Дзеі 4 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі ж яны прамаўля́лі да наро́ду, падступíлі да іх святары́, і нача́льнік хра́мавай ва́рты, і садуке́і,
Калі яны прамаўлялі да людзей, да іх падступіліся сьвятары і начальнікі варты пры храме і садукеі,
раздражнёныя тым, што яны навуча́юць народ і абвяшча́юць у Іісусе ўваскрасе́нне з мёртвых;
угневаныя, што яны вучаць людзей і прапаведуюць у Ісусе ўваскрэсеньне зь мёртвых.
і накла́лі на іх ру́кі, і ўзялí іх пад ва́рту да ра́ніцы, бо ўжо быў ве́чар.
і наклалі на іх рукі і аддалі іх пад варту да раніцы; бо ўжо зьвечарэла.
Мно́гія ж з тых, што слу́халі сло́ва, уве́равалі; і ста́ла ко́лькасць мужо́ў такіх каля́ пяцí ты́сяч.
Многія з тых, што слухалі слова, уверавалі; і было такіх людзей лікам каля пяці тысяч.
І ста́лася на насту́пны дзень, што былí сабра́ны ў Іерусалім нача́льнікі іх, і старэ́йшыны, і кнíжнікі,
На другі дзень сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія і старэйшыны і кніжнікі,
і Анна першасвята́р, і Каіа́фа, і Іаан, і Аляксандр, і іншыя з ро́ду першасвята́рскага;
і Анна першасьвятар і Каяфа і Ян і Аляксандр і іншыя з роду першасьвятарскага,
і, паста́віўшы іх пасярэ́дзіне, пыта́ліся: якою сілаю ці якім íмем зрабілі вы гэта?
і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю альбо якім імем вы зрабілі гэта?
Тады Пётр, напо́ўніўшыся Ду́хам Святы́м, прамовіў да іх: нача́льнікі народа і старэ́йшыны Ізра́ільскія!
Тады Пётр, прасякнуты Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі людзкія і старэйшыны Ізраільскія!
калі нас сёння дапы́тваюць пра дабрадзе́йства хво́раму чалаве́ку, як ён быў ацалёны,
калі ў нас пытаюцца сёньня адказу за дабрачынства чалавеку нядужаму, як ён здаровы стаўся,
то няхай вядо́ма будзе ўсім вам і ўсяму народу Ізра́ільскаму, што íмем Іісуса Хрыста́ Назарэ́я, Якога вы распя́лі і Якога Бог уваскрасíў з мёртвых, — Ім паста́ўлены ён перад вамі здаро́вы;
дык хай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраільскаму, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў зь мёртвых, Ім пастаўлены ён перад вамі здаровы:
Ён — ка́мень, якім вы, будаўнікí, пагрэ́бавалі, аднак ён стаў галаво́ю вугла́, і няма ні ў кім іншым спасе́ння,
Ён — камень, пагарджаны вамі будаўнікамі, але ён зрабіўся галавою вугла, і няма ні ў кім іншым ратунку;
бо няма пад небам іншага імя́, да́дзенага лю́дзям, праз якое нале́жыць нам спасцíся.
бо няма другога імя пад небам, дадзенага людзям, якім належала б нам уратавацца.
Ба́чачы адва́гу Пятра і Іаана і разуме́ючы, што гэта людзі невучо́ныя і про́стыя, яны здзіўля́ліся, разам з тым і пазнава́лі іх, што тыя былí з Іісусам;
Убачыўшы адвагу Пятра і Яна і зьмеціўшы, што яны людзі някніжныя і простыя, яны зьдзіўляліся; тым часам пазнавалі іх, што былі яны зь Ісусам;
а ба́чачы ацалёнага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога сказаць су́праць.
але бачачы ацаленага чалавека, які стаяў зь імі, нічога сказаць не маглі насуперак.
І, загада́ўшы ім вы́йсці з сінедрыёна, яны ра́іліся між сабою,
І, загадаўшы ім выйсьці з сынедрыёна, раіліся паміж сабою,
гаво́рачы: што нам рабіць з гэтымі людзьмí? бо я́ўны цуд, учы́нены імі, ўсім жыхара́м Іерусаліма вядо́мы, і мы не можам адмаўля́ць гэтага;
кажучы: што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? бо ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, вядома, што яны ўчынілі на яве цуд, і мы ня можам аспрэчыць гэтага;
але каб гэта шырэ́й не распаўсю́дзілася ў народзе, дава́йце накладзём суро́вую забаро́ну, каб яны больш не прамаўля́лі ў імя́ гэтае ніко́му з людзе́й.
але, каб больш не раскрылася гэта ў народзе, з пагрозай забаронім ім, каб не казалі пра імя гэтае нікому зь людзей.
І, паклíкаўшы іх, яны загада́лі ім зусíм не абвяшча́ць і не навуча́ць у імя́ Іісуса.
І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і ня вучыць у імя Ісуса.
Але Пётр і Іаан, сказалі ім у адказ: судзíце, ці пра́ведна перад Богам слу́хацца вас больш, чым Бога́
Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам — слухацца вас болей, чым Бога?
мы ж не можам не гаварыць пра тое, што ба́чылі і чу́лі.
Мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі.
І, зноў пагразíўшы ім і не знайшо́ўшы за што пакара́ць, адпусцілі іх з-за народу, бо ўсе праслаўля́лі Бога за тое, што адбыло́ся;
А тыя, прыстрашыўшы, адпусьцілі іх, не знайшоўшы магчымасьці пакараць іх, з прычыны людзей, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося;
а было́ больш за сорак гадо́ў таму чалаве́ку, з якім адбы́ўся гэты цуд ацале́ння.
бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, зь якім сталася гэтае дзіва выздараўленьня.
Калі ж іх адпусцíлі, яны прыйшлі да сваіх і паве́дамілі тое, што́ ім гаварылі першасвятары́ і старэ́йшыны.
Адпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і пераказалі, што казалі ім першасьвятары і старэйшыны.
Тыя ж, пачуўшы, аднаду́шна ўзвы́сілі голас да Бога і сказалі: Уладару́! Ты Бог, Які ствары́ў неба, і зямлю́, і мора, і ўсё, што ў іх,
А яны, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару Божа, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх!
Які ву́снамі айца нашага Давіда, слугí Твайго, сказаў Ду́хам Святы́м: «чаму ўзбунтава́ліся язы́чнікі і народы заду́малі ма́рнае́
Ты вуснамі бацькі нашага Давіда, раба Твайго, сказаў праз Духа Сьвятога: «чаго бунтуюць язычнікі, і народы намышляюць марнасьць?
паўста́лі цары́ зямны́я, і князí сабра́ліся разам су́праць Госпада і су́праць Хрыста Яго».
Паўсталі цары зямныя, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Яго,
Бо сапраўды́ сабра́ліся ў горадзе гэтым су́праць Святога Сы́на Твайго Іісуса, пама́занага Табою, і Ірад, і Понцій Пілат з язы́чнікамі і народам Ізра́ільскім,
бо сапраўды сабраліся ў горадзе гэтым супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, памазанца Твайго, Ірад і Понцій Пілат зь язычнікамі і народам Ізраільскім,
каб зрабіць тое, чаму ста́цца прадвы́значыла рука́ Твая і заду́ма Твая;
каб зрабіць тое, чаму быць наканавала рука Твая і рада Твая.
і цяпер, Госпадзі, спагля́нь на пагро́зы іх і дай рабам Тваім з усёй адва́гай прамаўля́ць слова Тваё
І сёньня, Госпадзе, глянь на пагрозы іхнія і дай рабам Тваім з усёй сьмеласьцю гаварыць слова Тваё,
ў той час, калі Ты прасціра́еш руку́ Тваю для ацале́ння, каб знаме́нні і цу́ды здзяйсня́ліся ў імя́ Святога Сына Твайго Іісуса.
тады як Ты прасьціраеш руку Тваю на гаеньне і на тварэньне азнакаў і цудаў імем Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
І калі памалíліся яны, здрыгану́лася месца тое, дзе яны былí сабра́ны, і напо́ўніліся ўсе Ду́хам Святы́м ды прамаўля́лі слова Божае з адва́гаю.
І, як памаліліся, здрыганулася месца, дзе яны былі сабраліся, і ўсе прасякнуліся Духам Сьвятым і абвяшчалі слова Божае сьмела.
У мно́ства ж тых, што ўве́равалі, было́ адно сэ́рца і адна душа́, і ніхто нічога з маёмасці сваёй не называ́ў сваім, але ўсё ў іх было́ супо́льнае.
А ў мноства людзей, што ўверавалі, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога з дастаткаў сваіх не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае.
І з вялікай сілаю Апосталы све́дчылі пра ўваскрасе́нне Госпада Іісуса Хрыста, і благада́ць вялікая была́ на ўсіх іх.
Апосталы зь вялікаю сілай сьведчылі пра ўваскрэсеньне Госпада Ісуса Хрыста; вялікая мілата была на ўсіх іх.
Не было́ сярод іх ніко́га, хто цярпе́ў няста́чу, бо ўсе, хто меў зямлю́ ці дамы́, прада́ўшы, прыно́сілі гро́шы за прада́дзенае
Ня было сярод іх анікога ў нястачы; бо ўсе, хто валодаў землямі альбо дамамі, прадаючы іх, прыносілі грошы ад продажу
і кла́лі да ног Апосталаў; і дава́лася кожнаму, колькі яму было́ патрэ́бна.
і клалі да ног апосталаў; і кожнаму давалася, у чым хто меў патрэбу.
Так, Іасíя, назва́ны Апосталамі Варна́вам, што ў перакла́дзе азнача́е «сын суцяшэ́ння», левіт, родам Кіпрыёт,
Так Ёсія, празваны апосталамі Варнавам, — што азначае «сын суцяшэньня», лявіт, родам Кіпрэец,
ме́ўшы поле, прада́ў яго, прынёс грошы і пакла́ў да ног Апосталаў.
у якога была свая зямля, прадаўшы яе, прынёс грошы і паклаў да ног апосталаў.