2 да Цімафея 3 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Ве́дай жа тое, што ў апошнія дні прыйдуць цяжкія часы.
 
Ведай тое, што ў апошніе дні настануць цяжкіе часы:

Бо будуць людзі самалюбнымі, срэбралюбцамі, пышнымі, гордымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацьком, няўдзячнымі, бязбожнымі, няпрыязьлівымі,
 
пюдзі стануцца самалюбнымі, прагавітымі грашалюбамі, “ванымі пышліўцамі, ліхадумнымі блюзьнярамі, бацьком непаслухмянымі, узаеманенавісьнікамі бяз сэрца і згодалюбства,

нязгодлівымі, абмоўцамі, непаўстрыманымі, жорсткімі, нялюбячымі дабра,
 
зьнеслаўляючымі брахунамі, жорсткімі, злосьнікамі, непаўстрымнымі, дабра ворагамі,

здрайцамі, напастлівымі, надзьмутымі, будуць больш любіць раскошу, чым Бога,
 
здраднікамі, закатнымі, надутымі, любячымі больш роскашы, чым Бога,

маючы выгляд багабойнасьці, сілы-ж Яго выракшыся. Ад гэтакіх ухіляйся.
 
напазор пабожные, існай аднак пабожнасьці выракшыяся. Ад гэтакіх ухіляйся.

Бо з гэткіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і зводзяць жанок, абцяжоных грахамі, кіраваных усялякай пажадлівасьцяй,
 
З гэткіх бо ёсьць тые, што закрадаюцца ў дамы й зводзяць тонучыя ў грахох і похацях жанчыны,

што заўсёды вучацца ды ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.
 
што заўсёды вучацца, а ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды;

Як Яньні і Ямбр спраціўляліся Майсе́ю, гэтак і яны спраціўляюцца праўдзе, людзі з папсаваным розумам, не́вукі ў ве́ры.
 
бы той Яннэй і Ямбрэй, што працівіліся Майжэшу, гэтак працівяцца праўдзе й яны, людзі зьвіхнёнага розуму і крывое веры.

Але яны ня шмат пасьпявацімуць: бо дурасьць іх выкрыецца перад усімі, як гэта і здарылася з гэнымі.
 
Але далёка ня зойдуць, дурасьць бо іхняя выкрыецца перад усімі, як было і з тамтымі.

А ты пайшоў за мной у навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, ве́ры, любві, цярплівасьці,
 
А ты пайшоў за мною ў навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, веры й любасьці, у цярплівасьці,

у перасьле́даваньнях, муках, што здарыліся мне́ ў Антыохіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьле́даваньні я перанёс, із усіх вызваліў мяне́ Госпад.
 
з мукай прасьледу, што засьціг мяне ў Антысхіі, у Іконіі, у Лыстрах, і што вытрымаў я, Госпад мяне вызваліў.

Дый усе́, што жадаюць жыць багабойна ў Хрысьце́ Ісусе, перасьле́даваны будуць.
 
Ды й усе, што жадаюць багабойна жыць у Хрыстусе Езусе, будуць прасьледаваны;

Людзі-ж нягодныя і чарадзе́і пасьпявацімуць у зьле́, баламуцячы і баламучаныя.
 
людзі-ж злые, нягоднікі, далей будуць гразнуць у негадзі, зводзячы й іншых, зьвёўшы самых сябе.

А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе́ даве́рана, ве́даючы, кім ты навучаны;
 
А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, кім навучаны;

дый ты з дзяцінства ве́даеш сьвятое пісаньне, што́ зрабіць цябе́ можа мудрым на збаўле́ньне ве́раю, што ў Хрысьце́ Ісусе.
 
дый ты-ж і зь дзяцінства знаеш Сьв. Пісаньне, якое можа збаўленна ўразуміць цябе вераю ў Хрыстуса Езуса.

Усе́нькае пісаньне натхнёна Богам і карысна дзеля навукі, дзеля дакору, дзеля папраўле́ньня, дзеля ўзгадаваньня ў праведнасьці,
 
Усё Пісаньне Богам натхнёнае і карыснае для павучэньня, для дакорлівага напаміну, да ўзгадаваньня ў справядлівасьці,

каб дасканалым быў чалаве́к Божы, на ўсякае добрае дзе́ла гатовым.
 
каб чалавек Божы быў дасканалым, да ўсякага добрага дзела гатовым.