2 да Карынфянаў 6 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І, працуючы разам з Ім, мы таксама просім вас прыняць не марна ласку Божую.
 

Бо Ён кажа: «У прыемны час Я пачуў цябе, і ў дзень выратавання Я дапамог табе». Вось цяпер прыдатны час, вось цяпер дзень выратавання.
 

Мы не даём ніякага ні ў чым спатыкання, каб не глумілася служэнне,
 

але ва ўсім мы рэкамендуем сябе, як Божых служак: у вялікай вытрываласці ў горы, у нястачы, ва ўціску,
 

пад ударамі, у турмах, у беспарадках, у працы, у недасыпанні, у пастах,
 

у чысціні, у мудрасці, у доўгацярплівасці, у дабрыні, у Святым Духу, у некрывадушнай любові,
 

у слове праўды, у сіле Божай, са зброяй праведнасці ў правай і левай руцэ,
 

у пашане і знявазе, у знеслаўленні і ў добрай славе; як ашуканцы, але мы праўдзівыя;
 

як невядомыя, хоць усім вядомыя; як пры смерці, вось мы жывём; нас караюць, а мы не паміраем;
 

як засмучаныя, а мы заўсёды радуемся; як убогія, а многіх узбагачаем; як тыя, што нічога не маюць, але ўсім валодаем.
 

Вусны нашы адкрытыя для вас, карынфяне; сэрца наша расшырылася.
 

Вам не цесна ў нас, але ўнутры вас вам цесна.
 

Адплаціце тым жа — кажу як дзецям: расшырцеся і вы.
 

Не ўпрагайцеся ў чужое ярмо з бязвернымі. Бо якое саўдзельніцтва ў праведнасці з беззаконнем? Ці што супольнага ў святла з цемрай?
 

І якая згода між Хрыстом і Веліярам? Ці якую долю мае верны з няверным?
 

І якая супольнасць у храма Божага з ідаламі? Бо мы5 храм жывога Бога, як і сказаў Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць між іх, і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам».
 

Таму «выйдзіце з іх асяроддзя і аддзяліцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага; і Я прыму вас»;
 

«і буду вам Бацькам, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усемагутны».