Адкрыцьцё 22 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выцякае ад Пасаду Бога і Ягняка.
І паказаў ён мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выходзіла з пасаду Бога і Ягняці.
Пасярэдзіне вуліцы ягонай і ракі з аднога і другога боку, дрэва жыцьця, якое прыносіць плады дванаццаць (разоў у год), якое кожны ўсякі месяц дае плод свой; і лісты дрэва — для ўзгадаваньня народаў.
На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі — дрэва жыцьця, якое дае плады дванаццаць разоў, даючы на кожны месяц ягоны плод; і лісьце дрэва — дзеля аздараўленьня народаў.
І ніякага пракляцьця ўжо ня будзе; але Пасад Бога і Ягняка́ ў ім будзе, і рабы Ягоныя будуць служыць Яму.
І ня будзе ўжо нічога выклятага. І пасад Бога і Ягняці будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму.
І яны ўбачаць Аблічча Ягонае, і Імя Ягонае на ілбах іхных (будзе).
І яны ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае — на ілбах іхніх.
І ночы там ня будзе; і ня маюць патрэбы ў сьветачу і ў сьвятле сонца, таму што Госпад Бог асьвятляе іх; і будуць валадарыць у вяках вякоў.
І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ў сьветачы і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх, і будуць валадарыць на вякі вякоў.
І сказаў мне: словы гэтыя верныя і праўдзівыя; і Госпад, Бог сьвятых прарокаў паслаў Ангела Свайго паказаць рабам Сваім, што мае стацца ў хуткім часе.
І сказаў мне: «Словы гэтыя верныя і праўдзівыя. І Госпад, Бог сьвятых прарокаў, паслаў анёла Свайго паказаць слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве.
Вось, прыходжу хутка: шчасьлівы, хто трымаецца слоў прароцтва скрутка гэтага.
Вось, прыходжу хутка. Шчасьлівы той, які захоўвае словы прароцтва кнігі гэтае».
І я, Яан, які бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў і ўбачыў, упаў, каб пакланіцца да ног Ангела, які паказаў мне гэтае,
І я, Ян, бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў і ўбачыў, я ўпаў пакланіцца перад нагамі анёла, які паказваў мне гэта.
І ён гаворыць мне: глядзі, ня (рабі гэтага), бо я суслужнік твой і братоў тваіх, прарокаў, і тых, што трымаюцца слоў скрутка гэтага; Богу пакланіся.
І ён кажа мне: «Глядзі, не [рабі гэтага], бо я — таварыш твой і братоў тваіх, прарокаў, і тых, якія захоўваюць словы кнігі гэтае. Богу пакланіся».
І кажа мне: ня запячатавай словы прароцтва скрутка гэтага, таму што час блізкі.
І кажа мне: «Не запячатывай словы прароцтва кнігі гэтае, бо час блізкі.
Нясправядлівы хай творыць яшчэ нясправядлівасьць, і нячысты хай нячысьціцца яшчэ, але справядлівы хай чыніць справядлівасьць яшчэ, і сьвяты хай асьвячаецца яшчэ.
Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і брудны няхай яшчэ брудзіцца, і праведны няхай яшчэ чы́ніць праведнасьць, і сьвяты няхай яшчэ асьвячаецца.
І вось прыходжу хутка, і адплата Мая са Мною, (каб) адплаціць кожнаму, якім будзе чын ягоны.
І вось, Я прыходжу хутка, і нагарода Мая са Мною, каб аддаць кожнаму [паводле таго], якія будуць справы ягоныя.
Я ёсьць Альфа і Омэга, Пачатак і Канец, Першы і Апошні.
Я — Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, Першы і Апошні.
Шчасьлівыя тыя, хто выконвае прыказаньні Ягоныя, каб мець ім права на дрэва жыцьця і ўвайсьці ў места праз брамы.
Шчасьлівыя тыя, якія выконваюць прыказаньні Ягоныя, каб была ўлада ў іх на дрэва жыцьця, і каб увайсьці праз брамы ў горад.
А звонку сабакі і чарадзеі, і блудадзеі, і забойцы, і балванаслужкі, і кожны, хто любіць і чыніць няпраўду.
А вонках — сабакі і чараўнікі, і распусьнікі, і забойцы, і ідалапаклоньнікі, і ўсе, якія любяць і чыняць падман.
Я, Ісус, паслаў Ангела Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я ёсьць Корань і Нашчадак Давіда, Зорка сьветлая і ранішняя.
Я, Ісус, паслаў анёла Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я — корань і род Давідавы, зорка сьветлая і ранішняя».
І Дух і маладая кажуць: Прыйдзі! І хто чуе, хай скажа: Прыйдзі! І хто прагне, хай прыйдзе, і хто жадае, хай бярэ ваду жыцьця да́рма.
І Дух, і нявеста кажуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І той, хто смагне, няхай прыходзіць, і той, хто хоча, няхай бярэ ваду жыцьця дарма.
Бо я сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва скрутка гэтага: калі хто дадасьць (што-небудзь) да іх, то Бог накладзе на яго плягі, якія напісаны ў скрутку гэтым.
Бо я сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто дакладзе [нешта] да гэтага, Бог ускладзе на яго пля́гі, напісаныя ў кнізе гэтай;
І калі хто адыме із слоў скрутка прароцтва гэтага, то Бог адыме ўдзел ягоны із скрутка жыцьця і із места сьвятога, і із тых, што напісаны ў скрутку гэтым.
і калі хто забярэ нешта ад словаў кнігі прароцтва гэтага, Бог забярэ ў яго частку ягоную з кнігі жыцьця, і з гораду сьвятога, і з таго, што напісанае ў кнізе гэтай.
Той, хто сьведчыць гэта, кажа: так, прыходжу хутка! Амін. Так, прыходзь, Госпадзе Ісусе!
Той, Які засьведчыў гэта, кажа: «Так, прыходжу хутка!» Амэн. Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе!
Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста са ўсімі вамі. Амін.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.