Яна 8 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Іісус жа пайшоў на гару Елео́нскую;
Езус пайшоў на Аліўную гару,
а раніцаю зноў прыйшоў у храм, і ўсе людзі ішлі да Яго; і Ён сеў і вучыў іх.
а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх.
І прывялí кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую заста́лі за пралюбадзе́йствам, і, паста́віўшы яе пасярэ́дзіне,
Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужалостве і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
кажуць Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну заста́лі падча́с пралюбадзе́йства;
сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве.
у законе Маісей загада́ў нам такіх пабіва́ць камяня́мі, а Ты што скажаш?
У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?»
Гаварылі ж яны гэта, спакуша́ючы Яго, каб было́ ў чым абвінава́ціць Яго. Але Іісус, нізка нагну́ўшыся, па́льцам піса́ў на зямлі, не зважа́ючы на іх.
Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
Калі ж яны праця́гвалі пыта́цца ў Яго, Ён, разагну́ўшыся, сказаў ім: хто з вас без граху́, няхай першы кíне ка́мень у яе.
Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень».
І зноў, нізка нагну́ўшыся, піса́ў на зямлі.
І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі.
Яны ж, пачу́ўшы гэта і адчува́ючы дако́ры сумле́ння, сталі выхо́дзіць адзін за адным, пачына́ючы ад старэ́йшых і да апошніх; і заста́ўся адзін Іісус і жанчына, што стаяла пасярэ́дзіне.
Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.
Іісус, разагну́ўшыся і не ўба́чыўшы нікога, акрамя́ жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе абвінава́ўцы твае? ніхто цябе не асудзíў?
Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?»
Яна адказала: ніхто, Госпадзі! Сказаў ёй Іісус: і Я не асуджа́ю цябе; ідзі і больш не грашы́.
Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».
І зноў прамо́віў да іх Іісус, ка́жучы: Я святло́ све́ту; хто по́йдзе за Мною, той не будзе хадзіць у це́мры, а бу́дзе мець святло́ жыцця́.
І зноў прамовіў да іх Езус, кажучы: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця».
Тады сказалі Яму фарысеі: Ты Сам пра Сябе све́дчыш; све́дчанне Тваё непраўдзíвае.
Тады фарысеі сказалі Яму: «Ты сам пра сябе сведчыш, таму сведчанне Тваё непраўдзівае».
На гэта Іісус сказаў ім: калі Я і Сам све́дчу пра Сябе, то све́дчанне Маё праўдзíвае, бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду; а вы не ве́даеце, адкуль Я прыхо́джу і куды іду.
Езус сказаў ім у адказ: «Нават калі Я сведчу сам пра сябе, сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду. А вы не ведаеце, адкуль Я прыйшоў і куды іду.
Вы па пло́ці су́дзіце; Я не суджу́ нікога;
Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.
а калі і суджу́ Я, то суд Мой праўдзíвы, бо Я не адзін, а Я і Айцец, Які пасла́ў Мяне;
А калі Я і суджу, то суд Мой праўдзівы, таму што Я не адзін, але Я і Айцец, які паслаў Мяне.
і ў законе ж вашым напíсана, што све́дчанне двух чалавек праўдзíвае;
І ў Законе вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае.
Я Сам сведчу пра Сябе, і све́дчыць пра Мяне Айцец, Які пасла́ў Мяне.
Я і сам сведчу пра сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, які паслаў Мяне».
Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Адказаў Іісус: вы не ве́даеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы Мяне ве́далі, то ведалі б і Айца Майго.
Тады яны сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Езус адказаў: «Вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
Гэтыя словы гаварыў Іісус каля ска́рбніцы, ву́чачы ў храме; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.
Гэтыя словы Езус сказаў каля скарбніцы, калі вучыў у святыні. І ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.
І зноў сказаў ім Іісус: Я адыхо́джу, і бу́дзеце шукаць Мяне, і памраце́ ў граху́ сваім; куды Я іду, вы не можаце прыйсцí.
І зноў сказаў ім Езус: «Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым! Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці».
Іудзеі тады гаварылі: ці не заб’е Ён Сам Сябе, калі кажа: «куды Я іду, вы не можаце прыйсцí»?
Тады юдэі сказалі: «Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа: “Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці”»?
Ён сказаў ім: вы ад нíзу, а Я з вышынí; вы з гэтага све́ту, Я не з гэтага све́ту;
І сказаў ім: «Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету.
таму і сказаў Я вам, што памраце́ ў граха́х сваіх; бо калі не ўве́руеце, што гэта Я, то памраце́ ў граха́х сваіх.
Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо калі не паверыце, што Я ёсць, памрэце ў грахах вашых».
Тады сказалі Яму: хто Ты? І сказаў ім Іісус: Той, Хто ад пача́тку, як і кажу вам;
Тады сказалі Яму: «Хто Ты?» Езус адказаў ім: «Але ж, навошта яшчэ кажу вам!
многа ма́ю Я пра вас гавары́ць і судзíць; але Той, Хто паслаў Мяне, íсцінны, і што́ Я чуў ад Яго, тое і кажу свету.
Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць, але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое кажу свету».
Не зразуме́лі яны, што Ён гаварыў ім пра Айца.
Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
І сказаў ім Іісус: калі ўзды́меце Сына Чалавечага, тады даве́даецеся, што гэта Я і што ад Сябе Я нічога не раблю́, але як навучы́ў Мяне Айцец Мой, так і гавару;
Тады сказаў ім Езус: «Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць і нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу.
і Той, Хто пасла́ў Мяне, са Мною ёсць; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю ўго́днае Яму.
І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца».
Калі Ён гаварыў гэта, многія ўве́равалі ў Яго.
Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго.
Казаў тады Іісус Іудзеям, якія ўве́равалі ў Яго: калі застаняце́ся ў слове Маім, то вы сапраўды́ вучні Мае́,
Сказаў тады Езус юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі
і спазна́еце ісціну, і ісціна вы́зваліць вас.
і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас».
Яны адказалі Яму: мы се́мя Аўраа́мава і нікому не былí раба́мі ніколі; як жа Ты кажаш: «ста́неце вольнымі»?
Тыя адказалі Яму: «Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому! Як жа Ты кажаш: “Вы станеце свабоднымі?”»
Адказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто грашы́ць, ёсць раб граху;
Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху.
але раб не застае́цца ў доме ве́чна — сын застае́цца вечна;
А нявольнік не застаецца ў доме вечна — сын застаецца вечна.
дык вось, калі Сын вы́зваліць вас, то сапраўды́ вольнымі будзеце;
Таму калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі.
ведаю, што вы се́мя Аўраа́мава; аднак вы шука́еце, як забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшча́ецца ў вас;
Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак шукаеце, як Мяне забіць, бо слова Майго няма ў вас.
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, і вы робіце тое, што чулі ад айца».
Яны сказалі Яму ў адказ: айцец наш — Аўраа́м. Кажа ім Іісус: калі б вы былí дзе́цьмі Аўраа́ма, то рабілі б учы́нкі Аўраа́мавы;
Тыя сказалі Яму ў адказ: «Абрагам наш айцец». Езус сказаў ім: «Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама.
а цяпер шука́еце, як забіць Мяне, Чалавека, што сказаў вам ісціну, якую чуў ад Бога; Аўраа́м гэтага не рабіў;
А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, пачутую ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
вы робіце ўчы́нкі айца вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блу́ду наро́джаныя; адзін Айцец у нас — Бог.
Вы робіце ўчынкі айца вашага». Яны адказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя. Мы маем аднаго Айца — Бога!»
Сказаў жа ім Іісус: калі б Бог быў Айцом вашым, то вы любíлі б Мяне, бо Я ад Бога вы́йшаў і прыйшо́ў; бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён паслаў Мяне;
Езус сказаў ім: «Калі б Бог быў вашым айцом, вы б любілі Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу. Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
чаму вы не разуме́еце мовы Маёй? бо не можаце чуць слова Майго;
Чаму не разумееце мовы Маёй? Бо не можаце слухаць слова Майго.
вы — ад айца вашага дыявала, і хочаце выко́нваць жада́нні айца вашага; ён быў чалавеказабо́йцам ад пача́тку і не ўстая́ў у íсціне, таму што няма íсціны ў ім; калі ён ілжэ́, то сваё гаворыць, бо ён ілгу́н і айцец ілжы́;
Ваш айцец д’ябал, і вы хочаце выконваць жаданні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойцам ад пачатку і не выстаяў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён хлусіць, кажа ад сябе, бо ён ілгун і бацька хлусні.
а паколькі Я íсціну гавару, то не ве́рыце Мне;
А паколькі Я кажу праўду, не верыце Мне.
хто з вас вы́крые Мяне ў няпра́ўдзе? калі ж Я ісціну гавару, чаму вы не верыце Мне?
Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі кажу праўду, чаму не верыце Мне?
хто ад Бога, той словы Божыя слу́хае; вы таму не слу́хаеце, што вы не ад Бога.
Хто ад Бога, той слухае Божыя словы. Вы не слухаеце, бо вы не ад Бога».
Адказа́лі на гэта Іудзеі і сказалі Яму: хіба́ не пра́вільна мы кажам, што Ты Самаранíн і дэман у Табе?
Тады юдэі сказалі Яму ў адказ: «Ці мы не маем рацыі, што Ты самаранін і апанаваны злым духам?»
Адказаў Іісус: ува Мне дэмана няма, але Я шану́ю Айца Майго, а вы зневажа́еце Мяне;
Езус адказаў: «Я не апанаваны злым духам, а шаную Айца Майго, вы ж зневажаеце Мяне.
Я ж не шука́ю сла́вы Сваёй; ёсць Той, Хто шука́е і су́дзіць;
Я не шукаю сваёй славы. Ёсць той, хто яе шукае і хто судзіць.
праўду, праўду кажу вам: хто захава́е слова Маё, той не ўбачыць смерці даве́ку.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці ніколі».
Тады сказалі Яму Іудзеі: цяпер даве́даліся мы, што ў Табе дэман: Аўраа́м памёр і прарокі, а Ты кажаш: «хто захава́е слова Маё, той не спазна́е смерці даве́ку»;
Тады юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: “Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці”.
няўжо Ты бо́льшы за айца нашага Аўраа́ма, які памёр? і прарокі паме́рлі; каго Ты з Сябе робіш?
Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі! Кім Ты сябе робіш?»
Адказаў Іісус: калі Я праслаўля́ю Сам Сябе, то слава Мая нішто; ёсць Айцец Мой, Які праслаўля́е Мяне, Той, пра Каго вы гаво́рыце, што Ён Бог ваш;
Езус адказаў: «Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: “Ён — наш Бог!”
і вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго; і калі Я скажу, што не знаю Яго, то буду падо́бны да вас ілгун; але Я знаю Яго і захо́ўваю слова Яго;
Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я буду ілгуном, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова.
Аўраа́м, айцец ваш, ра́ды быў, што ўба́чыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзра́даваўся.
Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
На гэта сказалі Яму Іудзеі: Табе няма яшчэ пяцíдзесяці гадоў, і Ты бачыў Аўраама?
На гэта юдэі сказалі Яму: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
Сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: перш чым быў Аўраам, Я ёсць.
Езус сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць».
Тады ўзялí яны камянí, каб кíнуць у Яго, але Іісус знік і вы́йшаў з храма, прайшо́ўшы між імі; і пайшо́ў так.
Тады яны схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.