Адкрыцьцё 7 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І пасьля гэтага ўгле́дзіў я чатырох ангелаў, якія, стоючы на чатырох вуглох зямлі, дзяржалі чатыры вятры́ зямлі, каб ня дзьмуў ве́цер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
 

І ўгле́дзіў я другога ангела, які ўзыходзіў ад усходу сонца, маючы пячаць Бога Жывога; і гукнуў ён вялікім голасам да чатырох ангелаў, якім дадзена шкоду чыніці зямлі й мору, мовячы:
 

Ня шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не папячатаем рабоў Бога нашага на лабох іхніх.
 

І пачуў я лічбу папячатаных: сто сорак чатыры тысячы папячатаных із усіх родаў сыноў Ізраілявых.
 

Із роду Юдавага дванаццаць тысяч папячатаных; з роду Рувімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Гадавага дванаццаць тысяч папячатаных;
 

із роду Асіравага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Нэфталімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Манасьсіявага дванаццаць тысяч папячатаных;
 

із роду Сымэонавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Ле́віявага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Ізаха́равага дванаццаць тысяч папячатаных;
 

із роду Завулёнавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Язэпавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Бэніямінавага дванаццаць тясяч папячатаных.
 

Пасьля гэтага глянуў я, і вось вялізарны натоўп, палічы́ць якога ніхто ня мог, із усіх пляме́ньняў і родаў, і народаў, і языкоў, стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апрануўшыся ў бе́лыя шаты, і пальмы ў руках іхніх;
 

і загукалі вялікім голасам, мовячы: Спасе́ньне Богу нашаму, што сядзіць на пасадзе, ды Ягняці.
 

І ўсе́ ангелы стаялі навакол пасаду і старыкоў і чатырох жывелаў, і ўпалі перад пасадам на твар свой, і сукланіліся Богу,
 

мовячы: Амін! Багаслаўле́ньне і хвала́, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму на ве́чныя вякí! Амін!
 

І азваўся адзін із старыкоў, мовячы да мяне́: Гэтыя апра́неныя ў бе́лыя шаты — хто яны і скуль прыйшлі?
 

І я сказаў яму: Ты ве́даеш, пане. І сказаў ён мне́: Гэта тыя, што прыйшлі з вялікага гора; яны памылі вопраткі свае́ і вы́белілі вопраткі свае́ ў крыві Ягняці.
 

Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы́ ў храме Ягоным; і Сідзя́чы на пасадзе жы́ціме ў іх;
 

і ня будуць яны ўжо хаце́ць е́сьці ані піці, і не падзе́ на іх сонца ані жадная сьпе́ка.
 

Бо Ягня́, што пасярод пасаду, будзе іх пасьвіць і вадзіць іх да жывы́х крыніцаў вод. І абатрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх.