1 да Цімафея 1 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
Павел, Апостал Хрыста Ісуса паводле наказу Бога, нашага Збаўцы, і Хрыста Ісуса, нашай надзеі, —
Павал, апостал Ісуса Хрыста паводле загаду Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае, —
Цімафею, сапраўднаму сыну ў веры: Ласка, міласць, мір ад Бога, [нашага] Бацькі і Хрыста Ісуса, нашага Госпада.
Цімафею, шчыраму дзіцяці ў веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
Як я папрасіў цябе, калі выпраўляўся ў Македонію, застацца ў Эфесе, каб ты загадаў некаторым не вучыць іншаму
Ідучы ў Македонію, я прасіў цябе быць у Эфэсе і загадаць некаторым, каб яны не навучалі іншага
і не займацца байкамі і бясконцымі радаводамі, якія больш выклікаюць спрэчкі, а не Божае домаўладкаванне, якое ў веры.
і не зважалі на байкі і радаводы бясконцыя, якія выкліка́юць больш спрэчак, чым Божага збудаваньня ў веры.
А мэта наказу — любоў ад чыстага і добрага сумлення і некрывадушнай веры,
Канец жа загаду ёсьць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумленьня, і веры некрывадушнай,
ад чаго некаторыя, збочыўшы, кінуліся ў пустаслоўе,
ад чаго адхіліўшыся, некаторыя збочылі да пустаслоўя,
хочучы быць настаўнікамі закона, хоць яны не разумеюць ні таго, што кажуць, ні таго, што ўпэўнена сцвярждаюць.
хочучы быць законавучыцялямі, не разумеючы ані таго, што кажуць, ані таго, пра што сьцьвярджаюць.
А мы ведаем, што закон — добры, калі хто яго законна ўжывае
А мы ведаем, што Закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,
і ведае тое, што закон прызначаны не для праведнага, а для беззаконных і непакорлівых, для бязбожных і грэшнікаў, для нячыстых і паганых, для збойцаў бацькоў і мацярок, для чалавеказабойцаў,
ведаючы тое, што Закон не пастаўлены для праведніка, але для беззаконьнікаў і непакорлівых, бязбожных і грэшнікаў, нячыстых і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,
распуснікаў, мужаложнікаў, гандляроў людзьмі, клятвапарушальнікаў і ўсяго іншага, што супроцьстаіць здароваму вучэнню,
распусьнікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, хлусьлівых, крывапрысяжнікаў і для іншых, што супрацівяцца здаровай навуцы,
паводле дабравесця славы шчаслівага Бога, якое было даручана мне
паводле Эва́нгельля славы шчаснага Бога, якое мне даверана.
Я складаю падзяку Таму, Хто ўмацаваў мяне, Хрысту Ісусу, нашаму Госпаду, што прызнаў мяне верным і паставіў на служэнне,
І я дзякую Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, Які ўмацаваў мяне, што Ён палічыў мяне верным, паставіўшы на служэньне,
[мяне], які раней быў блюзнерцам, ганіцелем, зневажальнікам, але памілаваны, бо рабіў гэта, не разумеючы, у нявер’і,
[мяне], які раней блю́зьніў, і перасьледаваў, і крыўдзіў, але памілаваны, бо рабіў гэта, ня ведаючы, у недаве́рстве.
і без меры памножылася ласка нашага Госпада з вераю і любоўю ў Хрысце Ісусе.
І ласка Госпада нашага памножылася разам з вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
Слушнае гэта слова і вартае ўсялякага прыняцця, што Хрыстос Ісус прыйшоў у свет выратаваць грэшных, з якіх першы — я.
Вернае слова і ўсякага прыняцьця́ вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы.
Але я таму быў памілаваны, каб Ісус Хрыстос на мне першым паказаў усю доўгацярплівасць у прыклад тым, што павераць у Яго для вечнага жыцця.
Але дзеля таго я памілаваны, каб Ісус Хрыстос у-ва мне першым зьявіў усю доўгацярплівасьць на прыклад тым, якія маюць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.
А Цару вякоў, нятленнаму, нябачнаму, адзінаму Богу — гонар і хвала векі вечныя. Амін.
Валадару ж вякоў, незьнішчальнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу паша́на і слава на вякі вякоў. Амэн.
Гэты наказ я даручаю табе, сыне мой Цімафей, згодна з раней зробленымі аб табе прароцтвамі, каб ты з іх дапамогаю ваяваў добраю вайной,
Гэткі загад даю табе, дзіця [маё] Цімафей, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі добрым змаганьнем,
маючы веру і добрае сумленне, адкінуўшы якія некаторыя пацярпелі крушэнне ўверы.
маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя разьбіліся ў веры;
Між іх Гіменей і Аляксандр, якіх я перадаў сатане, каб яны навучыліся не зневажаць Бога.
з якіх Гімэнэй і Аляксандар, якіх я аддаў шата́ну, каб яны навучыліся ня блю́зьніць.