2 да Карынфянаў 8 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І яшчэ паведамляем вам, браты, аб ласцы Божай, дадзенай у цэрквах Македоніі,
 
Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;

што ў вялікім выпрабаванні прыгнётам яны перапоўнены радасцю і іх глыбокае ўбоства вылілася ў багацце іх шчодрасці,
 
бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;

таму што яны дабраахвотна ў меру іх сіл, і — я сведчу — нават звыш сіл,
 
бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі — я сьведка:

з вялікай мальбою прасілі нас пра дар і супольнасць служэння святым;
 
яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;

і прытым не так, як мы спадзяваліся, а яны аддалі саміх сябе спачатку Госпаду а потым нам, паводле волі Божай;
 
і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;

так што мы прасілі Ціта, каб ён, як раней пачаў, так і завяршыў у вас і гэтую дабрачыннасць.
 
таму мы прасілі Ціта, каб ён, як быў пачаў, так і скончыў у вас і гэтую добрую дзею.

Але як вы ва ўсім багатыя — у веры, і ў слове, і ў ведах, і ва ўсялякай руплівасці і ў нашай да вас7 любові, — так няхай будзе багацце і ў гэтай дабрачыннасці.
 
А як што вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаньнем і ўсякай руплівасьцю, і любоўю вашаю да нас, — дык прасякнецеся ж і гэтаю дабрачыннасьцю.

Кажу гэта не як загад, але выпрабоўваючы руплівасцю іншых сапраўднасць і вашай любові.
 
Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.

Бо вы ведаеце ласку нашага Госпада Ісуса Хрыста — што Ён, будучы багаты, збяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбоствам разбагацелі.
 
Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.

І я падаю сваю думку ў гэтым; бо гэта карысна вам — тым, якія першымі пачалі годназад не толькі рабіць, але і хацець зрабіць гэта.
 
Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.

А цяпер завяршыце і саму справу, каб, чаго вы старанна хацелі, выканалі з таго, што вы маеце.
 
Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.

Бо калі ёсць гатоўнасць, то яна прымаецца, гледзячы па тым, хто што мае, а не па тым, чаго не мае.
 
Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.

Бо гэта робіцца не так, каб іншым была палёгка, а вам у цяжар, а з роўнасці;
 
Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.

у цяперашні час ваша багацце ў папаўненне іх нястачы, каб і іх багацце было ў папаўненне вашай нястачы, так каб была роўнасць,
 
Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,

як напісана: «Хто сабраў многа, не меў лішняга, а хто мала — не меў нястачы».
 
як напісана: «хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто — мала, ня меў нястачы».

Але ўдзячнасць Богу, Які ўклаў у Цітава сэрца такую руплівасць пра вас,
 
Дзякаваць Богу, што Ён уклаў у Цітава сэрца такую руплівасьць пра вас;

таму што ён прыняў просьбу, але, будучы вельмі руплівым, дабраахвотна пайшоў да вас.
 
бо, хоць я і прасіў яго, але ён, будучы занадта руплівы, пайшоў да вас з добрае волі.

І мы паслалі разам з ім брата, якога па ўсіх цэрквах хваляць за дабравесце,
 
Зь ім паслалі мы таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах многа хваляць за зьвеставаньне,

і не толькі — але які таксама быў выбраны цэрквамі як наш спадарожнік у гэтай ласцы, якой мы служым у славу Самога Госпада і ў доказ нашай гатоўнасці, —
 
і пры гэтым выбранага ад цэркваў у спадарожнікі нам для гэтага добрага пачынаньня, якому мы служым у славу Самога Госпада і ў згодзе з руплівасьцю вашай,

высцерагаючыся, каб нас ніхто не папракнуў пры такім багацці, якое падносіцца намі ў нашым служэнні;
 
асьцерагаючыся, каб хто не наракаў на нас пры такой шчодрасьці прынашэньняў, якія давераны нашаму служэньню;

бо мы прадбачліва клапоцімся пра тое, што ганарова не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
 
бо мы дбаем за дабро ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.

І мы паслалі з імі нашага брата, руплівасць якога мы ў многім шматразова выпрабавалі і які цяпер яшчэ руплівейшы з-за вялікай упэўненасці ў вас.
 
Мы паслалі зь імі і брата нашага, чыю руплівасьць шмат разоў праверылі ў многім, і які сёньня яшчэ руплівейшы празь вялікі давер да вас.

Што да Ціта — ён мой таварыш і супрацоўнік для вас; а браты нашы — яны пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.
 
Што да Ціта, гэта — мой сябар і супрацоўнік у вас; а што да братоў нашых, гэта — пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.

Дык перад абліччам цэркваў дайце ім доказ вашай любові і нашай пахвалы вамі.
 
Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва ганарымся вамі.