Адкрыцьцё 20 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І я ўбачыў Ангела, спускаючыся зь Неба, які меў ключ ад бяздоньня і ланцуг вялікі ў руцэ сваёй.
 
І ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў ключ ад бездані і ланцуг вялікі ў руцэ сваёй.

І ён схапіў дракона, зьмея старадаўнага, які ёсьць д’ябал і шатан, і зьвязаў яго на тысячу гадоў,
 
І ён меў уладу над цмокам, зьмеем старадаўным, які ёсьць д’ябал і шата́н, і зьвязаў яго на тысячу гадоў,

і кінуў яго ў бяздоньне і замкнуў яго і запячатаваў над ім, каб болей ня зблуджаў народы, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; і пасьля гэтага належыць яго вызваліць на малы час.
 
і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і запячатаў зьверху, каб не падманваў больш народы, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; і пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на малы час.

І я ўбачыў пасады, і паселі на іх, і суд быў да́дзены ім, і душы сьцятых за сьведчаньне Ісуса і за Слова Бога, і каторыя ня пакланіліся зьверу, ні абразу ягонаму, і ня прынялі кляймо на лоб свой і на руку сваю. І яны ажылí і валадарылі са Хрыстом тысячу гадоў.
 
І ўбачыў я пасады, і сядзелі на іх, і быў ім дадзены суд, і ду́шы сьцятых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зьверу і вобразу ягонаму, і не атрымалі пазнакі на лоб свой і на руку сваю. І яны ажылі, і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў.

Але астатнія зь мёртвых ня ажылí, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта — уваскрасеньне першае.
 
А рэшта мёртвых не ажыла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта — уваскрасеньне першае.

Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае ўдзел ва ўваскрасеньні першым: над гэтымі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.
 
Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае частку ў першым уваскрасеньні; над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.

І калі міне́цца тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан ізь вязніцы сваёй
 
І калі скончыцца тысяча гадоў, будзе разьвязаны шата́н з вязьніцы сваёй

ды выйдзе заблуджаць народы, што на чатырох краёх зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на вайну, лік якіх, як пясок мора.
 
і выйдзе падманваць народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба іх — як пясок марскі.

І ўзыйшлі яны на абсяг зямлі, і акружылі стан сьвятых і места любаснае. І зыйшоў ад Бога агонь зь неба і зжэр іх;
 
І яны ўзыйшлі на шырыню зямлі, і атачылі табар сьвятых і горад улюбёны, і зыйшоў ад Бога з неба агонь, і зжор іх.

а д’ябал, які заблуджаў іх, укінуты ў возера агню і серкі, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць мучаны ўдзень і ўначы ў вяках вякоў.
 
І д’ябал, які падманваў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе зьвер і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзень і ўначы на вякі вякоў.

І ўбачыў я вялікі белы Пасад і Сядзяшчага на ім, ад Аблічча Каторага ўцякла зямля і неба, і ня знойдзена было ім мейсца.
 
І ўбачыў я вялікі белы пасад і Таго, Які сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцяклі зямля і неба, і не знайшлося месца для іх.

І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам; і скруткі былі разгорнуты, і іншы скрутак быў разгорнуты, які ёсьць (скрутак) жыцьця; і суджаны былі мёртвыя па напісанаму ў скрутках па ўчынках сваіх.
 
І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам. І былі разгорнутыя кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, якая ёсьць [кніга] жыцьця, і былі суджаныя мёртвыя паводле напісанага ў кнігах, паводле справаў сваіх.

Тады мора аддало мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, што былі ў іх; і суджаны былі кожны па ўчынках сваіх.
 
І аддала мора мёртвых, што ў ім, і сьмерць ды пекла аддалі мёртвых, што ў іх; і быў суджаны кожны паводле справаў сваіх.

І сьмерць і пекла кінуты ў возера агню. Гэта ёсьць сьмерць другая.
 
А сьмерць і пекла кінутыя ў возера агню. Гэта — другая сьмерць.

І калі хто ня быў знойдзены ў скрутку жыцьця запісаным, быў укінуты ў возера агню.
 
І калі хто ня быў знойдзены запісаным у кнізе жыцьця, той быў кінуты ў возера агню.