2 да Карынфянаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Я разважыў гэта сабе ня прыйсьці да вас ізноў із смуткам.
Але я судзіў у сабе не прыходзіць да вас ізноў у смутку,
Бо, калі я засмучу вас, хто разьвяселе мяне, калі ня тый, хто засмучаны імною.
бо, калі я засмучаю вас, хто разьвяселіць мяне, як ня той, хто засмучаны мною?
І гэта самае я пісаў вам, каб, прышоўшы, ня мець смутку ад тых, з каторых меў бы цешыцца, маючы пэўнасьць праз усіх вас, што радасьць мая ёсьць усіх вас.
І я пісаў вам гэта, каб, прыйшоўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх я мусіў мець радасьць. Я маю пэўнасьць адносна ўсіх вас, што мая радасьць — для ўсіх вас [радасьць].
Бо зь вялікае атугі а неўпакою сэрца я пісаў вам із шмат сьлязьмі, не каб засмуціць вас, але каб вы пазналі любосьць, каторую я із збыткам маю да вас.
Бо з вялікага прыгнёту і ўціску сэрца пісаў я вам з многімі сьлязьмі, не каб вы былі засмучаныя, але каб спазналі любоў, якую я з лішкам ма́ю да вас.
Калі ж хто засмуціў, ён не мяне засмуціў, але часткава ўсіх вас, каб я ня быў перацяжараны.
А калі хто засмуціў, не мяне засмуціў, але часткова, каб [яго] не абцяжарваць, усіх вас.
Такому досыць гэтае кары ад бальшыні.
Даволі гэткаму самога дакараньня ад большасьці;
Так што вы наадварот валей і даруйце й пацешча, каб можа надзвычайны смутак не пажэр яго.
так што лепш ужо вам дараваць [яму] і суцешыць, каб гэтакі ня быў ахоплены смуткам празьмерным.
Затым малю вас змацніць да яго міласьць.
Дзеля гэтага загадваю вам засьведчыць яму любоў.
Бо я дзеля таго й пісаў, каб даведацца довады праз вас, ці ў вусім вы паслухменыя.
Бо дзеля гэтага я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ў-ва ўсім вы паслухмяныя.
Каму ж вы што даруеце, то й я; бо й я што дараваў, калі дараваў што, дзеля вас перад відам Хрыстовым,
А каму вы што даруеце, таму і я; бо і я, калі што дараваў каму, дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста,
Каб нас шайтан не перайшоў, бо нам не няведамныя задумы ягоныя.
каб не ашукаў нас шата́н; бо нам вядомыя думкі ягоныя.
Як жа я прышоў да Троады дзеля Дабравесьці Хрыстовае, хоць дзьверы былі адчыненыя імне Спадаром,
Калі ж я прыйшоў у Трааду дзеля Эва́нгельля Хрыстовага і дзьверы былі мне адчыненыя ў Госпадзе,
Я ня меў супакою духу свайму, не знайшоўшы Ціта, брата свайго; але, разьвітаўшыся зь імі, я пайшоў да Макядоні.
я ня меў патолі духу майму, не знайшоўшы Ціта, брата майго, але, разьвітаўшыся з імі, пайшоў у Македонію.
Але дзякуй Богу, Каторы заўсёды вядзець нас да перамогі ў Хрысту і пах знацьця Сябе выяўляе намі на кажным месцу.
Падзяка ж Богу, Які заўсёды дае нам трыюмфаваць у Хрысьце, і водар веданьня пра Сябе выяўляе праз нас у-ва ўсякім месцы.
Бо вы пах Хрыстоў Богу у спасаных і ў гінулых:
Бо мы — слодыч Хрыстовая для Бога ў тых, якія збаўленыя, і ў тых, якія гінуць.
Адным пах сьмяротны на сьмерць, другім пах жыцьця на жыцьцё. І хто здольны на гэта?
Для адных — водар сьмерці на сьмерць, а для другіх — водар жыцьця на жыцьцё. І хто здатны на гэта?
Бо мы, не як іншыя, каторыя багацеюць хвальшаваньням слова Божага, але як із шчырасьці, але як ад Бога, перад Богам гукаем у Хрысту.
Бо мы не фальшу́ем слова Божае, як многія, але гаворым у шчырасьці, як ад Бога, перад Богам у Хрысьце.