Дзеі 22 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Цяпінскага
Мужы браты і бацькі, выслухайце цяпер маё апраўданне перад вамі.
І, пачуўшы, што ён звяртаецца да іх на яўрэйскай мове, яны яшчэ болей суцішыліся. І ён сказаў:
Я іудзей, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, але выгадаваны ў гэтым горадзе, навучаны каля ног Гамалііла паводле суровасці бацькоўскага закона, руплівец Бога, як усе вы сёння.
Я гнаў гэтую Дарогу да смерці, звязваючы і аддаючы ў турмы і мужчын і жанчын,
як і першасвятар сведчыць пра мяне і ўсе старэйшыны, ад якіх я і атрымаў лісты да братоў і пайшоў у Дамаск, каб і тых, што знаходзяцца там, прывесці звязанымі ў Іерусалім, каб яны былі пакараны.
І сталася, калі я ішоў і набліжаўся каля поўдня да Дамаска, раптам зазіхацела з неба вялікае святло вакол мяне,
і я ўпаў на зямлю і пачуў голас, што казаў мне: «Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне?»
І я адказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» І Ён сказаў мне: «Я Ісус Назарэй, Якога ты гоніш».
І тыя, хто быў са мною, святло бачылі [і перапалохаліся], але голасу Таго, Хто казаў мне, не чулі.
І я спытаўся: «Што мне рабіць, Госпадзе?» І Госпад сказаў мне: «Устань і ідзі ў Дамаск, і там табе будзе сказана пра ўсё, што вызначана табе зрабіць».
А як я нічога не бачыў ад славы таго святла, мяне павялі за руку тыя, хто быў са мною, і я прыйшоў у Дамаск.
І нейкі Ананія, чалавек набожны паводле закона, з добрым сведчаннем ад усіх мясцовых іудзеяў, [якія жылі ў Дамаску],
прыйшоў да мяне і, стаўшы побач, сказаў мне: «Саўле, браце, стань відушчы!» І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго.
І ён сказаў: «Бог нашых бацькоў загадзя вызначыў цябе, каб ты ўведаў Яго волю і ўбачыў Праведніка і пачуў голас з Яго вуснаў;
бо ты будзеш сведкам Яго для ўсіх людзей пра тое, што ты ўбачыў і пачуў.
І цяпер — чаму ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый свае грахі, заклікаўшы Яго імя62».
І сталася: калі я вярнуўся ў Іерусалім і маліўся ў святыні, мне было з’явенне63;
і я ўбачыў Яго, і Ён казаў мне: «Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Іерусаліма, бо яны не прымуць твайго сведчання пра Мяне».
І я сказаў: «Госпадзе, яны ведаюць, што я знявольваў у турмы і біў у сінагогах тых, хто веруе ў Цябе;
і калі пралівалася кроў Твайго сведкі Стэфана, я сам стаяў побач, і згаджаўся [з забойствам яго], і пільнаваў вопратку тых, што забівалі яго».
І Ён сказаў мне: «Ідзі, бо Я пашлю цябе далёка да язычнікаў».
І яны яго слухалі да гэтага слова, а пасля паднялі крык, кажучы: «Прэч з зямлі такога, бо нельга, каб ён жыў!»
І пакуль яны крычалі і зрывалі вопраткі і кідалі пыл у паветра,
тысячаначальнік загадаў весці яго ў крэпасць, сказаўшы дапытаць яго з бічаваннем, каб даведацца, з-за якой прычыны яны гэтак крычалі супроць яго.
А калі расцягнулі яго рамянямі, Павел сказаў сотніку, што стаяў побач: «Ці дазваляецца вам бічаваць чалавека, калі ён рымскі грамадзянін і не асуджаны?»
І, пачуўшы [гэта], сотнік падышоў да тысячаначальніка, кажучы: [Глядзі], што ты збіраешся рабіць? Бо гэты чалавек — рымскі грамадзянін.
І тысячаначальнік, падышоўшы, спытаўся ў яго: Скажы мне, ты рымскі грамадзянін? — І ён сказаў: Так, рымскі грамадзянін.
І тысячаначальнік адказаў: Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства. — Павел жа сказаў: А я і нарадзіўся ў ім.
Тады адразу ж тыя, што збіраліся катаваць, адступілі ад яго; і тысячаначальнік спалохаўся, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін і што ён звязаў яго.
І назаўтра, хочучы даведацца дакладна, у чым абвінавачваюць яго іудзеі, ён вызваліў яго [з кайданоў] і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму сінедрыёну; і, прывёўшы Паўла, паставіў яго перад імі.