Дзеі 27 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі ж было́ вы́рашана плыць нам у Італію, то перадалí Паўла і некато́рых іншых вя́зняў сотніку па íмені Юлій з палка́ А́ўгуста.
А калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем.
Узышо́ўшы на Адрамíцкі карабе́ль і сабра́ўшыся плыць праз асійскія мясціны, мы адпра́віліся; з намі быў Арыстарх Македо́нянін з Фесало́нікі.
Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі.
На другі дзень мы прыплылí ў Сідон; і Юлій, абыхо́дзячыся з Паўлам чалавекалю́бна, дазволіў яму пайсцí да сяброў і атрыма́ць ад іх дапамо́гу.
На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем.
Адпра́віўшыся адтуль, мы падплылí да Кіпра, бо вятры́ былí супрацíўныя;
Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў,
і, пераплыўшы мора насу́праць Кілікíі і Памфілíі, мы прыбылí ў Мíры Лікíйскія.
і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія.
Там сотнік, знайшо́ўшы Александры́йскі карабе́ль, які плыў у Італію, пасадзíў нас на яго.
Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.
Многія дні плывучы́ мару́дна і з цяжкасцю наблізіўшыся да Кнíда з-за неспрыя́льнага нам ветру, мы падплылí да Крыта каля Салмо́ны;
Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы;
і, з ця́жкасцю міну́ўшы яго, мы прыбылí да нейкага месца, якое называ́лася Добрыя Пры́стані і непадалёку ад якога быў горад Ласе́я.
і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея.
Калі ж прайшло многа часу і пла́ванне ўжо зрабілася небяспе́чным, бо ўжо і пост міну́ў, Павел перасцерага́ў,
Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў,
ка́жучы ім: мужы́! я бачу, што пла́ванне пагража́е перашко́дамі і стра́тамі не толькі грузу і караблю́, але і жыццю́ нашаму.
кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю.
Аднак сотнік больш давяра́ў стырнаво́му і ўлада́льніку карабля́, чым сло́вам Паўла.
Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам.
Паколькі ж пры́стань была́ непрыда́тнай для зімоўкі, то большасць прапаноўвала адплыць адтуль, каб дабра́цца, калі будзе магчымасць, да Фінíка, га́вані Крыцкай, адкрытай на паўднёвы за́хад і паўно́чны за́хад, і перазімаваць.
А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць.
Калі ж падзьму́ў паўднёвы вецер, яны, спадзеючы́ся, што дасягну́ць сваёй мэты, адпра́віліся і паплылí ўздоўж Кры́та.
Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта.
Але неўзаба́ве пасля гэтага наляцеў з боку Крыта бу́рны вецер, які называецца эўраклідо́н.
Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон.
Паколькі карабе́ль падхапíла і ён не мог працíвіцца ветру, мы паддалíся хвалям, і нас насíла.
Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям.
Наблíзіўшыся да нейкага астраўка́ пад назвай Кла́ўда, мы ледзьве змаглі ўтрыма́ць лодку;
І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку;
падня́ўшы яе, пачалí, выкарысто́ўваючы кана́ты, абвя́зваць карабе́ль; а баючы́ся, каб не сесці на мель, спусцілі ве́тразь, і так насíліся.
падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся.
І паколькі нас моцна шпурля́ла бу́раю, то на другі дзень пачалí выкіда́ць груз,
На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз.
а на трэці мы сваімі рукамі павыкіда́лі асна́стку карабля́.
а на трэйці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы.
Калі ж ні сонца, ні зоры не пака́зваліся многія дні, а моцная бура наляга́ла, то ўрэшце прапала ўсякая надзея, што мы вы́ратуемся.
Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне.
І паколькі доўга не елі, то Павел, ста́ўшы пасяро́д іх, сказаў: мужы́! трэба было́ паслу́хацца мяне і не адплыва́ць ад Крыта, тады б мы пазбе́глі перашкод гэтых і страт;
І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды;
а цяпер закліка́ю вас узбадзёрыцца, бо з вас ніводная душа́ не загíне, а толькі карабе́ль;
а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель;
бо явіўся мне гэтай ноччу Ангел ад Бога, Якому я нале́жу і Якому служу́,
бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы
і сказаў: не бойся, Павел! табе нале́жыць з’явíцца перад ке́сарам, і вось, Бог падарава́ў табе ўсіх, хто плыве з табою.
і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою.
Таму ўзбадзёрцеся, мужы́, бо я веру Богу, што будзе так, як ска́зана мне:
Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана:
на нейкі востраў нале́жыць нам быць вы́кінутымі.
нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу.
Калі ж настала чатырна́ццатая ноч, як нас насіла па Адрыяты́чным моры, каля по́ўначы маракі пачалí здага́двацца, што набліжа́юцца да нейкай зямлі,
У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі,
і калі паме́ралі глыбіню́, атрыма́лася дваццаць са́жняў; праплы́ўшы невялікую адле́гласць, паме́ралі зноў і атрыма́лася пятнаццаць са́жняў.
і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў.
Баючы́ся, каб неяк не трапіць на камяністыя ме́сцы, кінулі з кармы́ чатыры я́кары, і маліліся, каб настаў дзень.
Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня.
Калі ж маракí хаце́лі ўцячы́ з карабля́ і спуска́лі лодку ў мора, ро́бячы вы́гляд, што збіра́юцца кінуць з носа я́кары,
А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа,
Павел сказаў сотніку і воінам: калі яны не застану́цца на караблí, то вы не зможаце вы́ратавацца.
Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца.
Тады воіны абрэ́залі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала.
Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала.
Перад надыходам дня Павел прасіў усіх прыня́ць ежу, ка́жучы: сёння чатырна́ццаты дзень, як вы ў чаканні застаяце́ся галоднымі, нічога не еўшы;
На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога;
таму прашу вас прыня́ць ежу, бо гэта трэба для вашага выратава́ння; ні ў кога ж з вас волас з галавы не прападзе́.
Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы.
Сказаўшы гэта і ўзя́ўшы хлеб, ён узнёс падзяку Богу перад усімі і, пераламíўшы, пачаў есці.
Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці.
Тады ўсе ўзбадзёрыліся і таксама прынялí ежу;
Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу;
было́ ж усіх нас на караблі дзве́сце семдзесят шэсць душ.
а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ.
Насы́ціўшыся е́жаю, пачалí аблягча́ць карабе́ль і выкіда́ць пшаніцу ў мора.
І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
Калі ж настаў дзень, зямлі не пазнава́лі, а заўва́жылі нейкі залíў, што меў пясчаны бераг, да якога, пара́іўшыся, вы́рашылі, калі змогуць, прыста́ць з караблём.
Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём.
І, адрэ́заўшы я́кары, пакінулі іх у моры; пры гэтым, адвязаўшы вяроўкі рулёў і падня́ўшы пярэдні ве́тразь па ветры, накірава́ліся да берага.
І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага.
Але, натра́пілі на касу́ і пасадзíлі карабе́ль на мель; нос карабля́ ўвяз і заста́ўся нерухо́мым, а карму́ разбіва́ла сілаю хваль.
Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў.
Воіны мелі наме́р пазабіва́ць вязняў, каб хто-небудзь, вы́плыўшы, не ўцёк.
А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк.
Але сотнік, жада́ючы вы́ратаваць Паўла, утрыма́ў іх ад гэтага наме́ру і загада́ў тым, хто ўмее плаваць, першымі кíнуцца і выхо́дзіць на бераг,
Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю,
а аста́тнім ратава́цца — каму на дошках, каму яшчэ на якіх абло́мках карабля́. І так ста́лася, што ўсе цэ́лымі вы́браліся на зямлю́.
а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.