Дзеі 6 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі
У гэтыя ж дні, калі прымножвалася вучняў, узнялося нараканне эліністаў18 на яўрэяў, што іх удовы былі занядбаны пры штодзённым абслугоўванні.
Тымі днямі, калі намножылася вучняў, пачалі Эліністы наракаць на Габрэяў за тое, што ўдовы іхнія занядбаныя ў штодзённай раздачы міласьціны.
І дванаццацёра, склікаўшы мноства вучняў, сказалі: Не добра нам, пакінуўшы слова Божае, абслугоўваць сталы.
Тады дванаццаць апосталаў, паклікаўшы многа вучняў, сказалі: нягожа нам, занядбаўшы слова Божае, рупіцца пра застольлі.
[Дык] прыгледзьце ж, браты, з вас сем чалавек, якія маюць аб сабе добрае сведчанне, поўных [Святога] Духа і мудрасці, якіх паставім на гэтую патрэбу,
Дык вось, браты, выберыце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Сьвятым Духам і мудрасьцю; іх паставім на гэтую службу;
а мы аддадзімся малітве і служэнню слова.
а мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэньні словам.
І спадабалася гэтае слова ўсяму сходу, і яны выбралі Стэфана, чалавека поўнага веры і Святога Духа, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымана, і Пармена, і Мікалая, празеліта-антыахійца,
І спадабалася гэтая прапанова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прохара і Міканора, і Цімона і Пармена, і Мікалая Антыахійца, навернутага зь язычнікаў;
якіх паставілі перад Апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі рукі на іх.
іх паставілі перад апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі;
І слова Божае расло і лік вучняў у Іерусаліме вельмі прымнажаўся; і вялікае мноства святароў прыняло веру.
і слова Божае расло, і лік вучняў даволі памнажаўся ў Ерусаліме; і зь сьвятароў вельмі многія ўпакорыліся веры.
А Стэфан, поўны ласкі19 і сілы, рабіў вялікія цуды і знакі ў народзе.
А Сьцяпан, поўны веры і сілы, учыняў вялікія цуды і азнакі ў народзе.
І паўсталі некаторыя з так званай сінагогі лібертынцаў, і кірэнцаў, і александрыйцаў, і тых, што з Кілікіі і Азіі, спрачаючыся са Стэфанам,
Некаторыя з так званае сынагогі Лібертынцаў і Кірынейцаў і Александрыйцаў і некаторыя з Кілікіі і Асіі ўступілі ў спрэчку са Сьцяпанам;
але яны не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, Якім ён прамаўляў.
але не маглі ўстояць супраць мудрасьці і Духу, Якім ён прамаўляў.
Тады яны падбухторылі людзей, якія казалі: Мы чулі, як ён казаў зневажальныя словы на Маісея і Бога;
Тады падбухторылі яны некаторых сказаць: мы чулі, як ён казаў блюзьнерчыя словы на Майсея і на Бога.
і яны ўзбурылі народ, і старэйшын, і кніжнікаў і, падступіўшы, схапілі яго і павялі ў сінедрыён,
І ўзбурылі люд і старэйшын і кніжнікаў і напаўшы схапілі яго і павялі ў сынедрыён,
і паставілі лжывых сведкаў, якія казалі: Гэты чалавек не перастае казаць [зневажальныя] словы супроць [гэтага] святога месца20 і закона;
і паставілі ілжывых сьведкаў, якія казалі: гэты чалавек не перастае гаварыць блюзьнерчыя словы на сьвятое месца гэтае і на закон;
бо мы чулі, як ён казаў, што гэты Ісус Назарэй зруйнуе гэтае месца і зменіць звычаі, якія перадаў нам Маісей.
бо мы чулі, як ён казаў, што той Ісус Назарэй зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей.
І ўсе, хто сядзеў у сінедрыёне, пільна ўгледзеўшыся ў яго, убачылі ягонае аблічча, як аблічча Анёла.
І ўсе, хто сядзеў у сынедрыёне, гледзячы на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча анёла.