2 да Карынфянаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ці ізноў нам пачынаць самых сябе паручаць? Або патрабуем, як некатрыя, паручных лістоў да вас альбо ад вас?
 
Ці пачнем ізноў адрэкамэндоўваць сябе [вам]? Ці мы патрабуем, як некаторыя, даручальных лістоў да вас ці даручальных [лістоў] ад вас?

Вы — ліст наш, напісаны ў сэрцах нашых, пазнаваны а чытаны ўсімі людзьмі,
 
Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі.

Выяўлены ліст Хрыстоў, выслужаны намі, напісаны ня чэрняю, але Духам Бога жывога, не на каменных дошчачках, але на цялесных дошчачках сэрца.
 
Бо яўна [для ўсіх], што вы — ліст Хрыстовы, напісаны праз служэньне нашае не атра́мантам, але Духам Бога Жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.

А такі давер мы маем пераз Хрыста да Бога;
 
А гэтакую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста

Не каб мы самы былі здольныя мысьліць што-лень, як самы ізь сябе, але здольнасьць наша з Бога,
 
не таму, што мы здольныя залічыць нешта сабе, нібыта праз сябе, але здольнасьць нашая ад Бога,

Каторы ўчыніў нас здольнымі слугачымі новае ўмовы, ня літары, але духа; бо літара забівае, а дух ажыўляе.
 
Які даў нам здольнасьць быць служыцелямі Новага Запавету, ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе.

Калі ж слугаваньне сьмерці, літарамі выразанае на камянёх, было слаўнае, ажно не маглі цеміцца сынове Ізраелявы ў від Масеяў з прычыны славы віду ягонага мінучае,
 
Калі ж служэньне сьмерці, высечанае літарамі на камяня́х, было ў такой славе, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсея дзеля славы аблічча ягонага, якая зьнікала,

Дык ці не пагатове мае быць шмат слаўнейшае слугаваньне Духа?
 
дык ці ня шмат больш будзе ў славе служэньне Духа?

Бо калі слугаваньне засуджэньня слаўнае, пагатове слугаваньне справядлівасьці збыткуе ў славе.
 
Бо калі служэньне асуджэньня ёсьць слава, шмат больш багатае славаю служэньне праведнасьці.

Бо й услаўленае ня было ўслаўлена, раўнуючы да пераходзячае славы.
 
Бо і тое, што мела славу, не было слаўным у сваёй меры з прычыны бязьмернасьці [будучай] славы.

Бо калі мінаючае слаўнае, пагатове трываючае ў славе.
 
Бо калі ма́е славу тое, што зьнікае, тым больш у славе тое, што застаецца.

Затым, маючы такую надзею, мы дзеем вельмі адважна,
 
Дык, маючы гэткую надзею, дзейнічаем з вялікай адвагаю.

А ня так, як Масей, што клаў запінашку на від свой, так што сынове Ізраелявы ня цеміліся ў канец мінаючага.
 
І ня так, як Майсей, які ўскладаў заслону на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец таго, што зьнікае.

Але розумы іхныя закалянелыя, бо аж дагэтуль тая самая запінашка пры чытаньню Старога Закону застаецца, ня будучы расьхіненая; аддаляецца Хрыстом.
 
Але скамянелі думкі іхнія, бо тая заслона да сёньня застаецца нязьнятай пры чытаньні Старога Запавету, таму што яна ў Хрысьце зьнішчаецца.

Значыцца, аж дагэтуль, як Масея чытаюць, запінашка ляжыць на сэрцу іхным.
 
Аж да сёньня, калі яны чытаюць Майсея, заслона ляжыць на сэрцы іхнім,

Але, як наварачаюцца да Спадара, запінашка гэна здыймаецца.
 
а калі хто зьвернецца да Госпада, заслона здымаецца.

Спадар ё Дух; а йдзе Дух Спадароў, там свабода.
 
Госпад ёсьць Дух, а дзе Дух Госпада, там свабода.

Мы ж усі, з каторых віду зьнята запінашка, сузіраючы, як у глядзелцы, славу Спадарову, адмяняемся ў тый самы абраз ад славы ў славу, як ад Духа Спадаровага.
 
Мы ж усе, адкрытым абліччам узіраючыся на славу Госпада, перамяняемся ў вобраз Ягоны ад славы ў славу, як ад Духа Госпада.