Адкрыцьцё 6 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І я ўбачыў, як Агнец зняў першую з сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істот, якая казала быццам голасам грому: Прыйдзі [і глядзі]!
 
І ўбачыў я, што Ягня адчыніў адну з пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывёлаў, якая казала быццам голасам грымотным: «Прыйдзі і глядзі».

І я ўбачыў: і вось белы конь, і той, хто сядзіць на ім, мае лук; і быў дадзены яму вянок, і ён выйшаў, перамагаючы і каб перамагчы.
 
І я ўбачыў, і вось, конь белы, і вершнік на ім, які мае лук; і дадзены яму вянок, і ён выйшаў, перамагаючы, і каб перамагчы.

І калі Ён зняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту, якая казала: Прыйдзі [і глядзі]!
 
І калі Ён адчыніў другую пячатку, я пачуў другую жывёлу, якая казала: «Прыйдзі і глядзі».

І выйшаў іншы агніста-чырвоны конь, і таму, хто сядзеў на ім, было дадзена ўзяць мір з зямлі і каб людзі забівалі адзін аднаго, і быў дадзены яму вялікі меч.
 
І выйшаў іншы конь, чырвоны, і вершніку на ім дадзена забраць супакой з зямлі, і каб адны адных забівалі; і дадзены яму меч вялікі.

І, калі Ён зняў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: Прыйдзі [і глядзі]! — І я ўбачыў: і вось, чорны конь, і той, хто сядзіць на ім, мае вагу ў сваёй руцэ.
 
І калі Ён адчыніў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывёлу, якая казала: «Прыйдзі і глядзі». І я ўбачыў, і вось, конь чорны, і вершнік на ім, які меў шалі ў руцэ сваёй.

І я пачуў як бы голас пасярэдзіне чатырох жывых істотаў, які казаў: Хінікс11 пшаніцы за дынарый12, і тры хініксы ячменю за дынарый; а алею і віну не рабі шкоды.
 
І пачуў я голас пасярод чатырох жывёлаў, які казаў: «Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і алівы і віна не марнуй».

І, калі Ён зняў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай істоты, якая казала: Прыйдзі [і глядзі]!
 
І калі Ён адчыніў чацьвёртую пячатку, я пачуў голас чацьвёртае жывёлы, які казаў: «Прыйдзі і глядзі».

І я ўбачыў: і вось бледны конь, і таму, хто сядзеў на ім, імя смерць; і пекла з13 ім ішло ўслед, і была дадзена ім14 улада над чвэрцю зямлі, каб забіваць мячом, і голадам, і смерцю, і зямнымі звярамі.
 
І я ўбачыў, і вось, конь бляды, і вершнік на ім, імя якому — Сьмерць, і пекла ідзе за ім; і дадзена ім улада забіваць на чацьвёртай частцы зямлі мячом, і голадам, і сьмерцю, і зьвярамі зямнымі.

І, калі Ён зняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое яны мелі.
 
І калі Ён адчыніў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам ду́шы забітых за Слова Божае і за сьведчаньне, якое яны мелі.

І яны закрычалі гучным голасам, кажучы: Дакуль, Уладыка Святы і Праўдзівы, Ты не будзеш судзіць і помсціць за нашу кроў тым, хто жыве на зямлі?
 
І закрычалі яны голасам вялікім, кажучы: «Дакуль, Уладару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня помсьціш за кроў нашу жыхарам зямлі?»

І дадзены былі кожнаму з іх белыя шаты, і было сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на кароткі час, пакуль іх саўдзельнікі і іх браты, якія павінны быць забітыя, як і яны, дапоўняць іх лік.
 
І былі дадзены кожнаму вопраткі белыя, і сказалі ім, каб супакоіліся яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць [лік] таварышы іхнія і браты іхнія, што маюць быць забітыя, як і яны.

І я ўбачыў, калі Ён зняў шостую пячатку: і адбыўся вялікі землятрус, і сонца зрабілася чорнае, як валасяніца, і ўвесь месяц зрабіўся, як кроў,
 
І ўбачыў я, калі Ён адчыніў шостую пячатку, і вось, стаўся вялікі землятрус, і сонца сталася чорным, як мех валасяны, і месяц стаўся, як кроў,

і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як фігавае дрэва, трасучыся ад вялікага ветру, скідвае свае недаспелыя фігі;
 
і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як дрэва фігавае, устрасанае вялікім ветрам, скідае недасьпелыя фігі свае,

і неба адышло, быццам звілося ў скрутак, і кожная гара і востраў былі зрушаны са сваіх месцаў.
 
і неба зьнікла, як скручваецца кніга, і кожная гара і востраў былі зрушаны з месцаў сваіх.

І зямныя цары, і вяльможы, і тысячаначальнікі, і багатыя, і моцныя, і кожны раб, і вольны схаваліся ў пячоры і ў скалы гор:
 
І валадары зямныя, і магнаты, і багатыры, і тысячнікі, і магутныя, і кожны слуга, і кожны свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах,

і яны кажуць гарам і скалам: Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Агнеца,
 
і кажуць горам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці,

бо прыйшоў вялікі дзень Іх15 гневу, і хто можа выстаяць?
 
бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто зможа ўстаяць?»