужо ўвайсьці адкрыта ў ме́ста, але быў вонках, у мясцо́х пустынных. І прыходзілі да Яго зусюль.
А ён выйшаўшы пачаў многа абвяшчаць і шырыць вестку, так што Ён больш ня мог адкрыта ўвайсьці ў места, але быў вонках у мясцох пустэльных; і прыходзілі да Яго адусюль.