Адкрыцьцё 22 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
І паказаў мне [чыстую] раку вады жыцця, светлую, як крышталь, што выходзіла ад трона Бога і Агнеца.
І паказаў ён мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выходзіла з пасаду Бога і Ягняці.
Пасярэдзіне яго вуліцы, і па гэты, і па той бок ракі — дрэва жыцця, якое родзіць дванаццаць разоў, штомесяц дае свой плод, а лісце дрэва для вылечвання народаў.
На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі — дрэва жыцьця, якое дае плады дванаццаць разоў, даючы на кожны месяц ягоны плод; і лісьце дрэва — дзеля аздараўленьня народаў.
І ўжо не будзе ніякага пракляцця. І будзе ў ім трон Бога і Агнеца, і Яго слугі будуць служыць Яму,
І ня будзе ўжо нічога выклятага. І пасад Бога і Ягняці будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму.
будуць бачыць Яго аблічча, і Яго імя будзе на іх ілбах.
І яны ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае — на ілбах іхніх.
І ночы ўжо не будзе, і не маюць яны патрэбы ў святле светача і ў святле сонца, таму што Госпад Бог будзе свяціць на іх, і яны будуць валадарыць векі вечныя.
І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ў сьветачы і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх, і будуць валадарыць на вякі вякоў.
І ён сказаў мне: Гэтыя словы верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў43 прарокаў, паслаў Свайго Анёла паказаць Сваім слугам, што павінна адбыцца неўзабаве.
І сказаў мне: «Словы гэтыя верныя і праўдзівыя. І Госпад, Бог сьвятых прарокаў, паслаў анёла Свайго паказаць слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве.
І вось, Я прыходжу хутка. Шчаслівы той, хто трымаецца слоў прароцтва гэтай кнігі.
Вось, прыходжу хутка. Шчасьлівы той, які захоўвае словы прароцтва кнігі гэтае».
І я, Іаан, той, хто чуе і бачыць гэта. І калі я пачуў і ўбачыў, я ўпаў, каб пакланіцца да ног Анёла, які паказваў мне гэта.
І я, Ян, бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў і ўбачыў, я ўпаў пакланіцца перад нагамі анёла, які паказваў мне гэта.
І ён кажа мне: Глядзі, не рабі гэтага: я — слуга разам з табою і тваімі братамі — прарокамі і тымі, хто выконвае словы гэтай кнігі. Богу пакланіся.
І ён кажа мне: «Глядзі, не [рабі гэтага], бо я — таварыш твой і братоў тваіх, прарокаў, і тых, якія захоўваюць словы кнігі гэтае. Богу пакланіся».
І ён кажа мне: Не кладзі пячаткі на словы прароцтва гэтай кнігі, бо час блізкі.
І кажа мне: «Не запячатывай словы прароцтва кнігі гэтае, бо час блізкі.
Несправядлівы хай яшчэ робіць няпраўду, і нячысты хай яшчэ нячысціцца, але справядлівы няхай і далей робіць праўду, і святы няхай больш асвячаецца.
Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і брудны няхай яшчэ брудзіцца, і праведны няхай яшчэ чы́ніць праведнасьць, і сьвяты няхай яшчэ асьвячаецца.
Вось, Я прыходжу хутка, і Мая плата са Мною, каб даць кожнаму паводле таго, якая яго работа.
І вось, Я прыходжу хутка, і нагарода Мая са Мною, каб аддаць кожнаму [паводле таго], якія будуць справы ягоныя.
Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
Я — Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, Першы і Апошні.
Шчаслівыя тыя, хто абмывае свае шаты44, каб мець ім права на дрэва жыцця і ўвайсці праз брамы ў горад.
Шчасьлівыя тыя, якія выконваюць прыказаньні Ягоныя, каб была ўлада ў іх на дрэва жыцьця, і каб увайсьці праз брамы ў горад.
А звонку — сабакі, і чарадзеі, і распуснікі, і забойцы, і ідаласлужкі, і ўсе тыя, хто любіць і чыніць няпраўду.
А вонках — сабакі і чараўнікі, і распусьнікі, і забойцы, і ідалапаклоньнікі, і ўсе, якія любяць і чыняць падман.
Я, Ісус, паслаў Майго Анёла, каб засведчыць вам гэта ў цэрквах. Я — корань і атожылак Давідаў, зорка светлая, ранішняя.
Я, Ісус, паслаў анёла Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я — корань і род Давідавы, зорка сьветлая і ранішняя».
І Дух і маладая кажуць: Прыйдзі! — І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто сасмяглы, няхай прыходзіць; хто хоча, няхай задарма бярэ ваду жыцця.
І Дух, і нявеста кажуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І той, хто смагне, няхай прыходзіць, і той, хто хоча, няхай бярэ ваду жыцьця дарма.
[І] я сведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто дадасць нешта да іх, на таго накладзе Бог напасці, якія запісаны ў гэтай кнізе,
Бо я сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто дакладзе [нешта] да гэтага, Бог ускладзе на яго пля́гі, напісаныя ў кнізе гэтай;
і калі хто адыме ад слоў кнігі гэтага прароцтва, адыме Бог яго долю ад дрэва жыцця45 і ад святога горада, пра якія напісана ў гэтай кнізе.
і калі хто забярэ нешта ад словаў кнігі прароцтва гэтага, Бог забярэ ў яго частку ягоную з кнігі жыцьця, і з гораду сьвятога, і з таго, што напісанае ў кнізе гэтай.
Сведка гэтага кажа: Так, прыходжу хутка. — Амін, [так] прыйдзі, Госпадзе Ісусе!
Той, Які засьведчыў гэта, кажа: «Так, прыходжу хутка!» Амэн. Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе!
Ласка Госпада [нашага] Ісуса [Хрыста] няхай будзе з усімі [вамі. Амін].
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.