2 да Карынфянаў 7 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
Дык, улюбёныя, маючы гэтыя абяцанні, ачысцім сябе ад усяго, што апаганьвае цела і дух, удасканальваючы святасць у страху перад Богам.
Дык, улюбёныя, маючы такія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усякага бруду цела і духа, зьдзяйсьняючы сьвятыя рэчы ў страху Божым.
Змясціце нас у свае сэрцы; мы нікога не пакрыўдзілі, нікога не сапсавалі, ні ад каго не шукалі карысці.
Зьмясьціце нас. Мы нікога не пакрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не ашукалі.
Не ў асуджэнне кажу: бо я раней казаў, што вы — у нашых сэрцах, каб нам разам памерці і разам жыць.
Не на асуджэньне кажу, бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і памерці, і жыць.
Вялікая мая ўпэўненасць у вас, вялікая ў мяне гордасць за вас: я напоўнены суцяшэннем, я перапаўняюся радасцю пры ўсім нашым горы.
Вялікая ў мяне адвага што да вас, вялікая мне пахвала́ за вас; я напоўнены пацяшэньнем, маю ўдосталь радасьці ў-ва ўсякім прыгнёце нашым.
І нават калі мы прыйшлі ў Македонію, наша цела не мела ніякага спакою, а з усіх бакоў гнялі нас; звонку — напасці, унутры — страхі.
Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае ня мела патолі, але ў-ва ўсім мы былі прыгнечаныя: звонку — зва́дкі, унутры — страхі.
Але Бог, Які суцяшае прыгнечыных, суцешыў нас прыбыццём Ціта,
Але Бог, Які суцяшае пакорных, суцешыў нас прыходам Ціта.
і не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім ён суцешыўся аб вас, аб’яўляючы нам аб вашым гарачым жаданні, аб вашым плачы, аб вашай руплівасці дзеля мяне, так што я яшчэ болей узрадаваўся.
І ня толькі прыходам яго, але і пацяшэньнем, якім ён суцешыўся праз вас, расказваючы нам пра вашае жаданьне, пра ваш лямант, пра вашую руплівасьць адносна мяне, так што я яшчэ больш радаваўся.
Таму калі я і засмуціў вас лістом, я не раскайваюся: калі і раскайваўся, бачу, што той ліст — нават калі на гадзіну — вас засмуціў,
Дык калі я і засмуці́ў вас у пасланьні, не шкадую, хоць і шкадаваў быў, бо бачу, што пасланьне тое, хоць і на гадзіну, засмуці́ла вас.
то цяпер я радуюся — не таму, што вы былі засмучаны, а таму, што былі засмучаны да пакаяння: бо вы былі засмучаны паводле Бога, каб ні ў чым не пацярпець шкоды ад нас.
Цяпер я радуюся не дзеля таго, што вы засмуці́ліся, але што вы засмуці́ліся на навяртаньне, бо засмуці́ліся паводле Бога, каб ні ў чым ня мелі ад нас шкоды.
Бо смутак паводле Бога робіць пакаянне для выратавання, аб чым не шкадуюць; а смутак гэтага свету чыніць смерць.
Бо смутак паводле Бога робіць нязьменнае навяртаньне на збаўленьне, а смутак гэтага сьвету робіць сьмерць.
Бо вось, якраз гэта — тое, што вы былі засмучаны паводле Бога, глядзіце, якую выклікала ў вас рупнасць, а якое апраўданне, а якое абурэнне, а які страх, і якое жаданне, а якую гарачнасць, а якую адплату! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
Бо, вось, самае тое, што вы засмуці́ліся паводле Бога, якую вялікую дбайнасьць учыніла ў вас, і абарону, і абурэньне, і страх, і жаданьне, і руплівасьць, і адплату! У-ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
Дык калі я і напісаў вам, то не дзеля таго, хто пакрыўдзіў, і не дзеля пакрыўджанага, але дзеля таго, каб перад Богам стала вам відавочным ваша старанне аб нас6.
Таму, калі я і пісаў да вас, дык не дзеля таго, хто пакрыўдзіў, і не дзеля таго, хто пакрыўджаны, але каб выявілася вам дбайнасьць нашая пра вас перад Богам.
Таму мы суцешаныя. Але, акрамя нашага суцяшэння, мы яшчэ болей узрадаваліся Цітавай радасці, таму што яго дух супакоены ўсімі вамі.
Дзеля гэтага мы суцешыліся пацяшэньнем вашым; а яшчэ больш узрадаваліся мы радасьцю Ціта, што быў супакоены дух ягоны вамі ўсімі.
Бо калі я чым пахваліўся яму пра вас, — я не быў пасаромлены, але, як мы ўсё вам казалі ў праўдзе, так і наша пахвала перад Цітам аказалася праўдаю.
Дык я не асароміўся, калі чым пахваліўся вамі перад ім; але, як мы вам гаварылі ўсё ў праўдзе, гэтак і перад Цітам пахвала́ нашая сталася праўдаю.
І яго сэрца яшчэ болей горнецца да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасці ўсіх вас, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем.
І сэрца ягонае яшчэ больш да вас, калі ён узгадвае паслухмянасьць усіх вас, як вы прынялі яго са страхам і дрыжаньнем.
Я радуюся, што маю адвагу ва ўсім быць упэўненым у вас.
І я радуюся, што ў-ва ўсім маю пэўнасьць у вас.