2 да Карынфянаў 6 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А, як супрацаўні, мы таксама молім, каб ласкі Божае вы дарма не прынялі.
 
І працуючы разам [з Ім], мы просім, каб ласка Божая не надарма́ была атрыманая вамі.

Бо кажа: «У часе прыгодным Я пачуў цябе і ў дзень спасеньня памог табе». Вось, цяпер час прыгодны, вось, цяпер дзень спасеньня.
 
Бо Ён кажа: «У час прыемны Я выслухаў цябе і ў дзень збаўленьня дапамог табе». Вось, цяпер час адпаведны, вось, цяпер дзень збаўленьня!

Мы ня робім ніякае пераказы ні ў чым, каб ня было вінавана слугаваньне;
 
Мы нікому ні ў чым не даем спатыкненьня, каб ня га́нілася служэньне,

Але ў вусім паручаючыся, як слугачыя Божыя, у вялікай трывалкосьці, у няшчасьцях, у патрэбах, у ватугах,
 
але ў-ва ўсім адрэкамэндоўваем вам сябе, як служыцеляў Божых, у вялікай цярплівасьці, у прыгнётах, у патрэбах, у ўцісках,

У вытнях, у вязьніцах, сумятні, у гарапашнасьці, у чукавасьці, у пастох,
 
у зьбіцьці, у вязьніцах, у забурэньнях, у працах, у чуваньнях, у пастах,

У чысьціні, у ведзе, у цярплівосьці, у дабрыні, у Духу Сьвятым, у нядвудушнай міласьці,
 
у чысьціні, у веданьні, у доўгацярплівасьці, у ласкавасьці, у Духу Сьвятым, у любові некрывадушнай,

У слове праўды, у сіле Божай, із зброяй справядлівасьці ў правай і левай руццэ,
 
у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праведнасьці ў правай і ў левай руцэ,

Пераз славу й няславу, пераз благія дзейкі й добрыя дзейкі, як ашуканцы й праўдзівыя;
 
у славе і ганьбе, у ганьбаваньні і пахвале́; нібы падманшчыкі, але праўдзівыя,

Як няведамыя й добра ведамыя; як паміраючыя, але, вось, мы жывыя; як караныя, але не забітыя;
 
як невядомыя, але пазнаваныя; як тыя, што паміраюць, але, вось, мы жывыя; як кара́ныя, але не забіва́ныя;

Як смутныя, але заўсёды радыя; як убогія, але багацячыя шмат каго; як нічога нямаючыя, але дзяржачыя ўсе.
 
як засму́чаныя, але заўсёды радасныя; як убогія, але многіх узбагачаем; як нічога ня маем, але ўсім валодаем.

Вусны нашы адчыненыя да вас, Карынцяне, сэрца наша расшырана.
 
Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае пашырылася.

Вы ня сьцісьненыя ў нас, але сьцісьненыя ў нутрох сваіх.
 
Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна.

І ўзаемна (кажу, як дзяцём) — няхай таксама расшырыцца сэрца вашае.
 
Дзеля гэткае ж пла́ты, кажу [вам], як дзецям, пашырцеся і вы.

У нясобствавае йго не ўпрагайцеся зь нявернікамі; бо што за супалка справядлівасьці зь бяспраўям? або што за ўзаем’е сьвятліні зь цямнотаю?
 
Ня будзьце пад чужым ярмом з бязьвернымі, бо якое таварыства праведнасьці і беззаконьня? Якая супольнасьць у сьвятла з цемраю?

І што за згода Хрыста зь веляром? Або што за дзель верніку зь нявернікамі?
 
А якая згода ў Хрыста з Бэліярам? Ці якая частка ў вернага з бязьверным?

І што за задзіночаньне дому Божага з балванамі? Бо вы дом Бога жывога, як Бог сказаў: «Буду жыхарыць сярод іх і хадзіць сярод іх; і буду іх Богам, а яны будуць Маім людам.
 
Ці якая лучнасьць у бажні́цы Божай з ідаламі? Бо вы — бажні́ца Бога Жывога, як сказаў Бог: «Буду жыць у іх і буду хадзіць з імі; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».

Затым выйдзіце з пасярод іх і будзьце аддзеленыя, кажа Спадар, і не дакранайцеся да нячыстага, і Я рада прыйму вас;
 
Дзеля гэтага: «Выйдзіце спасярод іх і аддзяліцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыйму вас».

І буду вам за Айца, а вы Імне будзеце за сыноў і дачкі, кажа Спадар Усемагучы».
 
«І Я буду вам Айцом, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усеўладны».