2 да Карынфянаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А я разважыў для сябе так: не прыходзіць да вас зноў у смутку.
 
Але я судзіў у сабе не прыходзіць да вас ізноў у смутку,

Бо калі я засмучваю вас, хто мяне ўзрадуе, як не той, каго засмуціў я?
 
бо, калі я засмучаю вас, хто разьвяселіць мяне, як ня той, хто засмучаны мною?

І я напісаў [вам] тое самае, каб, прыйшоўшы, не мець смутку ад тых, ад якіх належала, каб я радаваўся, будучы ўпэўнены ва ўсіх вас, што мая радасць — гэта радасць усіх вас.
 
І я пісаў вам гэта, каб, прыйшоўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх я мусіў мець радасьць. Я маю пэўнасьць адносна ўсіх вас, што мая радасьць — для ўсіх вас [радасьць].

Бо з вялікага гора і тугі сэрца я напісаў вам праз многія слёзы не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы ўведалі бязмежную любоў, якую я маю да вас.
 
Бо з вялікага прыгнёту і ўціску сэрца пісаў я вам з многімі сьлязьмі, не каб вы былі засмучаныя, але каб спазналі любоў, якую я з лішкам ма́ю да вас.

Калі ж хто кагосьці засмуціў, то не мяне засмуціў, а часткова, — каб не перабольшыць, — усіх вас.
 
А калі хто засмуціў, не мяне засмуціў, але часткова, каб [яго] не абцяжарваць, усіх вас.

Для такога даволі гэтай кары ад большасці,
 
Даволі гэткаму самога дакараньня ад большасьці;

так што, наадварот, лепш вам дараваць і суцешыць яго, каб ён не быў ахоплены празмерным смуткам.
 
так што лепш ужо вам дараваць [яму] і суцешыць, каб гэтакі ня быў ахоплены смуткам празьмерным.

Таму прашу вас падцвердзіць вашу любоў да яго.
 
Дзеля гэтага загадваю вам засьведчыць яму любоў.

Бо для гэтага я і напісаў, каб уведаць вашу выпрабаванасць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
 
Бо дзеля гэтага я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ў-ва ўсім вы паслухмяныя.

А каму вы што-небудзь даруеце, і я — таксама; бо і я, калі ў чым дараваў каму, то дараваў дзеля вас ад асобы Хрыста,
 
А каму вы што даруеце, таму і я; бо і я, калі што дараваў каму, дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста,

каб не абхітрыў нас сатана, бо яго намеры нам не безвядомыя.
 
каб не ашукаў нас шата́н; бо нам вядомыя думкі ягоныя.

Калі ж я прыйшоў у Трааду дзеля дабравесця Хрыстова і былі мне адчынены дзверы Госпадам,
 
Калі ж я прыйшоў у Трааду дзеля Эва́нгельля Хрыстовага і дзьверы былі мне адчыненыя ў Госпадзе,

я не меў спакою ў маім духу, бо не знайшоў Ціта, майго брата, але, азвітаўшыся з імі, пайшоў у Македонію.
 
я ня меў патолі духу майму, не знайшоўшы Ціта, брата майго, але, разьвітаўшыся з імі, пайшоў у Македонію.

Ды дзякаваць Богу, Які заўсёды пераможна вядзе нас у Хрысце і духмянасць ведання Яго выяўляецца праз нас у кожным месцы;
 
Падзяка ж Богу, Які заўсёды дае нам трыюмфаваць у Хрысьце, і водар веданьня пра Сябе выяўляе праз нас у-ва ўсякім месцы.

таму штомы водыр Хрыстовы Богу ў тых, хто ратуецца, і ў тых, хто гіне:
 
Бо мы — слодыч Хрыстовая для Бога ў тых, якія збаўленыя, і ў тых, якія гінуць.

для адных — пах са смерці ў смерць, для другіх — пах з жыцця ў жыццё. І хто здатны на гэта?
 
Для адных — водар сьмерці на сьмерць, а для другіх — водар жыцьця на жыцьцё. І хто здатны на гэта?

Бо мы не гандлюем словам Божым, як многія, а гаворым па шчырасці, як ад Бога, перад Богам, у Хрысце.
 
Бо мы не фальшу́ем слова Божае, як многія, але гаворым у шчырасьці, як ад Бога, перад Богам у Хрысьце.