1 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Бо вы самі ведаеце, браты, аб уваходзе нашым да вас, што ён быў ня дарэмны;
Вы самі ве́даеце, браты, аб нашым уваходзе да вас, што ён быў не дарэмны;
але і раней нацярпеўшыся гора і зьняваг, як вы ведаеце, у Піліппах, мы адважыліся ў Богу нашым раска́заваць вам Эвангельле Бога зь вялікай барацьбой.
але, памучыўшыся пе́рш, зьнява́жаныя, як вы ве́даеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым казаці вам Эвангельле Божае з вялікай барацьбой.
Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстасьці, ні хітрыні;
Бо пацяшэньне нашае не з абмылкі, ані з нячыстасьці, ані ў хітраваньні,
але паколькі мы былі выпрабаваны Богам, і нам даверана Эвангельле, таму і гаворым, ня як бы людзям дагаджаючы, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.
але, як мы выбраны ад Бога, каб нам было даве́рана Эвангельле, дык мы і гаворым, не як дагаджаючы людзям, але Богу, што дазнае́ сэрцы нашыя.
І мы ніколі ня былі ў вас зь лісьлівым словам, як вы ведаеце, ані з думкай аб карысьці, Бог — сьведка!,
Бо ніколі ня было ў нас ласьлівых слоў, як ве́даеце, ані думкі аб карысьці: Бог сьве́дка!
і ня шукаючы славы ад людзей: ні ад вас, ні ад другіх, хоць мы і маглі прадставіцца з важнасьцю, як Апосталы Хрыста,
Ня шукаем мы славы ані ад людзе́й, ані ад вас, ані ад другіх, маючы магчымасьць быць у паважаньні, як Хрыстовыя Апосталы.
але мы былі сярод вас лагоднымі, як карміцелька, якая клапоціцца аб дзетках сваіх.
Але былі мы ціхія сярод вас; як карміцелька грэе дзетак сваіх,
Так і мы, маючы такія пачу́цьці да вас, пажадалі перадаць вам ня толькі Эвангельле Бога, але і душы нашыя, таму што вы сталіся нам любаснымі.
гэтак мы, рунячыся аб вас, пажадалі аддаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі.
Дык помніце, браты, працу нашую і зьнямажэньне: працуючы дзень і ноч, каб ня абцяжарыць каго-небудзь з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Бога.
Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і ўтому: робячы ўначы і ўдзе́нь, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае.
Вы сьведкі і Бог, як сьвята і праведна і бяздакорна перад вамі, веручымі, мы паступалі,
Сьве́дкі вы і Бог, як сьвята і справядліва і беззаганна паступалі мы з вамі, ве́руючымі;
так як вы ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, суцяшаючы і ўзмацняючы мы панукалі вас,
бо вы ве́даеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяце́й сваіх,
каб вы паступалі годна Богу, Які прыклікаў вас у Сваё Валадарства і Славу.
пацяшалі вас і пераконывалі і сьве́дчылі, каб вы паступалі дастойна Бога, які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
Таму і мы дзякуем Богу нясупынна за тое, што, прыняўшы слова пачутае ад нас, Слова Бога, вы прынялі (Яго) ня як слова чалавечае, але як Яно ёсьць у сапраўднасьці, як Слова Бога, Якое і дзейнічае ў вас, веручых.
Дзеля гэтага і мы нясупынна дзякуем, што вы, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, прынялі яго не як слова чалаве́чае, а (як яно ёсьць папраўдзе,) слова Божае, якое і дзе́ець у вас, ве́руючых.
Бо вы, браты, сталіся насьлядоўцамі цэркваў Бога, у Хрысьце Ісусе, якія знаходзяцца ў Юдэі, таму што і вы перацярпелі ад сваіх суайчыньнікаў тое самае, што і тыя ад жыдоў
Бо вы, браты, сталіся пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце́ Ісусе, бо і вы таксама цярпе́лі ад сваіх зямлякоў, як і тыя ад Юдэяў,
якія і Госпада Ісуса забілі, і прарокаў сваіх (пазабівалі), якія і нас перасьледавалі, і Богу ня дагаджаюць, і ўсім людзям супрацівяцца,
якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім людзям супраціўныя,
якія і нам забараняюць абвяшчаць (Эвангельле) паганам, каб яны былі збаўлены, так што заўсёды дапаўняюць свае грахі; але гнеў Божы дасягнуў іх нарэшце цалкам.
якія не даюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя спасьліся, каб выпаўніліся грахі іх усягды; але дасягнуў іх наканец гне́ў.
Мы ж, браты, будучы разлучаны з вамі на кароткі час абліччам а ня сэрцам, зь вялікім жаданьнем прагнулі ўбачыць ваша аблічча.
Мы-ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, тым больш стараліся ўгле́дзіць аблічча вашае,
Таму мы і памыкаліся прыйсьці да вас — я, Павал, — і адзін раз, і другі раз, але перашкодзіў нам шатан.
Дзеля гэтага хаце́лі мы прыйсьці да вас, — я, Паўла, і раз, і два, — але перашкодзіў нам шатан.
Бо хто ёсьць наша надзея ці радасьць, ці вянок пахвалы? Ці ж ня вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у Ягонае прышэсьце?
Бо якая наша надзе́я, ці радасьць, ці вяне́ц пахвалы? Ці й ня вы-ж перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыход Яго?
Бо вы ёсьць слава нашая і радасьць.
Бо вы — слава нашая і радасьць.