Да Галятаў 5 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Для свабоды Хрыстос вызваліў нас; дык стойце і не паддавайцеся зноў пад ярмо рабства.
 

Вось я, Павел, кажу вам, што калі вы будзеце абрэзвацца, то Хрыстос не прынясе вам ніякай карысці.
 

І зноў сведчу кожнаму чалавеку, які абрэзваецца, што ён павінен выканаць увесь закон.
 

Вы, што апраўдваеце сябе законам, аддзеленыя ад Хрыста; вы адпалі ад ласкі.
 

Бо мы духам, ад веры, чакаем надзею праведнасці.
 

Бо ў Хрысце Ісусе не мае ніякай сілы ні абразанне, ні неабразанне, а вера, якая дзейнічае праз любоў.
 

Вы добра беглі: хто вас спыніў, каб вы не падпарадкоўваліся праўдзе?
 

Гэтае перакананне не ад Таго, Хто кліча вас.
 

Малая рошчына заквашвае ўсё цеста.
 

Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што вы не будзеце думаць нічога іншага, а той, хто трывожыць вас, будзе асуджаны, хто б ён ні быў.
 

А я, браты, калі яшчэ прапаведую абразанне, то за што ж яшчэ мяне гоняць? Тады скасавалася б спакуса крыжа.
 

О, калі б вылегчылі сябе тыя, хто бунтуе вас!
 

Бо вы да свабоды пакліканы, браты, толькі не ператварайце гэтую свабоду ў падставу для задавальнення цела, а любоўю служыце адзін аднаму.
 

Бо ўвесь закон у адным сказе ўкладваецца, — у гэтым: «Любі свайго блізкага, як самога сябе».
 

Калі ж вы адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, глядзіце, каб вы не былі знішчаны адзін адным.
 

Але я кажу: жывіце па духу і вы ні ў якім разе не будзеце выконваць пажадлівасці цела.
 

Бо цела хоча супраціўнага духу, а дух — супраціўнага целу; яны адзін аднаму супрацівяцца, каб вы не рабілі тое, што хочаце.
 

Калі ж вас водзіць дух, вы не пад законам.
 

А ўчынкі цела вядомыя: гэта — чужаложства, нечысціня, распуста,
 

ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, сваркі, рэўнасць, гнеў, звады, разлады, ерасі,
 

зайздрасць7, п’янства, гулянкі і да таго падобнае, аб чым я кажу вам загадзя, як і казаў раней, што тыя, хто робяць такое, Царства Божага ў спадчыну не атрымаюць.
 

Плод жа духа — гэта: любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, міласэрнасць, дабрыня, вера,
 

лагоднасць, устрыманне; супраць гэтага няма закона.
 

Але тыя, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з неўтаймаванасцю і пажадлівасцю.
 

Калі мы жывём духам, то будзем і рабіць паводле духу.
 

Не будзем славалюбцамі, адзін аднаго дразнячы, адзін аднаму зайздросцячы.