1 Яна 5 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Кожны, хто верыць, што Ісус ёсць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго.
 
Кожны, хто ве́руе, што Іісус гэта Хрыстос, той ад Бога наро́джаны, і кожны, хто лю́біць Таго, Хто нарадзíў, лю́біць і наро́джанага ад Яго.

У г этым мы пазнаём, што любім дзяцей Божых: калі любім Бога і выконваем Яго запаведзі.
 
Што лю́бім дзяцей Божых, мы пазнаём па тым, што лю́бім Бога і выко́нваем за́паведзі Яго.

Бо вось што ёсць любоў Божая: каб мы выконвалі Яго запаведзі, і запаведзі Яго не цяжкія.
 
Бо ў тым любоў да Бога, каб мы выко́нвалі за́паведзі Яго; а за́паведзі Яго не ця́жкія.

Бо ўсё, народжанае ад Бога, перамагае свет; і вось што ёсць перамога, якая перамагла свет: наша вера.
 
Таму што ўсё, наро́джанае ад Бога, перамага́е свет; і вось перамо́га, якая перамагла́ свет: вера наша.

І хто перамагае свет, як не той, хто верыць, што Ісус ёсць Сын Божы?
 
Хто перамага́е свет, як не той, хто ве́руе, што Іісус ёсць Сын Божы?

Гэта ёсць Той, Хто прайшоў праз ваду і кроў, [і Духа,] Ісус Хрыстос; не толькі вадою, а вадою і крывёю; і Дух ёсць сведка, таму што Дух ёсць праўда.
 
Гэта Той Іісус Хрыстос, Які прыйшо́ў вадою, і крывёю, і Ду́хам, не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сведчыць пра Яго, таму што Дух ёсць íсціна.

Бо ёсць тры сведкі [на небе: Бацька, Слова і Святы Дух; і гэтыя тры ёсць адно.
 
Бо трое све́дчаць на небе: Айцец, Сло́ва і Святы́ Дух; і Гэтыя трое ёсць адно.

І тры сведчаць на зямлі:] Дух, вада і Кроў; і ўсе тры — у адным.
 
І трое све́дчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя трое — пра адно.

Калі мы прымаем сведчанне людзей, то сведчанне Божае — большае, бо гэта сведчанне Бога, якім Ён засведчыў пра Свайго Сына.
 
Калі мы прыма́ем све́дчанне людзей, то све́дчанне Бога — бо́льшае, таму што гэта сва́дчанне Бога, якім Ён засве́дчыў пра Сы́на Свайго.

Хто верыць у Сына Божага, той мае сведчанне ў сабе самім; хто не верыць Богу, той зрабіў Яго лгуном, бо не паверыў у сведчанне, якім Бог засведчыў пра Свайго Сына.
 
Хто ве́руе ў Сына Божага, той ма́е све́дчанне ў сабе самíм; хто не ве́руе ў Бога, той робіць Яго лгуно́м, бо не ве́рыць све́дчанню, якім Бог засве́дчыў пра Сы́на Свайго.

І гэта ёсць сведчанне: што Бог даў нам вечнае жыццё, і гэтае жыццё — у Яго Сыне.
 
І вось гэтае све́дчанне: Бог даў нам жыццё ве́чнае, і гэтае жыццё — у Сы́не Яго.

Хто мае Сына, той мае жыццё; хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.
 
Хто ма́е Сына Божага, той ма́е жыццё; хто не ма́е Сына Божага, той не ма́е жыцця́.

Я напісаў вам гэта, каб вы ведалі, што вы маеце жыццё вечнае, — тым, хто верыць у імя Сына Божага.
 
Гэта напіса́ў я вам, хто веруе ў імя́ Сына Божага, каб вы ведалі, што вы ма́еце жыццё вечнае, і каб ве́равалі ў імя́ Сына Божага.

І гэта ёсць адвага, якую мы маем перад Ім: што калі мы чаго просім згодна волі Яго, ён чуе нас.
 
І вось якую адва́гу мы маем да Яго: калі про́сім чаго́сьці па волі Яго, то Ён слу́хае нас.

І калі мы ведаем, што Ён чуе нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, мы ведаем, што маем усё тое прошанае, якое мы папрасілі ў Яго.
 
А калі мы ве́даем, што Ён слу́хае нас, чаго б мы ні прасíлі, то ве́даем, што атры́мліваем тое, чаго прасíлі ў Яго.

Калі хто-небудзь убачыць, што яго брат саграшыць грахом не на смерць, няхай папросіць і Бог дасць яму жыццё — тым, хто грашыць не на смерць. Ёсць грэх на смерць: я не кажу, каб ён прасіў аб тым.
 
Калі хто ба́чыць брата свайго, які саграша́е грахом не на сме́рць, то няхай мо́ліцца, і Бог дасць жыццё яму — таму, які саграша́е не на смерць. Ёсць грэх на смерць, не пра такі кажу́, каб ён малíўся.

Кожная няправеднасць — грэх, але ёсць грэх не на смерць.
 
Усякая няпра́веднасць — гэта грэх; але ёсць грэх не на смерць.

Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, не грашыць, але той, хто быў народжаны ад Бога, ахоўвае сябе, і ліхі4 не дакранецца да яго.
 
Мы ведаем, што кожны, наро́джаны ад Бога, не грашы́ць; але наро́джаны ад Бога захо́ўвае сябе, і ліхí не дакрана́ецца да яго.

Мы ведаем, што мы — ад Бога, а ўвесь свет ляжыць у ліхім.
 
Мы ве́даем, што мы ад Бога і што ўвесь свет ляжы́ць у зле.

Але мы ведаем, што Сын Божы прыйшоў і даў нам розум, каб мы ведалі Праўдзівага [Бога], і мы — у Праўдзівым, у Яго Сыне Ісусе Хрысце. Ён ёсць праўдзівы Бог і вечнае жыццё.
 
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам святло і розум, каб мы спазна́лі Бога íсціннага, і мы ёсць у íсцінным Сыне Яго Іісусе Хрысце́. Ён — íсцінны Бог і жыццё ве́чнае.

Дзеткі, сцеражыце сябе ад ідалаў. [Амін.]
 
Дзеткі! захо́ўвайце сябе ад íдалаў. Амíнь.