1 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Бо вы самі ведаеце, браты: наш уваход да вас — быў не дарэмны;
а раней мы перацярпеўшы пакуты і здзекі ў Філіпах, як вы і ведаеце, адважыліся ў нашым Богу прапаведаць вам Дабравесце Божае ў вялікім змаганні.
Бо наша навучанне не было ні з памылковасці, і ні з нечысціні, і ні з ашуканства;
а як мы выпрабаваны Богам, каб нам было даручана Дабравесце, так мы і кажам, не людзям дагаджаючы, а Богу, які выпрабоўвае нашы сэрцы.
Бо ніколі не было ў нас перад вамі слоў ліслівасці, як вы ведаеце, і ні ўтоенай хцівасці — Бог сведка.
І хвалы ад людзей мы не шукалі, ні ад вас, ні ад іншых,
хоць маглі б мець вагу як Апосталы Хрыстовы. Але мы зрабіліся мяккімі1 між вас, якіх будзе саграваць карміліца, як сваіх дзяцей,
так мы ў сваім памкненні да вас уважаем за добрае перадаць вам не толькі Дабравесце Божае, але і нашы душы, бо вы сталіся для нас улюбёнымі.
Бо вы памятаеце, браты, нашу працу і намаганне: уначы і ўдзень працуючы, каб не абцяжарыць каго з вас, мы прапаведавалі вам Дабравесце Божае.
Вы сведкі і Бог, як мы свята, справядліва і беззаганна вялі сябе з вамі, тымі, хто верыць,
таксама, як вы ведаеце, якія мы былі з кожным з вас, як бацька са сваімі дзецьмі, навучаючы, і падбадзёрваючы, і сведчачы,
каб вы жылі годна Бога, Які заклікаў вас у Сваё Царства і славу.
А таму і мы несупынна дзякуем Богу, што, атрымаўшы слова Божае, пачутае ад нас, вы прынялі яго не як слова чалавечае, а як яно сапраўды ёсць, як слова Божае, якое і дзейнічае ў вас — тых, хто верыць.
Бо вы, браты, зрабіліся пераймальнікамі цэркваў Божых, якія ў Іудзеі ў Хрысце Ісусе, бо і вы перацярпелі ад уласных супляменнікаў тое самае, што і яны ад іудзеяў,
якія і Госпада Ісуса і прарокаў забілі і нас выгналі; і Богу яны не дагаджаюць і ўсім людзям супроцьстаяць,
перашкаджаючы нам казаць язычнікам, каб тыя былі выратаваны, так што заўсёды папаўняюць свае грахі. Але ў канцы набліжаецца на іх гнеў.
Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час прысутнасцю, а не сэрцам, тым з большым жаданнем імкнуліся пабачыць вашы абліччы.
Таму мы хацелі прыйсці да вас — я, Павел, і раз, і два, аднак перашкодзіў нам сатана.
Бо хто ёсць наша надзея, ці радасць, ці вянок пахвалы — ці не вы ж — перад нашым Госпадам Ісусам [Хрыстом] у Яго прышэсці?
Бо вы — наша хвала і радасць.