2 да Карынфянаў 6 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І, працуючы разам з Ім, мы таксама просім вас прыняць не марна ласку Божую.
 
А мы, як памочнікі ў працы, просім вас, каб мілата Божая ня марна была прынята вамі.

Бо Ён кажа: «У прыемны час Я пачуў цябе, і ў дзень выратавання Я дапамог табе». Вось цяпер прыдатны час, вось цяпер дзень выратавання.
 
Бо сказана: «у часіну спрыяльную пачуў Я цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог табе». Вось цяпер часіна спрыяльная, вось, цяпер дзень выратаваньня.

Мы не даём ніякага ні ў чым спатыкання, каб не глумілася служэнне,
 
Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не выстаўляць на глум служэньне,

але ва ўсім мы рэкамендуем сябе, як Божых служак: у вялікай вытрываласці ў горы, у нястачы, ва ўціску,
 
а ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у гаротах, ва ўцісках,

пад ударамі, у турмах, у беспарадках, у працы, у недасыпанні, у пастах,
 
пад ударамі, у вязьніцах, у выгнаньнях, на працы, у чуваньнях, у пастах,

у чысціні, у мудрасці, у доўгацярплівасці, у дабрыні, у Святым Духу, у некрывадушнай любові,
 
у чысьціні, у добрай разумнасьці, у вялікадушнасьці, у даброці, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,

у слове праўды, у сіле Божай, са зброяй праведнасці ў правай і левай руцэ,
 
у слове ісьціны, у моцы Божай, са зброяю праўды ў правай і ў левай руцэ,

у пашане і знявазе, у знеслаўленні і ў добрай славе; як ашуканцы, але мы праўдзівыя;
 
у славе і няславе, пры ганьбе і хвале: нас лічаць ашуканцамі, але мы верныя;

як невядомыя, хоць усім вядомыя; як пры смерці, вось мы жывём; нас караюць, а мы не паміраем;
 
мы невядомыя, але нас пазнаюць; нас лічаць нябожчыкамі, але вось, мы жывыя; мы караныя, але мы не паміраем;

як засмучаныя, а мы заўсёды радуемся; як убогія, а многіх узбагачаем; як тыя, што нічога не маюць, але ўсім валодаем.
 
нас засмучаюць, а мы заўсёды радуемся; мы гаротнікі, але многіх багацім; мы нічога ня маем, але ўсім валодаем.

Вусны нашы адкрытыя для вас, карынфяне; сэрца наша расшырылася.
 
Вусны нашыя адкрытыя вам, Карынфяне, сэрца нашае расшырана.

Вам не цесна ў нас, але ўнутры вас вам цесна.
 
Вам ня цесна ў нас; а ў сэрцах вашых цесна.

Адплаціце тым жа — кажу як дзецям: расшырцеся і вы.
 
Такою ж роўнаю мераю — кажу вам, як дзецям, — зрабеце і вашае сэрца шырокім!

Не ўпрагайцеся ў чужое ярмо з бязвернымі. Бо якое саўдзельніцтва ў праведнасці з беззаконнем? Ці што супольнага ў святла з цемрай?
 
Ня ўгінайцеся пад чужое ярмо зь нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасьці зь беззаконьнем? што супольнага ў сьвятла зь цемраю?

І якая згода між Хрыстом і Веліярам? Ці якую долю мае верны з няверным?
 
Якая згода паміж Хрыстом і Вэліярам? Альбо якая саўдзельнасьць у верніка зь няверным?

І якая супольнасць у храма Божага з ідаламі? Бо мы5 храм жывога Бога, як і сказаў Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць між іх, і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам».
 
Якая агульнасьць храма Божага зь ідаламі? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: «усялюся ў іх і буду хадзіць у іх; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».

Таму «выйдзіце з іх асяроддзя і аддзяліцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага; і Я прыму вас»;
 
І таму выйдзіце зь іхнага асяродзьдзя і аддзялецеся, — кажа Гасподзь, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас

«і буду вам Бацькам, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усемагутны».
 
і буду вам за Айца, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Усеўладны».