1 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Вы ж самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што не ма́рны ён быў;
 

але, перацярпеўшы пакуты і знявагі ў Філіпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам дабравесце Божае пры моцным супрацьстая́нні.
 

Бо навуча́нне наша не выніка́е ні з памы́лкі, ні з нечыстаты́, ні з падма́ну;
 

але паколькі Бог вы́прабаваў нас і даверыў нам дабраве́сце, то мы і гаворым, дагаджаючы не людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашы.
 

Бо ніколі не было ў нас ні слоў ліслíвасці, як вы ведаеце, ні кары́слівага наме́ру, — Бог сведка! —
 

і не шукаем людской славы ні ад вас, ні ад іншых:
 

мы маглі паказаць сваю вагу́ як Апосталы Хрыстовы, але былí лагоднымі сярод вас, як кармíцелька, што пе́сціць сваіх дзяцей.
 

Так мы, у шчырым памкне́нні да вас, жадаем перадаць вам не толькі дабравесце Божае, але і душы нашы, бо вы сталі для нас узлю́бленымі.
 

Вы ж па́мятаеце, браты, цяжкую працу нашу і намага́нні: бо ўночы і ўдзень мы працавалі, каб не абцяжарыць каго з вас, і прапаведавалі вам дабравесце Божае.
 

Вы і Бог — сведкі таго, як свята, і праведна, і бездакорна ставіліся мы да вас, веруючых,
 

бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, падобна як бацька дзяцей сваіх,
 

прасілі, і заахвочвалі, і пераконвалі, каб выпаводзілі сябе дастойна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
 

Таму мы і дзякуем Богу пастаянна за тое, што, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, вы ўспрынялí яго не як слова чалавечае, але як слова Божае, якім яно сапраўды́ з’яўля́ецца і дзейнічае ў вас, веруючых.
 

Бо вы, браты, сталі пераймальнікамі цэркваў Божых у Хрысце Іісусе, тых, што ў Іудзеі, бо вы перацярпелі ад сваіх супляме́ннікаў тое самае, што і яны ад Іудзеяў,
 

якія забілі і Госпада Іісуса, і Яго прарокаў, і нас выгналі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім лю́дзям працíвяцца;
 

яны перашкаджа́юць нам прапаве́даваць язычнікам, каб тыя спаслíся, і гэтым памнажаюць грахі свае заўсёды; але гнеў насцíгнуў іх урэшце.
 

Мы ж, браты, асірацелі без вас, разлу́чаныя на нейкі час знешне, але не ў сэрцы, з яшчэ большым жаданнем імкнуліся ўбачыць аблічча ваша.
 

Таму мы хацелі прыйсці да вас, а я, Павел, — дык і раз, і другі, але перашкодзіў нам сатана.
 

Бо хто наша надзея ці радасць, ці вянок пахвалы́? Хіба́ ж і не вы, перад Госпадам нашым Іісусам Хрыстом у час прышэ́сця Яго́
 

Бо вы — слава наша і радасць.