Адкрыцьцё 7 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
І пасля́ гэтага ўба́чыў я чатыро́х А́нгелаў, якія стая́лі на чатыро́х вугла́х зямлí і трыма́лі чаты́ры вятры́ зямлí, каб не дзьмуў ве́цер ні на зямлю́, ні на мо́ра, ні на якое дрэ́ва.
І пасьля гэтага я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня дзьмуў вецер ані на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
І ўба́чыў я яшчэ́ аднаго А́нгела, які ўздыма́ўся з усхо́ду со́нца і меў пяча́ць Бога жыво́га. І ўсклíкнуў ён гу́чным го́ласам да чатыро́х А́нгелаў, якім да́дзена было́ рабіць шко́ду зямлí і мо́ру, ка́жучы:
І ўбачыў я іншага анёла, які ўзыходзіў ад усходу сонца, які меў пячатку Бога Жывога. І закрычаў ён вялікім голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена чыні́ць шкоду зямлі і мору, кажучы:
не рабíце шко́ды ні зямлí, ні мо́ру, ні дрэ́вам, пакуль не паста́вім пяча́ці раба́м Бога нашага на лбах іх.
«Не чыніце шкоды ані зямлі, ані мору, ані дрэвам, пакуль не паставім пячаткі на слугаў Бога нашага на ілбах іхніх».
І я пачу́ў ко́лькасць адзна́чаных пяча́ццю: сто со́рак чаты́ры ты́сячы было́ адзна́чаных пяча́ццю з усіх кале́н сыно́ў Ізра́ілевых.
І пачуў я лічбу папячатаных — сто сорак чатыры тысячы папячатаных з усякага калена сыноў Ізраіля.
З кале́на Іу́ды двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Рувíма двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Га́да двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю;
З калена Юды — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Рубэна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Гада — дванаццаць тысячаў папячатаных;
з кале́на Асíра двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Нефалíма двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Манасíі двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю;
з калена Асэра — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Нэфталі — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Манасы — дванаццаць тысячаў папячатаных;
з кале́на Сімяо́на двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Левíя двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Ісаха́ра двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю;
з калена Сымона — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Левія — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Ісахара — дванаццаць тысячаў папячатаных;
з кале́на Завуло́на двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Іо́сіфа двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Веніямíна двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю.
з калена Забулёна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Язэпа — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Бэн’яміна — дванаццаць тясячаў папячатаных.
Пасля́ гэтага ўба́чыў я: вось, вялíкі нато́ўп людзе́й, якога злічы́ць ніхто не мог, з кожнага пле́мені, і кале́н, і наро́даў, і моў; яны стая́ць перад прасто́лам і перад А́гнцам, апра́нутыя ў адзе́нні бе́лыя, і па́льмавыя галíнкі ў рука́х іх.
Пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, вялізарны натоўп, палічыць якога ніхто ня мог, з усякага народу, і калена, і пле́мяні, і мовы стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іхніх,
І ўскліка́юць яны гу́чным го́ласам, ка́жучы: спасе́нне ў Бога нашага, Які сядзíць на прасто́ле, і ў А́гнца!
і ўсклікаюць яны вялікім голасам, кажучы: «Збаўленьне Богу нашаму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці!»
І ўсе А́нгелы стая́лі вако́л прасто́ла і ста́рцаў і чатыро́х жывёл, і ўпа́лі яны ніц перад прасто́лам і пакланíліся Богу,
І ўсе анёлы стаялі вакол пасаду, і старостаў, і чатырох жывёлаў, і ўпалі яны перад пасадам на абліччы свае, і пакланіліся Богу,
ка́жучы: амíнь! благаславе́нне, і сла́ва, і праму́драсць, і падзя́ка, і паша́на, і сíла, і моц Богу нашаму на ве́кі вяко́ў! Амíнь.
кажучы: «Амэн! Дабраслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і пашана, і моц, і магутнасьць Богу нашаму на вякі вякоў! Амэн!»
І загавары́ў адзін са ста́рцаў, звярта́ючыся да мяне: гэтыя апра́нутыя ў адзе́нні бе́лыя — хто яны і адку́ль прыйшлí?
І адказаў адзін са старостаў, кажучы да мяне: «Гэтыя, апранутыя ў белыя вопраткі, хто яны і адкуль прыйшлі?»
І я сказа́ў яму: ты ве́даеш, гаспада́р. І ён сказа́ў мне: гэта тыя, што прыйшлí ад вялíкага го́ра; яны абмы́лі адзе́нні свае́ і вы́белілі адзе́нні свае́ Крывёю А́гнца.
І я сказаў яму: «Пане, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія прыйшлі з вялікага прыгнёту. І яны памылі вопраткі свае і выбелілі вопраткі свае ў крыві Ягняці.
За гэта яны знахо́дзяцца перад прасто́лам Бога і слу́жаць Яму дзень і ноч у хра́ме Яго, і Той, Хто сядзíць на прасто́ле, раскíне шацёр Свой над імі.
Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў бажніцы Ягонай; і Той, Які сядзіць на пасадзе, паселіцца ў іх,
У іх не будзе ўжо ні го́ладу, ні сма́гі, і не будзе палíць іх со́нца і нія́кая спёка;
і ня будуць яны хацець есьці, і ня будуць смагнуць, і ня будзе пячы іх сонца і аніякая сьпёка,
бо А́гнец, Які пасяро́д прасто́ла, будзе па́свіць іх і вадзíць іх на жывы́я крынíцы вод, і ўтрэ́ Бог кожную слязу́ з вачэ́й іх.
бо Ягня, Які пасярод пасаду, будзе пасьвіць іх і вадзі́ць іх да жывых крыніцаў водаў, і вы́цярэ Бог усякую сьлязіну з вачэй іхніх».