Адкрыцьцё 11 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І быў дадзены мне шост, падобны да жазла, і сказана: Устань і змерай храм Божы, і ахвярнік, і тых, хто пакланяецца ў ім.
 

А двор, што па-за храмам, выключы і не мерай яго, бо ён дадзены язычнікам, і яны будуць таптаць святы горад сорак два месяцы.
 

І Я дам двум Маім сведкам, і яны будуць прарочыць тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён, апранутыя ў зрэбніну.
 

Гэта дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Госпадам22 зямлі.
 

І, калі хто захоча нашкодзіць ім, агонь выходзіць з іх вуснаў і пажырае іх ворагаў; і, калі хто захоча нашкодзіць ім, то ён гэтак павінен быць забіты.
 

Яны маюць уладу замкнуць неба, каб не ішоў дождж у дні іх прароцтва, і яны маюць уладу над водамі: ператвараць іх ў кроў і пляжыць зямлю ўсялякай напасцю гэтулькі разоў, колькі захочуць.
 

І, калі яны кончаць сваё сведчанне, звер, які падымаецца з бездані, будзе весці вайну з імі, і пераможа іх, і заб’е іх.
 

І іх трупы будуць на вуліцы вялікага горада, які духоўна называецца Садом і Егіпет, дзе і Госпад іх23 быў укрыжаваны.
 

І людзі з плямёнаў, і пакаленняў, і родаў, і народаў глядзяць24 на іх трупы тры дні з палавінаю і не дазваляюць25 пакласці іх трупы ў магільню.
 

І тыя, хто жыве на зямлі, радуюцца з-за іх і весяляцца, і яны будуць пасылаць адзін аднаму падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, хто жылі на зямлі.
 

І праз тры дні з палавінаю дух жыцця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны [абодва] ўсталі на свае ногі, і вялікі страх напаў на тых, хто глядзеў на іх.
 

І яны пачулі гучны голас з неба, які казаў ім: Узыдзіце сюды. — І яны ўзышлі ў неба ў воблаку; і іх ворагі глядзелі на іх.
 

І ў той момант адбыўся вялікі землятрус, і дзесятая частка горада ўпала, і было забіта ў землятрусе сем тысяч асоб26, а астатнія, ахопленыя жахам, узнеслі славу Богу Нябеснаму.
 

Другое гора прайшло; вось надыходзіць хутка трэцяе гора.
 

І сёмы Анёл затрубіў; і пачуліся гучныя галасы ў небе, якія казалі: Царства свету зрабілася царствам нашага Госпада і Яго Хрыста, і Ён будзе валадарыць векі вечныя.
 

І дваццаць чатыры старэйшыны, якія сядзяць перад Богам на сваіх тронах, упалі на свае абліччы і пакланіліся Богу,
 

кажучы: Дзякуем Табе, Госпадзе Божа Усемагутны, Той, Хто ёсць, і Хто быў [і прыходзіць], бо Ты прыняў Сваю вялікую сілу і заваладарыў.
 

І разгневаліся народы, і прыйшоў Твой гнеў і час судзіць мёртвых і даць плату Тваім слугам — прарокам, і святым, і тым, хто баіцца Твайго імя, малым і вялікім, і знішчыць тых, хто нішчыць зямлю.
 

І быў адчынены храм Божы, які ў небе, і паказаўся каўчэг Яго запавету ў Яго храме; і былі маланкі, і галасы, і грамы, і землятрус, і вялікі град.