Дзеі 27 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі
І калі было вырашана, каб адплысці нам у Італію, то Паўла і некаторых іншых вязняў перадалі сотніку імем Юлій з Аўгуставай кагорты.
А калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем.
І, узышоўшы на адрамітыйскі карабель, які меўся плыць у месцы, што былі ўздоўж азійскага пабярэжжа, мы адплылі, і з намі быў Арыстарх, македонец з Фесалонікі.
Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі.
І на другі дзень мы прысталі ў Сідоне, і Юлій, чалавекалюбна ставячыся да Паўла, дазволіў яму пайсці да сяброў, каб пакарыстацца іх апекаю на дарогу.
На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем.
І, ад’ехаўшы адтуль, мы плылі пад прыкрыццём Кіпра, бо вятры былі стрэчныя.
Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў,
І, пераплыўшы мора ўздоўж Кілікіі і Памфіліі, мы прыйшлі ў Міры Лікійскія.
і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія.
І там сотнік, знайшоўшы александрыйскі карабель, які плыў у Італію, пасадзіў нас на яго.
Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.
І, даволі шмат дзён павольна плывучы і з цяжкасцю дайшоўшы да Кніда — вецер не дазваляў нам ісці далей — мы падплылі да Крыта каля Салмоны,
Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы;
і, з цяжкасцю прабіраючыся ўздоўж яго, мы прыйшлі ў адно месца, якое завецца Добрыя Прыстані, паблізу якога быў горад Ласея.
і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея.
І калі мінула даволі шмат часу і было ўжо небясечным плаванне, бо і пост ужо мінуўся, то Павел раіў,
Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў,
кажучы ім: Мужы, бачу я, што гэтае плаванне будзе са шкодаю і вялікаю стратаю не толькі для грузу і карабля, але і для нашых жыццяў.
кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю.
Але сотнік давяраў больш стырнавому і ўладальніку карабля, чым таму, што казаў Павел.
Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам.
А як прыстань была непрыдатная для зімоўкі, то большасць раіла адплываць адтуль — ці не змогуць яны як-небудзь дабрацца да Фініка і перазімаваць у крыцкай гавані, адкрытай на паўднёвы і паўночны захад.
А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць.
І калі злёгку падзьмуў паўднёвы вецер, яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, паднялі якар і паплылі ўздоўж Крыта, трымаючыся берага.
Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта.
Але неўзабаве абрынуўся з боку Крыта ўраганны вецер, які называецца эўракілан66.
Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон.
І калі карабель захапіла і ён не мог сураціўляцца ветру, мы аддаліся яму і нас насіла.
Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям.
І, увайшоўшы пад прыкрыццё аднаго астраўка, што называецца Каўда67, мы з цяжкасцю змаглі даць рады лодцы.
І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку;
І, падняўшы яе, ужылі дапаможны рыштунак, каб абвязаць карабель. І баючыся, каб не выкінула на Сірт68, спусцілі снасці, і так усіх насіла.
падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся.
І таму што нас моцна шпурляла бураю, на другі дзень карабельшчыкі пачалі выкідаць груз;
На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз.
а на трэці дзень сваімі рукамі павыкідалі карабельнае начынне.
а на трэйці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы.
І калі многа дзён не паказвалася ні сонца, ні зорак і калі налягала немалая бура, пачала ўрэшце прападаць усялякая надзея, каб нам уратавацца.
Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне.
І калі доўга людзі былі без яды, тады Павел, стаўшы пасярод іх, сказаў: Трэба было, о мужы, паслухаўшыся мяне, не ад’язджаць з Крыта і не несці гэтай шкоды і страты.
І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды;
А цяпер я раю вам падбадзёрыцца, бо не будзе ніводнай згубы жыцця сярод вас, апрача страты карабля.
а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель;
Бо гэтай ночы Анёл Божы, Якому [я] належу і Якому служу, стаў каля мяне
бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы
і сказаў: «Не бойся, Паўле, табе трэба стаць перад цэзарам і вось, Бог дараваў табе ўсіх, хто плыве з табою».
і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою.
Таму падбадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, якраз такім чынам, як мне сказана.
Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана:
Нас жа павінна выкінуць на нейкі востраў.
нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу.
А калі надышла чатырнаццатая ноч, як нас насіла ў Адрыятычным моры, каля апоўначы маракі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да некай зямлі.
У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі,
І, змерыўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; і, прайшоўшы крыху, зноў змерылі, знайшлі пятнаццаць сажняў.
і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў.
І, баючыся, як бы не наскочыць нам куды-небудзь на камяністыя мясціны, яны, кінуўшы з кармы чатыры якары, маліліся, каб настаў дзень.
Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня.
Калі ж маракі спрабавалі ўцячы з карабля і, спусціўшы лодку ў мора, робячы выгляд, што збіраюцца расцягнуць якары з носа,
А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа,
Павел сказаў сотніку і воінам: Калі гэтыя людзі не застануцца на караблі, то вы не зможаце ўратавацца.
Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца.
Тады воіны адсеклі вяроўкі ў лодкі і далі ёй упасці.
Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала.
І перад тым, як збіралася днець, Павел заклікаў усіх прыняць ежу, кажучы: Сёння чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканні, застаецеся галоднымі, нічога не прымаючы.
На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога;
Таму прашу вас прыняць ежу, бо гэта паслужыць для вашага выратавання; бо ў нікога з вас волас з галавы не прападзе.
Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы.
І, сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы, пачаў есці.
Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці.
І ўсе падбадзёрыліся і самі прынялі ежу.
Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу;
А было на караблі ўсіх нас душ — дзвесце семдзесят шэсць.
а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ.
І, падсілкаваўшыся, яны пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
А калі настаў дзень, зямлю яны не пазнавалі, але распазналі нейкую затоку са спадзістым берагам, на які, яны вырашылі, калі змогуць, вывесці карабель.
Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём.
І, зняўшы якары, пакінулі іх у моры, адначасова развязаўшы вяроўкі стырнаў; і, падняўшы пад вецер пярэдні ветразь, кіраваліся да берага.
І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага.
Але трапіўшы на водмель, паабапал якой было мора, яны пасадзілі на яе судна; і нос угруз і застаўся нерухомы, а карма пачала развальвацца сілаю [хваляў].
Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў.
І рашэннем воінаў было забіць вязняў, каб хто-небудзь, выплыўшы, не ўцёк.
А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк.
Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, перашкодзіў ім у іх намеры і загадаў усім, хто мог плыць, першымі кінуцца і выйсці на зямлю,
Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю,
а астатнім — за імі, адным на дошках, другім — на чым-небудзь ад карабля. І так выйшла, што ўсе выратаваліся, выбраўшыся на зямлю.
а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.