2 да Карынфянаў 11 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

О каб вы крыху цярпелі маю неразумнасьць! Але й запраўды церпіце мяне.
 
О, каб вы крыху пацярпелі маю неразумнасьць! Але вы і церпіце мяне!

Бо ўзглядам вас я завісны завісьцяй Божай, бо я заручыў вас аддаць аднаму мужу, Хрысту, дзявушчай дзяўчынаю.
 
Бо я руплюся пра вас руплівасьцю Божай, бо я заручы́ў вас з адным Мужам, каб паставіць побач з Хрыстом чыстую дзеву.

Але я баюся, каб, як гад хітрынёю сваёй ізьвёў Еву, якім-колечы парадкам ня былі папсаваныя думкі вашы, адхінаючыся ад прасьціні й чысьціні ў Хрысту.
 
Але баюся, каб, як зьмей зьвёў Еву подступам сваім, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся, [адыйшоўшы] ад шчырасьці, якая ў Хрысьце.

Бо калі б запраўды хто, прышоўшы, абяшчаў другога Ісуса, каторага мы не абяшчалі, альбо вы адзяржалі іншага духа, каторага не адзяржалі, альбо іншую дабравесьць, каторае ня прымалі, дык вы цярпелі б.
 
Бо калі хто, прыйшоўшы, будзе абвяшчаць другога Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі вы атрымаеце іншага духа, якога ня атрымоўвалі, ці іншае Эва́нгельле, якога не прыймалі, дык вы будзеце вельмі цярплівымі.

Але я ўважаю, што я ў нічым не застаўся ад апосталаў вышшых.
 
Але я лічу, што я ні ў чым ня горшы ад найпаважнейшых апосталаў,

Але калі я няўзумелы ў мове, ня ў ведзе, адылі, але ў вусім усюдых выяўлены вам.
 
бо, хоць я просты ў слове, але ня ў веданьні, бо мы ў-ва ўсім выявілі гэта сярод вас.

Ці я ізграшыў, паніжаючы сябе, каб павышыць вас, што я дарма абяшчаў вам Дабравесьць Божую?
 
Ці ўчыні́ў я грэх, што паніжа́ў сябе, каб узвысіць вас, бо задарма́ дабравесьціў вам Эва́нгельле Божае?

Іншыя цэрквы я грабіў, адзержуючы заплату за слугаваньне вам;
 
У другіх цэркваў я браў, атрымліваючы плату дзеля служэньня вам, і, прысутны ў вас і маючы нястачу, нікога не абцяжарваў,

І, будучы ў вас, і патрабуючы, не цяжарыў нікога, бо браты, што прышлі з Макядоні, даставілі, чаго я патрабаваў; і ў вусім сьцярогся й сьцерагчыся буду ня быць цяжарам вам.
 
бо нястачу маю дапоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі; і ў-ва ўсім я пільнаваўся і буду пільнавацца, каб ня быць вам цяжарам.

Як ё праўда Хрыстова ў імне, пахвала гэта ня будзе замоўчана ўзглядам мяне ў краінах Ахаі.
 
Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне, што пахвала́ гэтая ня будзе забраная ў мяне ў краях Ахаі.

Чаму? ІІІто ня люблю вас? Бог ведае!
 
Дзеля чаго? Ці што не люблю вас? Бог ведае!

Але што раблю, і буду рабіць, каб ня даць прыклепу тым, што зычаць прыклепу, каб у тым, чым хваляцца, былі знойдзены такімі, як і мы.
 
Але гэта раблю і буду рабіць, каб адсекчы нагоду тым, якія хочуць [мець] нагоду, каб у тым, чым яны хваляцца, былі знойдзены такімі, як і мы.

Бо такія хвальшывыя апосталы, ашукныя работнікі, прыдаюцца апосталамі Хрыстовымі.
 
Бо гэтакія фальшывыя апосталы, падступныя работнікі, якія робяць выгляд апосталаў Хрыстовых.

І няма дзіва, бо сам шайтан прыдаецца ангілам сьвятліні.
 
І ня дзіва, бо і сам шата́н робіць выгляд анёла сьвятла.

Затым гэта не вялікая рэч, калі й слугачыя ягоныя прыдаюцца слугачымі справядлівасьці; канец іх будзе подле ўчынкаў іхных.
 
Дык не вялікая рэч, калі і служыцелі ягоныя робяць выгляд служыцеляў праведнасьці; канец іхні будзе паводле ўчынкаў іхніх.

Ізноў кажу: няхай хтось ня думае, што я неразумны; але калі накш, дык прыміце мяне, як неразумнага, каб я таксама крыху пахваліўся.
 
Ізноў кажу: няхай ніхто ня лічыць мяне неразумным, а калі не, дык прыйміце мяне хоць як неразумнага, каб і мне крыху нечым пахваліцца.

Што кажу, не кажу як ад Спадара, але як у неразумнасьці ў гэтай адвазе хваленьня.
 
Што кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як у неразумнасьці, у гэткай пэўнасьці пахвальбы́.

Як шмат хто хваліцца подле цела, дык і я буду хваліцца.
 
Калі многія хва́ляцца паводле цела, і я буду хвалі́цца.

Бо вы, людзі мудрыя, ахвотна церпіце неразумных.
 
Бо вы [людзі] мудрыя, ахвотна церпіце неразумных.

Вы церпіце, як вас хто няволе, як хто аб’ядае, як хто адбірае, як хто вывышаецца, як хто поўшыць вас.
 
Бо вы церпіце, калі хто вас зьневаляе, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вывышаецца, калі хто б’е вас па абліччы.

На сорам кажу, быццам мы былі слабыя; а ў чым хто адважны (гукаю ў неразумнасьці), адважны й я.
 
На сорам кажу, што мы быццам саслабелі. А калі хто адважваецца ў чым, кажу ў неразумнасьці, адважваюся і я.

Яны Гэбрэі? я таксама. Яны Ізраеляне? я таксама. Яны насеньне Абрагамова? я таксама.
 
Яны Гебраі? І я. Яны Ізраільцяне? І я. Яны — насеньне Абрагама? І я.

Слугачыя Хрыстовы яны? (неразумна кажу) я балей. Я шмат балей у гарапашнасьці, нязьмерна ў ранах, балей у вязьніцах і шмат разоў пры сьмерці.
 
Яны — служыцелі Хрыста? Здурэўшы кажу: я больш! Шмат больш у працы, бязьмерна ў ранах, шмат больш у вязьніцах, часта пры сьмерці.

Ад Жыдоў пяць разоў я адзяржаў сорак без аднаго.
 
Ад Юдэяў пяць разоў атрымаў сорак [удараў] без аднаго;

Трэйчы быў біты кіямі, аднойчы каменаваны, трэйчы з імною разьбіўся караб, ноч і дзень прабыў на глыбіні;
 
тройчы білі мяне кія́мі, аднойчы каменава́лі; тройчы разьбіваўся карабель, ноч і дзень быў я ў глыбіні́.

Шмат разоў у падарожжах, у небясьпечнасьцях на рэках, у небясьпечнасьцях ад разбойнікаў, у небясьпечнасьцях ад сваіх, у небясьпечнасьцях ад паган, у небясьпечнасьцях у месьце, у небясьпечнасьцях на пустыні, у небясьпечнасьцях на мору, у небясьпечнасьцях памеж хвальшывых братоў,
 
Часта ў падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад свайго народу, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках між фальшывымі братамі,

У гарапашнасьці а ў высіленьню, бяз сну часта, у голадзе а смазе, часта ў пастох, на сьцюжы і ў голасьці.
 
у працы і ў стоме, часта ў чуваньнях, у голадзе і смазе, часта ў пастах, у сьцю́жы і галізьне́.

Апрача тога, што звонку, навала кажнага дня, рупнасьць праз усі цэрквы.
 
Акрамя выключных [здарэньняў], у мяне штодня зграмаджэньне, турбота пра ўсе цэрквы.

Хто няўздолее, ці я не няўздолею? Хто спатыкаецца, ці я не загараюся?
 
Хто зьнемагае, і я не зьнемагаю? Хто горшыцца, і я не пала́ю?

Калі маю хваліцца, няўздоляньнямі сваімі хваліцца буду.
 
Калі мушу хвалі́цца, буду хвалі́цца маёй слабасьцю.

Бог а Ацец Спадара Ісуса, дабраславёны на векі, ведае, што я не маню.
 
Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраслаўлёны на вякі, ведае, што я не хлушу́.

У Дамашку вайвода караля Арэты сьцярог места Дамашк, хочучы няць мяне,
 
У Дамаску намесьнік валадара Арэты ахоўваў горад Дамаск, хочучы схапіць мяне;

І я быў спушчаны пераз акно ў кашу ізь сьцяны і ўцёк із рук ягоных.
 
і я ў кашы́ быў спушчаны з вакна праз мур, і ўцёк ад рук ягоных.